Ⅲ

“Культуры” — 35: святкуем разам! Частка трынаццатая

Апублiкавана: 09 кастрычнiка 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Газетная справа

Аўтар: Данііл ПІЎКАРЭЦ

(Частка дванаццатая — па гэтай спасылцы)

2024—2026. КРОК У БУДУЧЫНЮ

Медыярынак дыктаваў новыя патрабаванні да ведамасных выданняў. Рэдакцыя “Культуры” ўзяла курс на мадэрнізацыю працэсаў і запуск маштабных праектаў. У выніку газета займела свежае аблічча, захаваўшы высокі статус галоўнага інфармацыйнага рэсурсу Міністэрства культуры.

У 2024-м пабачыў свет праект “Векапомнае праз кінакадр”, прысвечаны 100-годдзю беларускага кінематографа і 80-годдзю вызвалення краіны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Так, выйшаў шэраг тэкстаў аб айчынных стужках, што ўвабралі ўвесь трагізм ліхалецця і адлюстравалі гераізм нашых продкаў. Ініцыятыва была ўшанавана “Залатой ліцерай” — ужо чацвёртай у скарбонцы штотыднёвіка.

Таксама на старонках газеты з’явілася спецыяльная рубрыка “80 мірных гадоў” у гонар знакавага юбілею. Журналісты знаёмілі чытачоў з маштабнымі выставамі, імпрэзамі і акцыямі, якія ладзіліся па ўсёй краіне.

Адметнае месца на палосах займалі гістарычныя нарысы і кранальныя інтэрв’ю з ветэранамі — жывымі сведкамі вайны і фашысцскіх злачынстваў. Публікацыі сталі ўнёскам у захаванне памяці аб гераічным мінулым, заклікалі нанова асэнсаваць каштоўнасць міру.

Праектная дзейнасць рэдакцыі набірала абароты. Сярод найбольш важнага — інтэрактыўная выстава “За дзень наступны ўсяе зямлі”, створаная сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. Задума нарадзілася на скрыжаванні мастацтва і лічбавых тэхналогій: з дапамогай QR-кодаў карціны літаральна “ажываюць” на экранах смартфонаў. Экспазіцыя выклікала цікавасць шырокай публікі, неаднаразова была прэзентавана на буйных рэспубліканскіх пляцоўках.

Ключавая ініцыятыва 2026-га — цыкл “У галоўнай ролі — жанчына”. У межах рубрыкі ўжо выйшлі дзясяткі матэрыялаў пра выдатных беларусак — прадстаўніц сферы культуры. Фінальным акордам праекта стане фотавыстава з партрэтамі жанчын, якія ўпрыгожвалі вокладку выдання на працягу года.

Але час рухаецца далей. Культурнае жыццё краіны віруе яркімі падзеямі. Адбываюцца прэм’еры спектакляў, ладзяцца выставы, грымяць фестывалі. І газета — у самым цэнтры гэтага бурлівага працэсу.

Упэўнены, наперадзе — шмат захапляльных адкрыццяў, якімі мы абавязкова падзелімся з вамі. Заставайцеся з “Культурай”, будзе карысна і цікава!

Данііл ПІЎКАРЭЦ

MAX TikTok