Аксіёма любові: адна на ўсіх

IV Міжнародны фестывальконкурс “Арт-парад у Віцебску” праходзіў 4—6 студзеня. У намінацыі “Харэаграфія” пераможцамі сталі ўдзельнікі Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Народны тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі” дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры «Віцебск»”. Дуэт Анастасіі Рашкевіч і Сяргея Навуменкава здолеў заваяваць Гранпры. Маладыя танцоры падзяліліся сакрэтамі тайм-менеджменту, магіяй contemporary і цудоўнай сілай партнёрства. 

ТАНЦУЮЦЬ УСЕ! 

Калі Сяргею было дзевяць гадоў, бацькі прывялі яго ў танцавальны гурток “Зорька”. Хлопчык рос рознабаковай асобай, цікавіўся не толькі мастацтвам, але і хуткаснай радыётэлеграфіяй, вывучаў азбуку Морзэ. Аднак да харэаграфіі прывязаўся мацней. Герой прызнаецца: 

— У тэатры-студыі сучаснай харэаграфіі, якім кіруе Дзіяна Міхайлаўна Юрчанка, я з 2015-га: будучы выхадцам з “Зорьки”, атрымаў прывілею — паступіў без экзамену. Пайшоў 16-ы год, як я танцую, хобі перарасло ў нешта большае. 

І хаця Сяргей працуе ў сферы будаўніцтва, паралельна вучыцца на інжынерапраграміста ва ўніверсітэце імя П. М. Машэрава, любімую студыю не пакідае. 

Анастасія таксама пачала захапляцца танцамі ў дзяцінстве і была ўпэўненая, што працягне вывучаць харэаграфію ў ВНУ: 

— Нават думкі не ўзнікала, што магу звязаць жыццё з нечым іншым! 

Аднак Анастасія занятая ў IT. Праўда, і сцэну не пакідае. Ці сцэна не адпускае дзяўчыну? 

ПАКУТАВАЦЬ НЕ АБАВЯЗКОВА 

Летась студыі споўнілася 20. У калектыве ёсць розныя ўзроставыя групы. Дзіяна Юрчанка займаецца са старэйшай — ад 18 да 31 года. Але не таму, што кіраваць дарослымі — складаней, у сталых людзей няма бясспрэчных аўтарытэтаў, яны могуць не згаджацца з выкладчыкам. Дзіяна Міхайлаўна развейвае гэты міф і раскрывае псіхалагічныя тонкасці: 

— Харэаграфія — рэч сур’ёзная. За дзвярыма класа студыйцы — самастойныя людзі, але ўнутры кабінета — я для іх настаўнік. І хай узнікаюць дыскусіі, мае дарослыя выхаванцы заўсёды поўныя ўзаемнай павагі, нацэленыя на паляпшэнне нумара. 

Тэатр-студыя працуе ў стылі contemporary, аднак абавязковымі для вывучэння з’яўляюцца асновы класічнага танца, кантактнай імправізацыі, акцёрскага майстэрства. 

— Чаму канцэнтруемся на сучасным напрамку? — задумваецца Сяргей. — Дзякуючы contemporary, я магу данесці да любога чалавека — няважна, на якой мове ён гаворыць, — свае эмоцыі і сэнсы. 

— Сучасны танец больш універсальны інструмент, чым класічны ці народны, — згаджаецца з партнёрам Анастасія. — Гэты кірунак не спыняецца на фізічных магчымасцях, на механічным паўтарэнні рухаў. Ідэя, закладзеная стваральнікамі і выканаўцамі, з’яўляецца вядучай. 

Дзіяна Міхайлаўна прывівае вучням незвычайны падыход, заклікае разбураць стэрэатыпы: 

— У contemporary не абавязкова пакутаваць, хоць многія чамусьці думаюць, што гэты стыль заўсёды драма. Такое можа быць, аднак для мяне сучасная харэаграфія — хутчэй спроба зразумець жыццё ў розных яго аспектах. 

КАНКУРЭНЦЫІ НЕ БАІМСЯ! 

Тэатр-студыя выступае на фестывалі-конкурсе “Артпарад у Віцебску” ў другі раз. І ў другі раз заваёўвае Гранпры. Каб канкурэнты маглі заявіць пра сябе, калектыў спецыяльна прапусціў год пасля першай перамогі. 

— Гэта выглядала б несумленна ў адносінах да іншых канкурсантаў. Ды і нам было б не зусім цікава падымацца на тую ж вяршыню, — абгрунтоўвае нестандартны ўчынак Дзіяна Міхайлаўна. 

Затое сёлета на гала-канцэрт прайшло адразу два нумары ад студыі. Першы — харэаграфічная мініяцюра “Выснова” — пастаўленая педагогам Марынай Бобрыкавай. Танец адлюстроўвае складаны разумовы працэс, выканаўцы спрабуюць разабрацца, як нараджаецца думка, як прымаецца рашэнне і як робіцца выбар. Гэта глыбокая філасофская праца, што закранае экзістэнцыяльныя пытанні. 

Для нумара “Песня разам” створаны дуэт Анастасіі і Сяргея, якія папоўнілі скарбонку дасягненняў студыі яшчэ адной узнагародай. 

Для нашых герояў танец — гэта хобі, якое робіць рэчаіснасць больш напоўненай і шчаслівай. Выступленне на конкурсе грунтоўней з’яднала іх — і на сцэне здарыўся цуд.

Галоўным прызам “Артпарада ў Віцебску” лічыцца сертыфікат на ўдзел у “Славянскім базары”, але прадстаўнікі студыі і без таго былі заяўленыя ў якасці выступоўцаў. Калектыў зноў праявіў да сапернікаў высакароднасць і падарыў магчымасць бліснуць на XXXII Міжнародным фестывалі мастацтваў у Віцебску ўзорнаму ансамблю танца “Натхненне”. 

ПЕСНЯ РАЗАМ 

Ідэя пераможнай пастаноўкі з’явілася год таму і практычна адразу была ажыццёўленая. У працэс стварэння кіраўнік уцягнула дуэт. 

— Дзіяна Міхайлаўна выкарыстала розныя падыходы. Часам цалкам “хвалявала малюнак”, а часам давала нам самім прыдумаць “васьмёрку”, — распавядае Анастасія. 

— Першапачаткова нумар называўся “Аксіёма любові”, — дзеліцца сакрэтамі творчай кухні Сяргей, — але мы штосьці пастаянна ўдасканальваем. Папраўляем, дадаём новыя рухі, відазмяняем старыя. Можна сказаць, праца яшчэ не скончана. 

Калегі-студыйцы віншуюць Сяргея Навуменкава і Анастасію Рашкевіч (у жоўтым)

“Песня разам” — гэта дынамічнае, хоць і невялікае па хронаметражы выступленне. Чым больш танцоры працуюць над ім, тым вальней пачынаюць сябе адчуваць. 

— Музыка нібыта запавольваецца, — тлумачыць Анастасія, — і мы за той жа час становімся здольныя паказаць крышачку больш. 

Ідэя заключана ў назве, дзе галоўнае слова — “разам”. 

— Усё простае, — разважае Дзіяна Міхайлаўна, — заўсёды больш складанае, чым выглядае, і бывае цяжка зразумець, наколькі важна заставацца побач адзін з адным. Служыць падтрымкай. Любіць. На сцэне не мужчына і жанчына. Проста два чалавекі. Дзве жывыя істоты. Можа, нават два каты, — смяецца харэограф, — гэта не галоўнае. Галоўнае, што яны разам. 

Непрафесіяналу нумар можа падацца не занадта складаным па тэхніцы выканання. Аднак за лёгкасцю і плаўнасцю рухаў крыецца тытанічная праца: не толькі фізічная, але і эмацыйная. 

ЭФЕКТ ЗБЛІЖЭННЯ

Партнёрства, якое сфарміравалася год таму, дазваляе танцорам дуэта падтрымліваць адзін аднаго, разам пераадольваць цяжкасці, бо абодва жывуць па шчыльным графіку. Праз яго нават не змаглі ацаніць канкурэнтаў на фестывалі, атрымаць асалоду ад адчування свята, якое суправаджае кожную падобную імпрэзу. 

— Я ледзь паспеў дабегчы з працы і разагрэцца, як прыйшлося выходзіць на сцэну, — дзеліцца Сяргей. 

А між іншым, танцор павінен пакінуць за кулісамі эмоцыі, што не тычацца нумара. Выканаўцу трэба сфакусавацца на тым, каб распавесці гледачу харэаграфічную гісторыю. 

— 18 гадоў танцую, але кожны раз хвалююся, — паціскае плячыма Анастасія. — І ўсё ж, калі ўпэўнены ў партнёру на 100 %, прасцей. Я ведала, што мы справімся. 

Хлопец і дзяўчына прыйшлі ў студыю амаль адначасова, і паміж імі заўсёды былі цёплыя адносіны. 

— Рэпетыцыі яшчэ больш згуртавалі нас, ператварылі ў сапраўдных сяброў, — усміхаецца Сяргей. 

Для нашых герояў танец — гэта хобі, якое робіць рэчаіснасць больш напоўненай і шчаслівай. Выступленне на конкурсе грунтоўней з’яднала іх — і на сцэне здарыўся цуд. “Разам” спрацавала — нарадзілася штосьці цэльнае. І якой бы непрадказальнай ні выдалася будучыня, Анастасія і Сяргей упэўненыя, што ўспаміны пра сумесныя рэпетыцыі, выпрабаванні і перамогі застануцца ў душы на ўсё жыццё. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ