Дыялог з часам, сумоўе з гледачом

Апублiкавана: 25 студзеня 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: ВАСІЛЕЎСКІ Пётра

У Нацыянальным мастацкім музеі прайшла выстава гродзенскага мастака Мікалая Бандарчука "Дыялог з часам", прымеркаваная да 70-годдзя жывапісца.

Персаналія для творцы — цяжкая справа. Здавалася, узяў тое, што гадамі ў майстэрні пыл збірае і займае рабочую прастору, звёз у выставачную залу, развесіў па сценах — і чакай сабе вернісажу. Аднак не… Я асабіста ведаю мастакоў, якія, зарабіўшы шматгадовай творчай працай права на, так бы мовіць, "сольны канцэрт" і маючы магчымасць гэтую акцыю здзейсніць, ад такога гонару адмаўляліся. Хтосьці ўсё жыццё "спяваў у хоры", браў удзел выключна ў групавых выставах, утульна адчуваў сябе толькі ў шэрагу, яго палохае перспектыва апынуцца перад аўдыторыяй сам-насам у гордай, але небяспечнай самоце. А хтосьці, азірнуўшыся на зробленае, робіць выснову, што яму няма чаго сказаць грамадзе. Не надта часта, аднак здараецца, што мастакі ад персанальнай выставы адмаўляюцца.

 

Мяркую, да Мікалая Бандарчука такія думкі нават не прыходзілі. Ягоныя творы ўпрыгожваюць музейныя зборы і прыватныя калекцыі на радзіме і за мяжою. Яго паважаюць калегі і любяць вучні. Спадар Мікалай спалучае творчую працу з выкладчыцкай. Яму ёсць што сказаць грамадзе. Больш за тое, як сапраўдны мастак, ён зацікаўлены мець сумоўе з гледачом, разумеючы такое сумоўе як неадменны складнік творчага працэсу. Большасць творчай экспазіцыі — краявіды. Часцей за ўсё майстар звяртаецца да вобразаў беларускай прыроды, але здольны адчуць душою "замежную" прыгажосць. Я бяру гэтае слова ў двукоссі, бо ў маім разуменні патрыёт раней ці пазней мусіць прыйсці да думкі, што Сусвет адзіны і непадзельны, і, шануючы канкрэтыку радзімы, успрымаць як сваё ўсю прастору жыцця, ігнаруючы умоўныя рысы дзяржаўных межаў. 

Некаторыя карціны датычаць лёсавызначальных падзей нашай нацыянальнай гісторыі, без якой, дарэчы, была б няпоўнаю гісторыя чалавецтва. Я маю на ўвазе Вялікую Айчынную ў кантэксце Другой сусветнай, дзе Беларусь адыграла выключную, дагэтуль многімі не ўсвядомленую ролю. Адным са сваіх галоўных, у пэўным сэнсе праграмных твораў Мікалай Бандарчук лічыць карціну 1984 года з выявай разбуранага бетоннага ДОТа, вакол якога за сорак пасляваенных гадоў разрасліся дрэвы. І тое, што калісьці сутнасцю і вонкавым выглядам было агрэсіяй супраць жывой прыроды, стала часткай гэтай самай прыроды. Вечнае жыццё падпарадкавала смерць. На вернісажы спадар Мікалай распавядаў, што, узяўшы замову на гэтую карціну для выставы ў гонар юбілею Вызвалення, ён доўга, на працягу цэлага года, не мог распачаць працу. У сэнсе, падысці да палатна і пачаць маляваць. Пры тым, што ў мроях бачыў яе ва ўсіх дэталях, яна яму нават снілася. А потым намаляваў ці ні за адзін дзень. Містыка? Не. Творчасць…

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ