Дуэт любові і нелюбові

Марціна МакДонаха ў РТБД ўжо ставілі. Цяпер ідзе паказ яго п’есы «Калека з вострава Іншаман», у якой грае Аляксандр Ніканенка — пасля прэм’еры многія карыстальнікі Instagram дзівіліся таму, што акцёр насамрэч цалкам здаровы, настолькі дакладна ён ужыўся ў вобраз чалавека з інваліднасцю. Сам жа спектакль, калі выключыць узрушаную акцёрскую ігру, не выклікаў асаблівых унутраных перажыванняў. І той вечар, калі я яго глядзела, аказаўся, мабыць, і праўда проста прыемным вечарам у тэатры, а не новай экзістэнцыяльнай драмай, як гэта звычайна бывае пасля РТБД.

Справа зусім не ў імёнах, беларускі глядач гатовы вытрымаць і Білі, і Морын. Справа ў нейкім адчуванні несапраўднасці. Фальш — гэта калі хлусяць, а несапраўднасць — калі нешта свярбіць у далёкім кутку мозгу і ўсё ніяк не супакойваецца, не дае ў поўнай меры атрымаць асалоду ад дзейства. А атрымліваць асалоду ёсць ад чаго.

А вось «Каралева прыгажосці», якой даў сцэнічнае жыццё Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр, — гэта выдатнае візуальнае афармленне п’есы таго ж Марціна МакДонаха. Крысціна Баранава, мастачка-пастаноўшчыца, прыклала каласальныя намаганні ў працы над спектаклем. Сцэна быццам бы і не сцэна зусім, а звычайная маленькая кватэра. Вечна брудныя вокны, абшарпаныя жоўтыя сцены — яркі, жыццярадасны колер, які па сканчэнні часу раптам цьмянее, пачынае адсылаць да лякарні. Стары халадзільнік, пра які ведаеш, што трэба пляснуць дзвярыма мацней, каб яны закрыліся. Шторка аддзяляе адзін пакой ад іншага, бо калісьці не хапіла грошай на нармальныя дзверы, а потым вечны рамонт так надакучыў, што з ёй змірыліся. Некалькі чэзлых кветак у аблупленых чыгунах. Электрычны чайнік. Эмаляваны тазік. Ракавіна, з якой пастаянна чымсьці смярдзіць. Дзеянне адбываецца ў Ірландыі.

Марцін МакДонах верны сабе, і калі ў «Калеку з вострава Іншаман» адзін з герояў пастаянна паўтараў: «А ўсё ж такі не такая ўжо ў нас глухмень, раз з самой Амерыкі...», то ў «Каралеве прыгажосці» ўсе героі бачна або нябачна цягнуцца з вёскі Лінэйн на вялікую зямлю. Хто ў Англію, а хто і далей, у Амерыку, толькі б не бачыць больш гэтыя змрочныя пейзажы, не мокнуць пад бясконцымі дажджамі, не чуць гэтую дзіўную ірландскую мову, на якой і не гаворыць амаль ніхто, толькі б не станавіцца прычынай плётак, а згубіцца, схавацца сярод незнаёмцаў і стаць там нарэшце шчаслівым…

Віталь Краўчанка дае сваім героям менш шанцаў і больш часу на няшчасці. Ён абуральны, ён нядобры. І, можа, гэта і робіць з гледачом тое, што ён не можа адвесці позірк ад сцэны.

Гісторыя нелюбові — гэта часта гісторыя куды больш захапляльная, чым гісторыя любові. І няма, здаецца, адносін больш складаных і заблытаных, чым паміж маці і дачкой.

Яна — васьмідзесяцігадовая старая. Яе хваробы немагчыма пералічыць па пальцах дзвюх рук і ног у прыдачу, яна схільная да іпахондрыі і хлусні. Яна слухае адну і тую ж праграму па радыё, глядзіць адзін і той жа фільм. У фільме, які глядач не бачыць, дзяўчына і хлопец раз за разам прызнаюцца адно аднаму ў каханні, і гэты момант паўтараецца, паўтараецца, паўтараецца, а каханне ў жыццё герояў так і не прыходзіць.

Галіна Анчышкіна дадае сваёй гераіні аб’ёму, выпукласці. У яе трасецца ўсё цела, голас становіцца вышэйшым, калі яна шчыра абураецца, і манатонна-канючыць, калі яна звыкла назаляе дачцэ. Калі чытаеш п’есу, ненавідзіш Мэг куды мацней, чым калі глядзіш спектакль. Не, акторка не дазваляе ненавідзець сваю Мэг. Яна робіць яе такой чалавечнай, жывой, што гэта злуе: ну навошта, навошта яна паказвае ўсё так, як ёсць? Галіна Анчышкіна грае сваю Мэг так, што яе немагчыма ненавідзець. І любіць яе… немагчыма таксама.

Яна раздражняе, гэтая старая Мэг. Да яе адчуваеш нейкі грэблівы жаль, але не злосць. Яна старая жанчына, якая тыраніць сваю дачку на працягу сарака гадоў. Яна вылівае свой бруд у ракавіну (глядач вохкае: дык вось чаму адтуль смярдзела!). Яна кідаецца рэчамі. Яна скоўвае дачку кайданамі, баюкае і мучыць, мучыць, мучыць. І мучыцца сама, але гэтая мука — лепшая за абыякавасць. Хай яе лаюць, хай з яе здзекуюцца, толькі б Морын была побач, толькі б уключала радыё, варыла каву без камякоў, смажыла яечню. Толькі б Морын — малодшая дачка, адзіная, хто застаўся побач з маці, — бурчэла пад бокам. Хай замахваецца, хай праклінае, але будзе побач. Усё лепш за абыякавасць.

І Морын побач. Спярша здаецца, што гэтая саракагадовая рудая жанчына — абсалютна знаёмы персанаж. У яе на твары адбітак стомленасці, яна нікога не любіць і нічога не чакае. Яе маці, якая прывязала Морын да сябе кайданамі, быццам бы бясконцая перашкода на шляху да шчаслівага жыцця. Сепарацыі не здарылася. Усё ў жыцці Морын падпарадкавана барацьбе з маці. Яна купляе нясмачнае печыва, яна робіць тое, што не хоча, яна застаецца ў гэтым і Богам, і чортам забытым Лінэйне і не можа з’ехаць.

Валерыя Лагуто неверагодная ў ролі істэрычнай, незадаволенай жыццём жанчыны, якую само жыццё разбурыла і растаптала, ад якой пакінула толькі нікчэмную абалонку, вытканую з крыўд, шкадаванняў і нявыкананых мараў. Аднак ёсць моманты, калі Морын сапраўды каралева прыгажосці, яна такая раскаваная, такая яркая, што становіцца няёмка.

Калі на сцэне з’яўляецца Пато Дулі (Павел Канёк), здаецца, што вось яна — магчымасць, якая так доўга пазбягала Морын. Ён мілы, добры і прыемны. Ён называе яе каралевай прыгажосці, і яна верыць гэтаму самазабыўна і апантана. Толькі вось не можа быць жыццё такім простым, як нам таго хочацца. Разам са з’яўленнем на сцэне мілага, добрага і ва ўсіх сэнсах станоўчага Пато Дулі, на ёй пачынае разгортвацца пекла. Дэманы, якія да гэтага забіліся ў свае норкі, павылазілі, выскалілі зубы. І нелюбоў, якая была ўсё ж прыхільнасцю, якая выяўлялася ў пацалунках і абдымках пасля лютай бойкі, нелюбоў, якая была ўсё ж такі любоўю — перакручанай і жорсткай любоўю ахвяры і тырана, што ўвесь час мяняюцца ролямі, — стала нянавісцю. Не гарачай, не той, ад якой можна астыць, а поўнай разліку і раздражнення. Поўнай не смагі, але планаў аб тым, як пазбавіцца ад пакутлівых скандалаў.

З’яўленне Пато Дулі ператварае звычайную кватэру ў сцэну. Морын грае вобраз экстравагантнай, фатальная вар’яткі, гатовай на ўсё. Яна распранаецца, і, здаецца, што здымае не толькі вопратку, але агаляе душу, паўстае перад намі ў сапраўдным абліччы — скалечаная нелюбоўю дзяўчынка. Мэг грае лютасць і сорам, хоць уся яна перапоўненая смуткам ад таго, што дачка пачала вырывацца з кайданоў. Гэтыя дзве — дуэт, які фармаваўся сорак гадоў, у іх гульні няма ні грама фальшы, яны дакладныя ў кожным руху, у кожным жэсце настолькі, што вы, даверлівы глядач, спачатку ім верыце. Але Пато Дулі — непаваротлівы, нязграбны, нейкі скамечаны ў неадпаведнасці жаданняў і дзеянняў, ён выбіваецца. Ён нават не спрабуе паладзіцца пад гульню абедзвюх жанчын, ён — міжвольная дэкарацыя для іх спектакля, і ўсё ж ён, у сваёй няёмкасці і фальшы, у сваім нежаданні браць адказнасць і любіць, у сваім сыходзе і ў сваім ад’ездзе, у сваім канчатковым расставанні, — ён значна больш сумленны за Морын і яе маці. Мо ад таго, што ён звычайны чалавек, а не вар’ят?

Нелюбоў не можа скончыцца добра. У «Каралеве прыгажосці» Морын ператвараецца ў тую, каго ненавідзела.

І вось тут мы падбіраемся адразу да некалькіх стрэмак у, здавалася б, бездакорным палатне спектакля.

На гукавое суправаджэнне спектакля рэдка звяртаюць увагу. Толькі калі яно неверагодна выбітнае або, наадварот, непрыемнае. У «Каралеве прыгажосці» вельмі павучальная музыка. Гледачу з дапамогай яе быццам бы кажуць: «адчуй напружанне», «вось тут табе дураць галаву», «засмучайся». Зразумела, што музыка прыйшла з вызначэння «баявік», якое бадзёра красуецца на афішы. Праўда, побач яшчэ адно слова — «кухонны». І ад кухні, з бясконцымі на ёй размовамі, слязьмі, істэрыкамі, бітым посудам і раскіданай ежай, у спектаклі куды больш, чым ад баевіка. І псіхалагізм у ім прапісаны на розных узроўнях — кожнаму знойдзецца пра што падумаць. Дык навошта ж лішні раз надаваць музычнаму суправаджэнню павучальнасці, навошта словамі па некалькі разоў казаць пра тое, што нам ужо паказалі?

Гэтыя дробныя шурпатасці ні ў якай меры не адымаюць у спектакля тое, дзеля чаго п’еса была напісана, а ён сам пастаўлены. «Каралева прыгажосці» — глыбокі і выдатны спектакль пра тырана і ахвяру. Пра маці і дачку. Пра Ірландыю і Англію. Пра любоў і нелюбоў. Карацей, пра людзей.

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ