Ⅲ

“Я ў «Культуры», «Культура» ўва мне”: супрацоўнікі ўстановы — да юбілею выдання

Апублiкавана: 10 кастрычнiка 2026 Стужка Афіцыйна Мінск Газетная справа

Аўтар: Аўтары

Супрацоўнікі РВУ "Культура і мастацтва" працягваюць дзяліцца думкамі пра культуру і "Культуру".

 

Галіна Маліноўская

Галіна Маліноўская, адказны сакратар:

— Адказны сакратар газеты “Культура” — гэта не пасада, а лад майго жыцця, атмасфера, што атачае кожны дзень. І ў першую чаргу для мяне гэта гукі. Музыка, якая ствараецца з шолаху старонак, стра­ катання клавіятуры, галасоў герояў, журналістаў, рэдактараў… Люблю “Культуру” за яе шматгалоссе.

Працаваць у “Культуры” — значыць быць перакладчыкам. Штодня бяру на сябе адказнасць расшыфраваць тыя ідэі, якія хочуць данесці чытачу карэспандэнты, перакласці іх словы ў маляўнічую форму.

Наша газета нібы мост паміж мінулым, на якое можам апірацца, і будучыняй, якую ствараем. З гэтага моста з радасцю назіраю, наколькі шырокая і багатая плынь нашай культуры!

Але ёсць і іншае. Культура ўва мне — гэта пастаянны дыялог. Калі макетую чарговую старонку, то не проста расстаўляю тэкст і малюнкі. Я прапускаю ўсё праз сябе. У галаве спрачаюцца формы, колеры, вобразы.

У рэдакцыі я ў стане вечнага вучня, дзе няма мяжы дасканаласці. Таму праца — не толькі маё хобі. Гэта мой працяг. Мой спосаб стварыць нешта прыгожае, зрабіць свой маленькі ўнёсак у агульную культуру. І пакуль шукаю новыя ідэі і афармляю палосы, яна віруе ўва мне. У маіх думках, у маім стаўленні да кожнага матэрыялу і да кожнага героя.

Мы з калегамі не проста захоўваем культуру. Мы — гэта яна. Я ў культуры. Культура ўва мне.

 

Антон Рудак

Антон Рудак, аглядальнік:

— Працаваць у “Культуры” пачаў у 2018 годзе і, як гісторык па адукацыі, займаюся перадусім тэмай аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Я абсалютны гуманітарый, мяне заўжды цікавіла мінуўшчына, і ў сям’і такую цікаўнасць віталі ды заахвочвалі.

Не чужое мне і выяўленчае мастацтва: у дзяцінстве падабалася маляваць, нават наведваў студыю, ды і са школьнымі настаўнікамі ў гэтай сферы дужа пашчасціла. Прытым бацькі з маленства выхоўвалі любоў да родных мовы і традыцый.

Так склалася, што і журналістыка даўно мне блізкая, бо яшчэ падлеткам стаў публікавацца і ў школьнай газеце, і ў больш сур’ёзных выданнях. Пасаду аглядальніка ў нашым штотыднёвіку пры падобных схільнасцях можна назваць ідэальным варыянтам.

Я люблю вандраваць па гістарычных кутках і знаёміцца з архітэктурнымі помнікамі, наведваць музеі і сустракацца з новымі людзьмі з гэтай галіны — а наша справа акурат у тым і палягае. Мяркую, даволі складана знайсці іншае месца, дзе вам дазволяць у працоўны час хадзіць па выставах і атрымліваць асалоду ад мастацтва. Ды і ладную частку замкаў, палацаў, аб вандроўках па якіх я марыў у дзяцінстве, мне ўдалося пабачыць менавіта дзякуючы рэдакцыйным камандзіроўкам.

Прыемна ўсведамляць, што мы, як сродак масавай інфармацыі, таксама фарміруем густы грамадства, звяртаючы ўвагу аўдыторыі на самыя значныя выставачныя праекты, выдатныя прыклады рэстаўрацыі помнікаў і найлепшых адмыслоўцаў у музейнай справе, у сферы аховы спадчыны.

 

Аліна Пяхота

Аліна Пяхота, прыбіральшчыца:

— Культура — яна не толькі ў высокіх словах. Яна ў парадку. Калі кнігі і паперы раскіданыя, паўсюль пыл — дзе тут натхненне? А калі ўсё чыста і свежа — тады і нараджаюцца ідэі. Я не пішу артыкулы, але ствараю прастору, дзе іх можна пісаць. Назіраю за рэдактарамі, журналістамі, фатографамі. Яны спешныя, нервовыя, а вочы гараць! І калі яны паспяваюць на бягу сказаць мне “дзякуй” — я ўжо з задавальненнем працягваю свой дзень. Мы адно без аднаго? Ды не. “Культура” — гэта ўсе мы. І той, хто піша, і той, хто здымае, і той, хто прыбірае. Мы разам робім свет прыгажэйшым. І гэта галоўнае.

MAX TikTok