"Гуляем разам" - Надзея Цвяткова пра акцёрскі шлях і працу з дзецьмі

Апублiкавана: 25 студзеня 2023 Стужка Тэатры Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: ВАСІЛЕВІЧ Анастасія

Надзея Цвяткова  — актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якая плённа працуе не толькі на сцэне, але і з дзецьмі. Сёлета ў тэатры распачаўся дзіцячы праект "Гуляем разам". Мы пагутарылі з Надзеяй пра творчую лабараторыю, прафесійны лёс і рэжысёраў.

— Ці марылі вы з дзяцінства патрапіць у тэатр? 

— З дзяцінства я не марыла аб тэатры. Я вырасла ў Барысаўскім раёне, у вёсцы, у сям‘і нас было трое. Час цяжкі — не да гурткоў ці чагосьці такога. Праўда, у школе па суботах я арганізоўвала канцэрты, а яшчэ любіла страляць. Не палохайцеся, проста ў дзяўчынак былі заняткі па шыццю, гатаванню ежы. А хлопчыкі ездзілі на трактарах і праходзілі ваенную падрыхтоўку. Я напрасілася з імі, мы хадзілі ў лес на заняткі. Вінтоўкі, дарэчы, былі сапраўдныя — здаецца дагэтуль дзіўным. Ужо ў дзявятым класе я задумалася аб паступленні, хацелася рабіць нешта творчае, але тады ж не было інтэрнэту. А мой тата па адукацыі музыкант, нейкі час быў дырэктарам у сельскім клубе, добра граў на баяне — яго запрашалі па ўсіх вёсках на вяселлі, увесь час да яго далучалася. Вось ён і распавёў мне, што ёсць Інстытут культуры (зараз Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. — Заўв. рэд.). А калі я паехала ў Барысаў, сустрэла там маладога выкладчыка Аляксандра, ён мне расказаў пра акадэмію мастацтваў. 

Мама была супраць творчых прафесій, хацела, каб я стала эканамістам-бухгалтарам. З-за гэтага ў Барысаў на тэатральныя курсы ездзіла таемна — там мне давалі кнігі па рэжысуры, тэатральныя часопісы. Калі прыйшоў час паступаць, мяне падтрымала старэйшая сястра. Я адправіла дакументы ў педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, як хацела маці, і ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Туды я прайшла на платнае, і было вырашана паспрабаваць пайсці на набор у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, тады курс па "рэжысуры тэатра" набіраў Валерый Анісенка. Я паспела за дзве ночы падрыхтаваць рэжысёрскую эксплікацыю. Выбрала п‘есу Ніны Садур "Ехай" — мне падабалася ўсё такое дзіўнае, сучаснае. Ды і я была дзіўненькая, пухленькая, было бачна, што з вёскі: шчырая, адкрытая. (Усміхаецца.) Мабыць, гэта і зацікавіла камісію. Так і паступіла. 

— Як пасля ўніверсітэта вы патрапілі ў тэатр? 

— У нас былі вельмі моцныя педагогі, напрыклад, Аляксандр Бутакоў, Ілля Курган. Валерый Данілавіч Анісенка прывёў на свой курс вельмі добры выкладчыцкі склад, які практычна не адрозніваўся ад складу акадэміі мастацтваў. Прафесіянальна падрыхтоўкі нам хапала. А потым Сяргей Кавальчык прапанаваў паўдзельнічаць у масоўцы ягонага спектакля "Папялушка", затым запрасілі ў яшчэ адну масоўку — так і закруцілася. Я не ездзіла дадому, начамі рэпеціравала, на выходных падзарабляла роставай лялькай у заапарку — даводзілася шукаць падпрацоўку, каб сябе пракарміць. І калі было размеркаванне, я патрапіла ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, дзе працаваў Анісенка. Праўда, не як акторка, а як памочнік рэжысёра. Мой першы спектакль — "Каласы пад сярпом тваім" па Уладзіміру Караткевічу, там я сумяшчала і акцёрскую працу, і працу памрэжа. 

"Адамавы жарты" у РТБД, у ролі Марысі.

 

— Вы сябе ўяўляеце яшчэ недзе акрамя тэатра? 

— Я сябе больш нідзе не ўяўляю. Толькі ў тэатры я магу быць дзіўнай, дзіўна думаць. У мяне цяжкі характар, я вельмі скрытная, і толькі на сцэне магу сябе праяўляць. Ну і важна, што практычна ўсе людзі, якія працуюць у тэатры, прымаюць цябе такой, якая ты ёсць. Не важна, прыгожая ты, страшная, тоўстая, худая — так не ацэньваюць, тэатр існуе па іншых законах. Тут цікавыя нутро, душа, сэрца. 

— Якая ў вас любімая роля? 

— У тэатры я каля пятнаццаці гадоў, і мой тэатральны шлях можна падзяліць на тры этапы: студэнцтва і потым дзве пяцігодкі ў РТБД. Гэтыя перыяды звязаны з рознымі мастацкімі кіраўнікамі, якія вызначалі стыль тэатра. Пры гэтым я два разы станавілася мамай — гэта моцна ўплывае на працу. Але заўсёды буду памятаць спектакль «Сонечка» паводле Фёдара Дастаеўскага ў пастаноўцы Валерыя Анісенкі. Я грала Сонечку, і рэпетыцыі адбываліся жудасна складана, пошук доўжыўся як быццам бясконца. Не забуду гэты спектакль яшчэ і таму, што дагэтуль думаю: Сонечка — не мая роля. Цяпер разумею, што грала з заціскам, а акторка з заціскам — гэта, мякка кажучы, не вельмі. (Усміхаецца.) і Дастаеўскі не мой аўтар. За тыдзень да паказаў спектакля я ўжо не магла ні есці, ні піць, ні спаць. Пасля паказу яшчэ тыдзень адчувала сябе ментальна дрэнна. Нягледзячы на тое, што мы вазілі спектакль на гастролі, яго нават хвалілі крытыкі — я разумела, што мая акцёрская праца зроблена не вельмі добра. Праўда, падчас рэпетыцый у нас памянялася чатыры Раскольнікавы, відаць, не адной мне было складана. А так я люблю ўсе ролі, нават эпізадычныя — гэта ж так цікава прыдумляць нейкія дэталі для другарадных гераінь. 

— З якім рэжысёрам вам камфортней за ўсё было працаваць? 

— З Валерыем Анісенкам, напрыклад, працаваць было складана. (Смяецца.) Ён, як цэлая планета, існуе ў вечным пошуку, і ты разам з ім. Цяпер яму ўдзячная: я прарабіла шмат унутранай акцёрскай працы, шмат чаму навучылася. Калі выйшла з першага дэкрэта, патрапіла ў спектакль "Дзед" да Дзяніса Паршына паводле п‘есы Вячаслава Паніна. Я давярала рэжысёру, але нават плакала на рэпетыцыях. У мяне была роля Лены, сцервознай жанчыны. Дзяніс крычаў: "Мне патрэбна моц, моц! Ты не маленькая беленькая, забудзься, ты злая, ты жорсткая". І ў яго атрымалася з мяне гэта дастаць, роля склалася. Я вельмі паважаю, калі рэжысёры могуць убачыць у табе тое, што ты сама не заўважаеш. Напрыклад, Аляксандр Фёдаравіч Гарцуеў заўсёды выводзіў мяне на пазіцыі рагатушак — ад гэтага таксама стамляешся. 

— Ці ёсць у вас роля, пра якую марыце? 

— Я мару аб Чэхаве. Да дзірак зачытала "Тры сястры". Шматлікія рэжысёры і выкладчыкі спрачаліся са мной, што я не чэхаўская. А я вось хачу сыграць ролю Машы, ведаю, што я чэхаўская. Чаму Маша? Мне здаецца, яна самая прагматычная і скрытная, менш за ўсіх марыць. Я б зрабіла яе моцнай, валявой, нават уразрэз з Чэхавым. 

— Вы сказалі, што дэкрэт паўплываў на прафесію. Як гэта — быць актрысай і мамай адначасова? 

— З першым дзіцем было складана. Пакідаць яго бабулям я не магла, так склалася, таму дапамагалі няньчыць нават супрацоўніцы касцюмернага цэха — вельмі ім удзячная. Але галоўная праблема ў тым, што, калі я сыходзіла з тэатра, мастацкім кіраўніком быў Валерый Анісенка. Я была задзейнічана практычна ва ўсім рэпертуары. А пакуль была ў дэкрэце, мастацкі кіраўнік памяняўся — так здараецца. Муж тады яшчэ працаваў у тэатры, прыязджаў дадому з палаючымі вачыма — яны рэпеціравалі "Гамлета". Я плакала па тэатры, вельмі хацелася працаваць. Рэпертуар памяняўся, у новыя спектаклі мяне не бралі, пакуль я была ў дэкрэце. Таму прыйшлося асобна пагаварыць з Аляксандрам Фёдаравічам, паступова мяне сталі ўводзіць у спектаклі. Але было складана, нібы твой тэатр жыве без цябе. А другое дзіця нарадзілася тры гады таму, на гэты раз атрымалася спакайней усё ўспрымаць. Я разумею, што тэатр змяніўся. Новыя рэжысёры ставяць новыя п‘есы, шукаюць новую рэжысёрскую мову, на нейкія ролі патрэбны новыя актрысы. Больш за тое, я ўсё часцей адчуваю, што гэта не мае ролі. 

— Як вы пачалі працаваць з дзецьмі? 

— У інстытуце мы праходзілі практыку як выкладчыкі спецыяльных дысцыплін, а потым я падзарабляла заняткамі з дзецьмі. Калі маё першае дзіця вырасла, я пачала паціху даведвацца, як ідуць справы з тэатральным выкладаннем для дзяцей у Мінску. Цяпер у мяне студыя, я прыдумляю практыкаванні, гульні, мы з дзецьмі актыўна чытаем уголас. Насамрэч усё перасякаецца з трэнінгамі для дарослых артыстаў. Не вельмі люблю называць тое, што я раблю, "выкладаннем". Больш карэктна сказаць, што я займаюся з дзецьмі тэатральным мастацтвам на базе тэатра. Часам мы чытаем вершы, знаходзім сэнс, задаём шмат пытанняў. Я прымушаю дзяцей чытаць, прымушаю іх думаць, прымушаю адчуваць цела. Мне вельмі цікавы ўзрост ад шасці да дзесяці гадоў, хаця часам займаюся са старэйшымі групамі. Цяпер час інтэрнэту, Цік-Току, мне гэта не падабаецца. Можа, я ўвогуле не сучасная. (Усміхаецца.) Важна, каб дзеці чыталі на беларускай, каб яна не была для іх замежнай мовай. Імкнуся вадзіць дзяцей па музеях, пасля мы "ажыўляем" карціны. Сёлета праводжу сустрэчы на базе РТБД. 

"Залатое сэрцайка" у РТБД, у ролі Кураняці.

— Шэсць—дзесяць гадоў — гэта адзін з самых складаных узростаў. Вам лёгка знайсці з дзецьмі агульную мову? 

— Мяне гэта не палохае. Мне хапае цярплівасці і трываласці. Я не буду псіхаваць — увогуле ўсім акцёрам уласцівая вынослівасць. У гэтым узросце дзеці адкрыты свету, яны вельмі вераць табе, вераць у тое, што ты ім гаворыш. Скажаш скакаць — яны скачуць і не пытаюцца навошта. Пры гэтым іх погляд на свет дапамагае пашырыць і тваю оптыку. З падлеткамі мне таксама лёгка, але яны ўспрымаюць свет з прэтэнзіяй. Спачатку трэба залезці ім у душу. Не залезеш — нічога не дастанеш. А ў дзяцей усе эмоцыі на паверхні, іх рэакцыя для мяне — энергетычны матор. Падлеткаў трэба доўга ўгаворваць. Я часта чую "я не хачу гэта рабіць", "якое нуднае практыкаванне". Вядома, маленькія дзеці могуць такое сказаць, больш за тое, яны яшчэ часам крычаць, але затое ўсе рэакцыі больш шчырыя. 

— Як вы вырашылі стварыць праект "Гуляем разам"? 

— Аднойчы я ехала ў метро і ўбачыла там шмат дзяцей. Адразу задумалася: "Канікулы, але што яны ўсё робяць у метро, куды едуць?". Аказалася, яны ехалі ў суседні тэатр. Так і прыйшла ідэя весці дзяцей не на спектаклі, а прапанаваць ім паіграць у тэатр. Я правяла гульнявыя заняткі з дзецьмі, прайшло выдатна, мы гулялі ў рэжысёра, акцёраў, драматурга. Стала зразумела, што трэба рабіць з гэтага паўнавартасны праект. У нас няма прымусу. Вядома, план сустрэч ёсць, але я ўсё карэкцірую ў залежнасці ад стану дзяцей. Часам бачыш іх і разумееш, што сёння нічым сур‘ёзным займацца не трэба, а часам — наадварот. Не атрымліваецца адно — атрымліваецца іншае. Важна ўмець адаптавацца. 

— Як праходзяць сустрэчы? 

— Першы месяц я называю "армейскім рэжымам". Мы вучымся сябраваць, вучымся правілам паводзін у тэатры, тэрміны вучым, у нас ёсць свае дэвізы, ну і граем, вядома. Вучым скорагаворкі на рускай і беларускай, праводзім гульні на каардынацыю, увагу. Часам нехта хоча штосьці зрабіць ці сказаць, але саромеецца. Адна дзяўчынка назірае, але баіцца. Усёй групай угаворваем, жартуем, падтрымліваем. І праз гадзіну яна ўжо актыўна ўключаецца ў працэс. Вядома, трэба цярпенне. Далей будзем браць тэкставы матэрыял, абмяркоўваць дэкарацыі, маляваць, прыдумляць. Плануецца, што гэты праект будзе рэалізаваны разам з цэхамі тэатра, напрыклад, бутафорскім. 

— Як вы думаеце, чаму расце колькасць дзіцячых праектаў? 

— Я таксама заўважыла, што разнастайных тэатральных студый стала шмат. Але для мяне гэта ўнутранае запатрабаванне: я аддаю энергію дзецям, яны ўдзячныя, становіцца бачным мастацкі вынік. Дзеці актыўна ўключаюцца ў працэс, адбываецца сапраўдны тэатр. Мы ведаем, што нават студэнты зараз у тэатры ходзяць з пераадоленнем, у музеях па выходных таксама пуста. Што казаць пра дзяцей! Дарэчы, шмат камерцыйных школ, але на базе тэатра такіх праектаў няма. А менавіта яны могуць дапамагчы прывабіць студэнтаў тэатральных ВНУ, прафесійных акцёраў. Бо насамрэч дастаткова шмат акцёраў і рэжысёраў, якія хочуць рэалізоўвацца як выкладчыкі, куратары. Мяркую, што пры тэатрах павінны існаваць студыі, курсы — як для дзяцей, так і для дарослых. Так можна і новую трупу выгадаваць, і гледача прывабіць. 

— Дзе вы знаходзіце сілы на тое, каб не стамляцца? 

— Часам пытаю сама сябе: "Калі ты, Надзя, ужо стомішся?" Але пакуль я магу стаміцца толькі ад самой сябе, калі не працую. Мне ўвесь час трэба кудысьці бегчы, нешта рабіць, развівацца. Гэта ўсё пра энергаабмен.

Анастасія ВАСІЛЕВІЧ