Сплаў авангардызму і мадэрнізму

У Бабруйскім мастацкім музеі працуе выстава жывапісу і дэкаратыўнай скульптуры Ціхана Абрамава. Экспазіцыя, прысвечаная 55-годдзю мастака, адлюстроўвае адкрыцці і стылістычныя эксперыменты творцы розных часоў. 

УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З СЯМ’І 

Ціхан Абрамаў нарадзіўся ў 1967 годзе ў творчай сям’і. Бацька — Сямён Абрамаў — вядомы ў краіне мастак. Па слядах таты пайшла старэйшая дачка Таццяна, якая таксама заўважна паўплывала на Ціхана. 

Пачатковыя веды ён атрымаў у студыі Яўгена Вішнеўскага ў Доме піянераў горада Бабруйска, затым была дзіцячая мастацкая школа. А з 1983 па 1988 год Ціхан Сямёнавіч праходзіў падрыхтоўку ў Горкаўскім мастацкім вучылішчы па спецыяльнасці “Выкладанне выяўленчых мастацтваў”. 

Далейшае жыццё майстра будзе цалкам аддадзена творчасці — і ў гэтых словах няма перабольшання. Ціхан Абрамаў — гэта няспыннае гарэнне: пачынаючы з 1989-га, пастаянна ўдзельнічае ў гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх выставах. Але мастак — не пра грошы і не пра прыгожае багемнае жыццё. Ён працаўнік, аскет і падзвіжнік. Пагружанасць Ціхана Сямёнавіча ў творчасць, у служэнне мастацтву не проста агульнавядомая. Гэтыя рысы здзіўляюць усіх, хто хоць трохі знаёмы з жывапісцам і скульптарам. 

ДУХ ЭКСПЕРЫМЕНТУ 

У персанальнай экспазіцыі Ціхана Абрамава можна ўбачыць работы розных гадоў. Гэта жывапіс, графіка, дэкаратыўная скульптура. Звяртае на сябе ўвагу разнастайнасць падыходаў мастака да вырашэння творчых задач. З’яўленне тэмы, першаснай задумы, па словах майстра, выпадковасць, як і фармат будучай карціны. Большасць работ прысвечана жанчынам: партрэты, тэматычныя кампазіцыі, ню. Над выставай лунае дух эксперыменту, што адразу кідаецца ў вочы і вызначае важную асаблівасць творчасці жывапісца. Сам Абрамаў лічыць: кожнае яго тварэнне павінна несці новае выяўленчае вырашэнне. Пошук выяўленчых сродкаў — найважнейшая з задач. “Думаеш адно, робіш другое, атрымліваеш трэцяе”, — расказвае аб гэтым працэсе мастак. 

Што тычыцца стылістыкі, пры праглядзе артыкулаў пра Ціхана Абрамава, у розныя гады апублікаваных у СМІ, заўважаецца імкненне журналістаў устанавіць стылявыя рысы творчасці майстра. Акцэнты прыпадаюць на мадэрнізм і авангардызм, фармальна блізкія кірункі, бо ў аснову абодвух закладзены творчы эксперымент. Безумоўна, рысы названых напрамкаў прысутнічаюць у карцінах Ціхана Сямёнавіча. 

ТВОРЧАЯ КУХНЯ 

Фармат персанальнай выставы палягчае выяўленне індывідуальнай манеры аўтара. У аснове мастацкага метаду Ціхана Абрамава — эксперымент з выяўленчымі сродкамі: лініяй, колерам, формай, — з рухам ад фігуратыўнага да абстрактнага, з нетрадыцыйнымі матэрыяламі і тэхнікамі, з пераглядам сталых традыцый. Творца максімальна раскрывае выразныя магчымасці фактуры, накладвае фарбы шчыльна, пастозна, не пазбягае спалучэнняў, якія дысануюць. Сярод больш чым 30 жывапісных работ ня-ма ніводнага паўтору ў выкарыстанні выяўленчых прыёмаў. Задума кожнай кампазіцыі нараджаецца імпульсіўна, самым нечаканым чынам, і ўжо затым падбіраюцца наступныя дзеянні. Глядач бачыць канчатковую “страву”, як кажа сам жывапісец, і не ўяўляе, ко- лькі падрыхтоўчай працы, пераробак і натуральных для творчай кухні адходаў пры гэтым бывае. У большасці прац Ціхан Абрамаў працягвае традыцыі класічнага авангардызму. 

І яшчэ адна важная якасць. Ціхан Сямёнавіч — сумленны мастак. Ніколі не выставіць работу, калі чымсьці ў ёй не задаволены. Пераробкі бываюць шматразовыя, часам рашэнне прыходзіць праз гады. Увогуле — гэта гульня, у выніку якой нараджаецца твор мастацтва. 

СУБ’ЕКТЫВІЗМ ПАЧУЦЦЯЎ

Скульптура ў экспазіцыі прадстаўлена добра вядомай аўтарскай “бетонікай”. Абстрактныя, ярка дэкараваныя вырабы ажыўляюць выставу. Некаторыя кампазіцыі выклікаюць асацыяцыі з творамі іспанскага архітэктара Гаўдзі і мастака Пікаса. Ціхан Абрамаў — эстэтычна развітая натура, і ў яго творчасці павінна адбівацца індывідуальнае эстэтычнае бачанне свету, што ёсць сутнасцю мадэрнізму. Суб’ектывізм мастацкага пачуцця выяўляецца ў перавазе канкрэтнага колеру і каляровых спалучэнняў, лініі і формы. Да работ Абрамава, у якіх прысутнічаюць элементы мадэрнізму, адносяцца абстрактныя кампазіцыі, праз каларыт якіх адлюстроўваецца стан душы аўтара. 

Два стылі могуць спалучацца ў працах аднаго майстра. Па знешніх прыкметах мадэрнізм і авангардызм маюць шмат агульнага. Адрозненне ў тым, што ў мадэрнізме выяўленчая мова — гэта інструментарый мастака, з дапамогай якога распавядаецца пра думкі, пачуцці, ідэі. А ў авангардызме выяўленчыя сродкі — мэта творчасці і асноўны матэрыял для эксперыменту. 

НЕ ПРА ГРОШЫ 

Па характары мыслення Ціхан Абрамаў — аб’ектыўны ідэаліст, відавочная яго нацэленасць на знешні свет: сюжэты карцін творцы прыходзяць звонку, ды і назвы бываюць надзвычай кідкімі. Да таго ж, як ужо казалі, Ціхан Сямёнавіч не пра грошы: можа працаваць за ідэю, лёгка раздорвае свае работы, з энтузіязмам ладзіць творчыя мерапрыемствы, часцяком на асабістыя сродкі. Ён заўсёды быў цэнтрам прыцягнення для творчай моладзі, як арганізатар многіх арт-аб’яднанняў. Толькі супольнасць “Зніклы свет” змяніла сем складаў, якія паслядоўна ўзнікалі вакол мастака, дапамагаючы шматлікім удзельнікам знайсці шлях у мастацкім свеце. Як пра гэта кажа сам Абрамаў, “ёсць вагоны — патрэбен паравоз”. 

Відавочна, у будучыні трэба сур’ёзна даследаваць досвед майстра, правесці грунтоўны мастацтвазнаўчы і эстэтычны аналіз. А пакуль гэта першая спроба нешта зразумець у велізарным і не- адназначным свеце — творчасці Ціхана Абрамава. 

Генадзь БЛАГУЦІН, 

старшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея