“...Лета” традыцыйна падводзіць вынікі сезона: у яго аба-

вязкова ўключаюцца прэм’еры, пастаўленыя за апошні час. Традыцыйным складнікам фестывалю сталі фінальны гала-канцэрт і ўдзел замежных зорак у некаторых нашых спектаклях, уключаючы “Лебядзінае возера”, наяўнасць якога ў афішы таксама становіцца дадатковай традыцыяй. Сёлетніх асаблівасцей было дзве. Першая — прыезд Хані Хасана з Егіпта, ды не толькі з фрагментам “Карсара”, але і ў абліччы Спартака. Між іншым, у харэаграфіі нашага Валянціна Елізар’ева, які некалькі гадоў таму ставіў гэты балет у Каіры.

Другой асаблівасцю фэсту стала вяртанне гасцявога спектакля. Ды яшчэ якога! Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны тэатр балета Барыса Эйфмана прывёз сваю нядаўнюю прэм’еру — “Эфект Пігмаліёна”, увасоблены ў 2019-м і праз год намінаваны адразу на чатыры “Залатыя маскі”.

Праўда, гэтую расійскую прэмію спектакль так і не атрымаў: мабыць, вырашылі, што калектыву хопіць ранейшых узнагарод. Дый спаборнічалі з ім больш звыклыя класічна-неакласічныя балеты. А гэты — не падпарадкоўваецца ніякім жанрава-стылёвым схемам.

У ім гарманічна суіснуе ўсё магчымае — і немагчымае таксама. Па кантрасце супрацьпастаўлены шалёныя вулічныя танцы гарадскіх трушчоб — і выкшталцоныя бальныя, прычым конкурснага ўзроўню. Элементы неакласікі, contemporary, асобных побытавых рухаў, выразнай пантамімы, клаўнады, гімнастыкі, акрабатыкі, фігурнага катання, народнага і характарнага танцаў, нават язды на гіраскутары — усё зліта ў пластычна непадзельную ёмістасць, абмежаваную хіба двухпавярховай сцэнічнай “скрыняй”, дый тое адносна. Бо празрысты заднік, што падзяляе прастору на дзве часткі (сцэнаграфія “былога нашага” Зіновія Марголіна), раз-пораз падсвятляецца, утвараючы і “тэатр ценяў”, і паралельнае дзеянне ў двух розных сусветах. Вялікую ролю адыгрывае тэатральнае святло, перафарбоўваючы настрой асобных сцэн і ствараючы дадатковыя эфекты.

А як эфектна выглядаюць абсалютна ўсе героі! Колькі ў балеце гумару! Прычым вырашанага менавіта пластыкай, а не сітуацыямі “камедыі становішчаў”, у якія трапляюць персанажы. Якая знітаванасць, адладжанасць тэхнікі, нязвыклай для балетнага мастацтва. Неверагодная ансамблевасць, ды яшчэ ў вельмі хуткім тэмпе, калі на адзінку часу прыпадае безліч найважнейшых пластычных падзей і найскладанейшых “кульбітаў”. Тут і вокам усё не паспяваеш ухапіць, а выканаць, дый так бездакорна, — няўжо магчыма?

У адным са спектакляў Галу танцавала “былая наша” Любоў Андрэева: гэта было на мяжы рэальнасці і самай крутой фантастыкі. Справа не толькі ў адшліфаванай тэхніцы, але і ў акцёрскім майстэрстве, якому маглі б пазайздросціць лепшыя зоркі тэатра-кіно. Пераўвасабленне дзяўчынкі-падлетка з хлапчуковымі манерамі ў лэдзі, раз’юшаную жанчыну, танц-кібера, шчырую лірычную закаханую — гэта немагчыма проста “адлюстраваць”: мы пражываем тыя змены разам з гераіняй.

Ды ўсё ж галоўным “эфектам” спектакля становіцца мастацка-псіхалагічная загадка, вынесеная ў яго назву і адначасова схаваная ў ёй (невыпадкова ж бацьку гераіні клічуць па-дэтэктыўнаму — Холмсам). У такіх спасылках бачыцца постмадэрнісцкі ўхіл. Праграмка дае тлумачэнне назвы спектакля — псіхалагічнага тэрміна, што азначае дасягненне мэты, калі ў чалавека хтосьці верыць. Астатнія “зашыфраванасці” пакінутыя гледачам.

Ім замала згадаць міф пра Пігмаліёна, закаханага ў сваё скульптурнае стварэнне Галатэі. Бо куды большае ўздзеянне на сюжэт аказалі п’еса Б.Шоу і зроблены паводле яе мюзікл Ф.Лоу, дзе гераіня сфармулявала шчырае жаданне: “Я танцаваць хачу!” (І гэтая яе мара ўпершыню здзейснілася ў тэлебалеце Дзмітрыя Бранцава з яго ідэяй не лінгвістычнага, а танцавальнага навучання сучаснай Папялушкі — Кацярыны Максімавай.)

Гэтак жа замала паверыць, што балет, як паўсюль пазначана, — на музыку І.Штраўса-сына. Бо там ёсць і кампазіцыі яго малодшага брата Ёзафа, і, у фінале, павольная другая частка 23-га Фартэпіяннага канцэрта Моцарта (калісьці менавіта гэтая шчымлівая мелодыя была скарыстаная ў самых пранікнёных момантах балета “Папялушка” з музыкай нашага Алега Хадоскі і харэаграфіяй “былога нашага” Раду Паклітару).

Усе рэцэнзенты ў свой час заўважылі, што Ліён, як клічуць у Эйфмана чэмпіёна па бальных танцах, — гэта другая частка імя міфалагічнага героя. Але ўпартая Гала і скандальная Тэя, былая партнёрка Ліёна, — таксама складнікі праекта Galatea (а менавіта гэтая назва красуе ў балеце на шыльдзе залы, дзе ладзяцца конкурсныя прагляды). А вось Трэнер, дзякуючы якому Гала перамагае, так і застаецца безназоўным. І раптам гісторыя паварочваецца іншым бокам. Балет аказваецца не столькі пра першае дзявочае каханне без адказу ці пра сацыяльную бездань між героямі, колькі пра лёс мастака. Пра сам творчы працэс, дзе патрэбныя не муштра, што робіць з чалавека механічную ляльку, а найперш натхненне і воля — у абодвух сэнсах гэтага слова. Так што балет атрымаўся аўтабіяграфічным. Для ўсіх яго ўдзельнікаў і гледачоў.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Паўла СУШЧОНКА