Ⅲ

Кропелька вялікай працы

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджана Ларыса Довят — загадчыца Мірскага сельскага Дома культуры на Баранавіччыне, кіраўніца заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага тэатра эстрады “Капелька”. Ад сямі маленькіх дзяўчынак да сотні выканаўцаў на сцэне — за гэтым шляхам звыш 30 гадоў працы і няўхільная вера ў тое, што неталенавітых дзяцей не бывае.

 

НА ГРАМАДСКІХ ПАЧАТКАХ

Заснавальніца і нязменная кіраўніца калектыву Ларыса Довят пераехала ў Беларусь з Расіі ў 1990-х. У пасёлку Мір Баранавіцкага раёна наша гераіня ўладкавалася выкладчыцай у музычную школу, а пазней трапіла ў сельскі Дом культуры. Менавіта тут узнікла ідэя стварыць дзіцячы вакальны гурток.

— Я была маладая, амбіцыйная. Узялася за справу на грамадскіх пачатках. Дзяцей прыйшло ўсяго сем — маленькія дзяўчынкі. Паступова займаліся, а калі афармлялі аб’яднанне па інтарэсах, задумаліся пра назву. Доўга разважала: “Яны такія маленькія, іх так няшмат, зусім кропелька”. Вось як у 1994-м і нарадзілася суполка.

Адразу назва адпавядала памерам гуртка, але неўзабаве ён пачаў расці. Праз чатыры гады ўжо рыхтаваўся стаць узорным, а ў 2015-м атрымаў статус “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

 

НЕТАЛЕНАВІТЫХ НЯМА

Сёння ў “Капельке” больш за 100 чалавек ад 4 да 18 гадоў. Аднак для Ларысы Юр’еўны колькасць удзельнікаў не галоўнае — важна, каб кожны мог раскрыцца на сцэне.

— Маё жыццёвае і творчае крэда — неталенавітых дзяцей не бывае. Таму пасля праслухоўвання бяром усіх, кожнаму даём шанц. Далей выхаванец сам вырашае, ці хоча працягваць заняткі, ці сапраўды яму блізкая сцэна. Нярэдка прыходзяць цэлымі сем’ямі. Спачатку працуем з адным дзіцем, пасля далучаецца другое, а часам і трэцяе. Многія прыязджаюць з іншых месцаў: Жамчужнага, Зорнага, Дзятлава, Баранавічаў. Для сельскага Дома культуры такая геаграфія — асобны паказчык.

Асноўны кірунак “Капельки” — вакальны. У рэпертуары — сусветныя хіты, беларускія, у тым ліку стылізаваныя, народныя песні, дзіцячая эстрада, джаз. Ёсць і спробы сінтэзу розных музычных стыляў. Але словы “тэатр эстрады” ў назве невыпадковыя.

— Да нас прыходзяць вельмі маленькія, таму адразу працуем пераважна над рытмам, тэхнікай маўлення. Але хочацца, каб было цікава. Я заўсёды адчувала цягу да стварэння тэатра. Таму паступіла на рэжысуру ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і паспяхова яго скончыла. Так у нумарах з’явіліся і канферанс, і акцёрская ігра, і харэаграфія. Усё гэта злілося ў адзіную прастору.

 

У КОЖНАГА — СВАЁ МЕСЦА

Для розных узроставых груп прадуманы розныя методыкі заняткаў.

— Вынік будзе тады, калі ёсць парадак. Мы не школа і не студыя, але стараемся рухацца сістэмна: трэнінгі, праца над рэпертуарам, зводныя рэпетыцыі. Трэба, каб ніхто не заставаўся ў цені, — тлумачыць Ларыса Довят. Кожнаму шыюць касцюм, у кожнага — свая вешалка з подпісам. На першы погляд — дробязь. А насамрэч — знак, што маленькі артыст сапраўды важны для агульнай справы.

Тут разам святкуюць дні нараджэння, ладзяць навагоднія праекты з інтэрактывам. Арганізоўваюць дадатковыя сустрэчы — дзеці гуляюць, фатаграфуюцца, здымаюць кліпы. Так фарміруецца асяроддзе, у якім творчасць становіцца часткай штодзённага жыцця.

— Заўсёды кажу хлопчыкам і дзяўчынкам: “Вы — мае сілы, маё паветра”. Натхненне чэрпаю менавіта ў іх. Нешта ўбачыш, пачуеш, дзеці нешта прапануюць — і з усяго гэтага пачынаюць вымалёўвацца новыя ідэі.

 

ШКОЛА ЖЫЦЦЯ

Салісты тэатра неаднаразова выступалі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра на рэспубліканскіх музычных спаборніцтвах, з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам імя М.Я. Фінберга. Штогод прадстаўнікі калектыву ўдзельнічаюць у адборачных турах дзіцячага конкурсу ў рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. “Капелька” — лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2022), лаўрэат фестывалю Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных” (2025).

З сёлетняй паездкі ў Грузію артысты прывезлі пяць гран-пры міжнароднага конкурсу-фестывалю “Залатое руно” — па адным у кожнай намінацыі. Тэатр далучаецца і да тэлевізійных праектаў, сярод якіх “Фактар.by. Дзеці”. Пераможцай першага сезона стала выхаванка калектыву Улада Табола.

— Ніколі не забараняю: “Вось гэты зараз удзельнічае, а гэты — не”. Калі ёсць жаданне — няхай спрабуюць, робяць памылкі, набіваюць свае гузакі. Бо не заўсёды ты будзеш самым моцным, самым яркім. Знойдзецца ярчэйшы, мацнейшы, больш таленавіты. Але гэтую школу трэба прайсці. Таму калі пачынаюцца кастынгі, абвяшчаюць конкурсы — заяўляемся на ўсе.

 

ПАВЕРЫЦЬ У СЯБЕ

Сярод вучняў Ларысы Юр’еўны — пяць чалавек, адзначаных прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Выхаванцы паступаюць у музычныя ўстановы адукацыі, на акцёрскія і рэжысёрскія факультэты. Некаторыя пасля вяртаюцца ў родны раён ужо як маладыя спецыялісты.

— Цяпер мая каманда — чатыры педагогі. Побач са мной тры дзяўчыны — мае вучаніцы. Гэта вельмі каштоўна.

За гады працы Ларысу Довят не раз запрашалі пераехаць у сталіцу ці ў Брэст. Ёй нават гатовы былі выдзеліць жыллё. Аднак наша гераіня засталася ў Міры.

— Аднойчы дарослая выпускніца, якая больш за 10 гадоў занята ў творчай сферы, напісала зусім коратка, але тыя словы ўбіліся ў памяць назаўсёды: “Дзякуй вам за тое, што вы робіце нас шчаслівымі”. Мяне вельмі моцна трымаюць гэтыя дзеці. Я не магу іх падмануць.

“Няма нічога немагчымага — проста павер у сябе”. Вось галоўны закон “Капельки”. Ларыса Юр’еўна перадае такую думку кожнаму новаму пакаленню выхаванцаў. А яны, вырастаючы, нясуць яе далей — на сцэну, у прафесію, у жыццё.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву

MAX TikTok