Ⅲ

Больш чым прафесія

Дзень настаўніка — нагода шчыра падзякаваць педагогам за іх высакародную працу. Сярод тых, хто запальвае новыя зоркі на творчым небасхіле, — выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа, аднаго з вядучых цэнтраў падрыхтоўкі мастакоў і дызайнераў. Аб вернасці прафесіі, кіраўніцкім досведзе і паўсядзённым жыцці калектыву распавяла дырэктар установы Алена Зейбек.

 

— Алена Талімонаўна, як складвалася ваша кар’ера?

— Мой шлях быў прадвызначаны з дзяцінства. З ранніх гадоў я шмат малявала — нават на ўроках! Таму пасля школы адправілася ў Гомельскае вучылішча народных мастацкіх промыслаў, цяпер гэта Дзяржаўны каледж дызайну і камп’ютарнай графікі. Абставіны далейшага жыцця ўнеслі свае карэктывы: наступныя гады прайшлі ў пераездах па ўсім Савецкім Саюзе ўслед за мужам-вайскоўцам.

Калі мы вярнуліся на Радзіму, пэўны час я працавала ў майстэрні — ткала габелены. Гэтая справа прыносіла задавальненне — і ўзнікла патрэба ў прафесійным росце. Таму я паступіла ў Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж — у тыя часы ён быў філіялам знакамітай Глебаўкі. Мне было ўжо 29 гадоў, але прага да ведаў і шчырае захапленне творчасцю пераважылі ўсе сумневы. Паралельна вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры.

З часам я ўладкавалася ў наш каледж, дарасла да намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Пасля гэтага працавала дырэктарам дзіцячай школы мастацтваў, дзе атрымала вялікі вопыт адміністрацыйнай дзейнасці. Неўзабаве вярнулася ў родную ўстанову — і больш за 12 гадоў я на пасадзе дырэктара. Высокай ацэнкай маіх намаганняў стаў нагрудны знак Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” ў 2021-м.

— Як бы вы сфармулявалі задачы, што стаяць перад вамі?

— Адна з галоўных місій дырэктара — якасны падбор спецыялістаў, стварэнне моцнага калектыву. Сутнасць кадравай палітыкі — у тым, каб знайсці ідэальны баланс паміж досведам і маладосцю. Таму ў каледжы поплеч працуюць як майстры старой загартоўкі, так і дызайнеры-практыкі, якія прадстаўляюць новае пакаленне. Узаемадзеянне з творчымі людзьмі мае сваю спецыфіку. Кожны адмысловец — амбіцыйная асоба з уласным уяўленнем аб формах і метадах работы. Задача кіраўніка — чуць розныя меркаванні, купіраваць канфліктныя сітуацыі, выступаць у ролі медыятара.

Істотны напрамак — адміністрацыйна-гаспадарчы. Кабінеты і майстэрні павінны быць забяспечаны якасным абсталяваннем, багатым натурным фондам. Безумоўна, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы патрабуе фінансавых укладанняў. Мы не толькі разлічваем на дзяржаўныя грошы, але і прыцягваем спонсарскую дапамогу. Таксама значная частка бюджэту — даходы ад камерцыйнай дзейнасці: праводзім платныя курсы і майстар-класы, здаём памяшканні ў арэнду.

Павышаная ўвага ўдзяляецца інтэграцыі ўстановы ў рэспубліканскую культурную прастору. Каледж не можа існаваць у інфармацыйным вакууме, у адрыве ад сучаснага кантэксту. Таму мы актыўна наладжваем сувязі з карціннымі галерэямі і мастацкімі музеямі, профільнымі ВНУ і іншымі арганізацыямі, рэалізоўваем сумесныя творчыя праекты. У тым ліку і на міжнародным узроўні.

— Якія ініцыятывы вы б адзначылі?

— Варта згадаць адкрыты рэгіянальны конкурс-пленэр “Прастора”. Праводзім яго сумесна з Санкт-Пецярбургскай акадэміяй мастацтваў імя І. Рэпіна пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення культуры Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.

 

Удзельнікі адкрытага рэгіянальнага конкурсу-пленэру "Прастора"

Задума прадугледжвае абмен дэлегацыямі. Ужо два гады запар нашы навучэнцы наведвалі Паўночную сталіцу Расіі. Там яны працавалі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў акадэміі, удзельнічалі ў майстар-класах. З візітам у адказ прыязджаюць студэнты і аспіранты з Рэпінкі — прадстаўнікі розных краін свету.

Сёлета мы арганізавалі для гасцей экскурсіі па знакавых мясцінах Гомельшчыны: сядзібе Козел-Паклеўскіх і мемарыяльным комплексе “Дзецям — ахвярам вайны” ў вёсцы Красны Бераг, Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. Асветніцкая праграма ішла нага ў нагу з творчай: адбываліся супольныя пленэры ў фармаце “роўны навучае роўнага”. Студэнты акадэміі выступалі ў ролі ментараў, дзяліліся прафесійнымі сакрэтамі. Па выніках візіту мы правялі выставу, аўтараў найлепшых работ узнагародзілі дыпломамі.

Таксама актыўна падтрымліваем сувязі з Жалезнагорскім мастацкім каледжам імя А. Дэйнекі. Сябруем з Бранскім абласным каледжам мастацтваў, дзе пераймалі веды многія гомельскія творцы. У рамках супрацоўніцтва ладзяцца сумесныя пленэры, майстар-класы ды іншыя мерапрыемствы.

— Якія яшчэ праекты ажыццяўляюцца пад эгідай установы?

— Трэба вылучыць адкрыты рэгіянальны конкурс “Майстар” — маштабнае спаборніцтва. Задума таксама рэалізоўваецца пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама.

 

За мальбертамі — удзельнікі адкрытага
рэгіянальнага конкурсу "Майстар"

Гісторыя ініцыятывы пачалася ў 2013 годзе. За час існавання “Майстар” набыў міжнародны статус, назапасіў багатыя традыцыі. Сёлета праект аб’яднаў каля сотні маладых мастакоў і іх настаўнікаў з Беларусі і Расіі. Конкурс праводзіцца ў вочным фармаце на базе каледжа. Творцы спаборнічаюць у трох намінацыях: “Жывапіс”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” і “Дызайн”. Таксама ў рамках праграмы ладзіцца педагагічная канферэнцыя.

 

Падчас міжнароднага пленэру "Фарбы маёй зямлі"

 

Яшчэ адна наша напрацоўка, якую нельга абмінуць увагай, — міжнародны пленэр “Фарбы маёй зямлі”. Мы арганізоўваем яго для выкладчыкаў устаноў адукацыі мастацкага профілю. Удзельнікам прапануем выезды ў маляўнічыя куткі Гомельшчыны, круглыя сталы і майстар-класы. Настаўнікі знаёмяцца з мясцовай культурай, натхняюцца ёй і ствараюць цудоўныя палотны. Па выніках кожны пакідае свае работы ў нашым фондзе — яны ўжо склалі вялікую калекцыю. Праект стаў выдатнай пляцоўкай для абмену досведам паміж педагогамі.

— Але ж, бадай, аснова жыцця каледжа — навучальны працэс. Як бы вы акрэслілі задачы выкладчыкаў?

— Самая галоўная — забяспечыць высокі ўзровень выкладання фундаментальных мастацкіх дысцыплін. Разам з тым важна адаптаваць выхаванцаў да цяперашніх рэалій. Сёння рынку патрэбныя шматгранныя спецыялісты, якія не толькі маюць трывалую класічную базу, але і ўмеюць працаваць з лічбавымі праграмамі і найноўшай тэхнікай. Таму ў адукацыйным працэсе мы карыстаемся сучасным інструментарыем, аднак не адхіляемся ад акадэмічных канонаў.

— Якія перспектывы адкрываюцца перад выпускнікамі каледжа?

— Яны запатрабаваны на рынку працы. Арганізацыямі — заказчыкамі кадраў выступаюць установы культуры і адукацыі. Навучэнцы рэалізоўваюць сябе ў сферы лагістыкі, нават уладкоўваюцца на тэлебачанне. Штогод каля чвэрці з іх накіроўваецца ў профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі — Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, вядучыя расійскія ВНУ.

Адзначу, што каледж заўсёды ідзе насустрач моладзі, якая імкнецца да самастойнасці і ўжо працуе па спецыяльнасці, — у нас існуе завочная форма навучання. Больш за тое, калі ёсць заяўкі ад арганізацый — заказчыкаў кадраў, мы самі прапануем вакансіі. Такім чынам, дзяўчаты і хлопцы робяць першыя крокі ў прафесіі, пры гэтым працягваючы адукацыю.

 

Студэнты каледжа — лаўрэаты рэспубліканскага конкурсу
"Вобраз Радзімы любімай"

— Сёння як ніколі актуальна гучыць тэма сацыяльнай адказнасці інтэлігенцыі. Унутраны каштоўнасны компас творцаў калібруецца ў гады навучання. Як выбудавана сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў каледжы?

— Сапраўды, раздзяліць адукацыю і выхаванне немагчыма. Менавіта падчас навучання ў моладзі развіваецца разуменне прафесійнай этыкі, пачуццё адказнасці перад будучым працадаўцам. Такія арыенціры адлюстраваны ў дэвізе ўстановы: “Веды — для сябе, дасягненні — для Беларусі”. Наша праграма выхаваўчай работы абапіраецца на нарматыўную базу і рэалізоўваецца па некалькіх ключавых напрамках. У першую чаргу гэта ідэалагічнае, духоўна-маральнае і эстэтычнае выхаванне.

Значнае месца ў сістэме займае праектны кірунак. У каледжы ўвасабляюцца ініцыятывы, мэта якіх — фарміраванне ў моладзі сталай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму. Сярод такіх пачынанняў — праект “Ёсць у фарбах Перамогі адценні вайны”. У яго межах падлеткі сустракаюцца з ветэранамі, пішуць іх партрэты. Агулам нашы навучэнцы стварылі больш за 60 падобных карцін.

Яшчэ адна важная ініцыятыва — “У краі партызанскіх легенд”. Яна звязана з мемарыяльным ваенна-гістарычным комплексам “Партызанская крынічка”. Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй, выхаванцы робяць эцюды пад адкрытым небам. У выніку нараджаюцца цудоўныя карціны, якія мы дэманструем на выставах, адпраўляем на конкурсы.

— Алена Талімонаўна, вы прысвяцілі каледжу большую частку працоўнага жыцця. Як удаецца захаваць адданасць сваёй справе? Што вас натхняе?

— Мне вельмі пашанцавала з людзьмі. Калектыў установы — сапраўдныя прафесіяналы, у якіх заўсёды можна спытаць парады, многае пераняць. Асабліва натхняюць дзеці — нашы навучэнцы. Калі бачыш іх цягу да мастацтва — гэта надзвычай цешыць. Шчыра хочацца падтрымаць маладых аўтараў і зрабіць усё, каб іх захапленне творчасцю не згасала.

Стараюся шукаць дзіўнае ў паўсядзённым. Люблю кветкі — гадую ружы і іншыя расліны на прылеглай тэрыторыі каледжа.

Вядома, натхняе сям’я — у мяне выдатны сын, цудоўны ўнук, які ў свае пяць гадоў праяўляе здольнасці да творчасці.

Падводзячы рысу, хацела б шчыра падзякаваць кіраўніцтву нашай краіны. Сёння ў Беларусі забяспечаны ўнікальныя ўмовы для раскрыцця патэнцыялу моладзі. Усебаковая падтрымка дзяржавы дазваляе рэалізоўваць усё новыя адукацыйныя праекты і ўпэўнена рухацца наперад.

Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота з архіва гераіні

MAX TikTok