Ⅲ

Уральскія блікі віцебскіх фарбаў

Апублiкавана: 23 кастрычнiка 2026 Стужка Выяўленчае мастацтва Віцебск і вобласць Тэма

Аўтар: Аўтары

Век таму Віцебск збіраўся адсвяткаваць важную дату — 30-годдзе мастацка-педагагічнай дзейнасці ў Прыдзвінскім краі знакамітага жывапісца Юрыя Пэна. Мясцовыя ўлады складалі планы юбілейных урачыстасцей, праводзілі падрыхтоўчыя мерапрыемствы, зацвярджалі рэзалюцыі і пастановы…

 

ПРЫ ЎСПАМІНЕ АБ ІМЕНІ

Вучні і сябры Юрыя Майсеевіча накіравалі прывітальны адрас, у якім падкрэслілі істотны ўклад Пэна ў фарміраванне культурнай прасторы Беларусі: “Шлях, пройдзены вамі, адзначаны вялізным напружаннем творчай волі, якая не аслабела нават тады, калі ў іншых пэндзаль валіўся з рук. Праз буры і націскі розных грамадскіх рэвалюцый вы пранеслі незвычайную складнасць мастацкай думкі, выразнасць светаўспрымання, цэльнасць і яснасць пластычнага ўвасаблення...

Не адно сэрца, загартаванае на блытаных шляхах сучаснага мастацтва, б’ецца падзякай пры ўспаміне аб адным вашым імені”. З той пары мінулі гады, напоўненыя найважнейшымі падзеямі, у тым ліку ў сферы выяўленчага мастацтва. Віцебскі майстар заняў ганаровае месца сярод класікаў беларускай школы. Выдадзены аб’ёмныя альбомы, каталогі, навуковыя артыкулы, прысвечаныя яркай творчасці самабытнага жывапісца і яго выхаванцаў, уключаючы М. Шагала, З. Азгура, П. Явіча, Д. Якерсона, С. Юдовіна, I. Чашніка, В. Цадкіна, С. Гершова і многіх іншых мастакоў і скульптараў. Дэталёва даследаваны іх біяграфіі і работы, якія захоўваюцца ў прэстыжных сусветных музеях. Здавалася б, цяжка адшукаць нешта новае.

 

НЕЧАКАНАЯ ЗНАХОДКА

Аднак нядаўна, праглядаючы сайты расійскіх карцінных галерэй, нечакана мы ўбачылі яшчэ адзін партрэт Пэна. Гэта здабытак раней невядомага аўтара, які лічыў сябе вучнем віцебскага майстра.

С. Камінскі. Партрэт Ю. Пэна

Аказалася, што ў кастрычніку 2019 года ў цэнтры расійскай металургіі Магнітагорску праходзіла персанальная выстава аднаго з першых прафесійных мастакоў горада Сямёна Камінскага. Паводле інфармацыі газеты “Магнітагорскі метал”, у экспазіцыі было прадстаўлена больш за 30 твораў, датаваных 1930—1972 гадамі, уключаючы графічныя замалёўкі, эцюды і маштабныя прамысловыя пейзажы.

Сярод палотнаў вылучаўся партрэт Юрыя Майсеевіча. Работа чымсьці нагадвае вядомы аўтапартрэт мэтра “Сняданак”, што захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Таксама дэманстравалася выява самога Камінскага з указаннем на аўтарства Юрыя Пэна.

 

Ю. Пэн (?). Партрэт С. Камінскага

Па звестках куратара выставы Веры Назаравай, Сямён Васільевіч Камінскі з ранняга дзяцінства захапляўся маляваннем. У пачатку 1920-х займаўся ў студыі Юрыя Пэна, дзе быў сярод найбольш здольных вучняў. Пераехаўшы з Беларусі ў Магнітагорск, сустрэўся з мясцовым жывапісцам Георгіем Салаўёвым, які да канца жыцця заставаўся сябрам і паплечнікам Камінскага.

Аднадумцы заснавалі мастацкую майстэрню.

У 1939-м Сямёна Васільевіча абралі дэлегатам І абласнога з’езда мастакоў. На палотнах аўтара адлюстравана гісторыя ўральскіх заводаў, з фатаграфічнай дакладнасцю адноўлены этапы ўзвядзення горада і знакамітага металургічнага камбіната. У графічных работах Камінскі дэманструе дасканалае майстэрства малявальшчыка.

Па словах Веры Назаравай, вобраз Юрыя Пэна створаны ў 1930-м. Сямёну Камінскаму ўдалося перадаць неардынарнасць педагога, інтуітыўна ўлавіць яго ўнутраны трагізм.

 

НАЦЫЯНАЛЬНАСЦЬ: БЕЛАРУС

На адкрыцці выставы, акрамя афіцыйных асоб і аматараў жывапісу, прысутнічаў унук мастака кандыдат гістарычных навук Флавій Камінскі, які распавёў пра няпросты лёс свайго дзеда, звярнуўшы ўвагу на яго практычныя навыкі і любоў да прыроды:

— Беларус па нацыянальнасці, ён выдатна ведаў лес і па-майстэрску працаваў з дрэвам. У хаце пераклаў печ, адрамантаваў дах. Пабудаваў лазню. Быў вельмі працавіты і зусім бескарыслівы: ніводнай карціны не прадаў, усё раздорваў.

Пазней, у студзені 2020 года, Флавій Аркадзьевіч у мясцовым часопісе апублікаваў артыкул “Сямён Камінскі — найстарэйшы мастак Магнітагорска”, дзе больш падрабязна выклаў факты з біяграфіі дзеда. У прыватнасці, паведаміў, што Сямён Васільевіч нарадзіўся ў 1894-м у беларускай вёсцы Каменка ў сям’і сталяра-чырванадрэўшчыка. З дзяцінства здзіўляў назіральнасцю і відавочнай творчай адоранасцю. У 1920-я скончыў завочную Маскоўскую школу мастацтваў і ў гэты ж час стаў браць урокі ў Юрыя Пэна.

 

С. Камінскі. "Восень"

Малады жывапісец быў у добрых адносінах з настаўнікам, пра што сведчаць партрэт Пэна, зроблены вучнем, і партрэт усмешлівага Сямёна, выкананы самім віцебскім майстрам.

Сямён Камінскі ажаніўся з блакітнавокай бландзінкай з суседняга маёнтка Соф’яй Зяцьевай, яны выхоўвалі чацвярых дзяцей. Голад пачатку 1930-х прымусіў сям’ю адправіцца з Беларусі ў Магнітагорск, дзе фарміраваўся цэнтр металургічнай прамысловасці і былі больш спрыяльныя ўмовы для жыцця шматдзетнай сям’і. Спярша Сямён Васільевіч працаваў рахункаводам, затым стаў прафесійным мастаком. Разам з Георгіем Салаўёвым яны стваралі маляўнічы летапіс велічнай новабудоўлі. У 1936-м абодвух прынялі ў Саюз мастакоў СССР. Работы Камінскага паказваліся на розных выставах

 

УДАКЛАДНЯЮЧЫ ФАКТЫ

У часопісным матэрыяле змешчаны 12 рэпрадукцый карцін Сямёна Камінскага, у тым ліку мужчынскі партрэт без назвы — мабыць, як узор творчасці.

 

С. Камінскі. "Жабрак" (копія)

Аднак па сутнасці гэта копія досыць вядомага пэнаўскага палатна “Жабрак”, што таксама пацвярджае знаёмства майстроў.

Для ўдакладнення некаторых фактаў мы звязаліся з загадчыкам выставачнага аддзела Магнітагорскай карціннай галерэі Анастасіяй Міронавай. Яна сказала, што Сямён Васільевіч — адзін з заснавальнікаў мастацкай творчасці ў Магнітагорску. У экспазіцыі 2019 года былі прадэманстраваны яго работы, уключаючы партрэт Пэна (1930 г., фанера, алей, прыватная калекцыя), і партрэт Камінскага пэндзля Юрыя Майсеевіча (1932 г., палатно, алей, прыватная калекцыя).

 

С. Камінскі. "Будаўніцтва мартэнаўскага цэха"

Па словах в. а. дырэктара Магнітагорскага гісторыка-краязнаўчага музея Святланы Гальчук, цяпер ва ўстанове — 20 твораў Сямёна Камінскага, многія з якіх адлюстроўваюць будаўніцтва прамысловых аб’ектаў горада (“Руднік гары далёкай”, “Лістапракатны цэх” і іншыя). У тэлефоннай размове з Флавіем Камінскім і яго дачкой Анастасіяй Зяцьевай атрымалася высветліць некаторыя нюансы біяграфіі мастака, звязаныя з жыццём у Прыдзвінскім краі, і ўдакладніць абставіны напісання асобных карцін. У прыватнасці, нашчадкі растлумачылі: на партрэце Камінскага ўнізе справа ёсць пазнака “Ю.М. Пэн. 1932”. Таксама ўдалося здабыць копіі дакументаў і фатаграфій, якія захоўваюцца ў спадчыннікаў, у тым ліку — пасведчання аб узнагароджанні старшага сяржанта Сямёна Васільевіча Камінскага медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941— 1945 гг.”.

 

ПРАЦЯГ БУДЗЕ

У Беларусі і за яе межамі апублікаваны дзясяткі даследаванняў, прысвечаных Юрыю Майсеевічу Пэну і яго вучням, але імя Сямёна Камінскага не згадваецца.

Адсутнічае інфармацыя і пра партрэт Камінскага, выкананы віцебскім майстрам, а таксама пра партрэт Пэна, напісаны Камінскім.

Відаць, карціны атрыбутаваны па ўспамінах Сямёна Васільевіча, пра якія паведамілі яго сваякі. Не давяраць гэтым звесткам няма падстаў, тым больш што ацалелі дакументы, якія пацвярджаюць пражыванне сямейства Камінскіх на Віцебшчыне. Аднак для ўключэння палотнаў, якія захоўваюцца ў спадчыннікаў, у навуковы абарот неабходна правесці кваліфікаваную мастацтвазнаўчую экспертызу — працэдура няхуткая і дарагая. Пакуль жа даследчыкі творчасці Юрыя Пэна могуць звярнуць увагу на яшчэ аднаго яго выхаванца і паглыбіцца ў гэтую цікавую тэму.

***

Аўтар дзякуе супрацоўнікам Магнітагорскага гісторыка-краязнаўчага музея і Магнітагорскай карціннай галерэі, а таксама Флавію Аркадзьевічу Камінскаму і яго дачцэ Анастасіі Флавіеўне Зяцьевай за фатаграфіі, інфармацыю пра жыццё і творчасць мастака Сямёна Васільевіча Камінскага.

Ігар БАГАЧОЎ, юрыст, г. Віцебск

MAX TikTok