За эфектным шоу павінна стаяць бяспечная работа ўсіх яго стваральнікаў — ад артыстаў да тэхнічных спецыялістаў: новыя правілы па ахове працы пры правядзенні культурнавідовішчных мерапрыемстваў у тэатрах, канцэртных залах і на адкрытых сцэнічных пляцоўках уступаюць у сілу 26 кастрычніка.

Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 57/84 ад 24 ліпеня 2026 года.
Правілы, зацверджаныя сумесным актам, утрымліваюць 11 глаў і 139 пунктаў.
Ключавое патрабаванне дакумента — размеркаванне адказнасці. Так, для арганізацыі работ мусяць прызначацца адказныя асобы, у тым ліку за сцэнічнае абсталяванне, устаноўку і перамяшчэнне дэкарацый, трукі і палёты артыстаў, лазернае ды электраакустычнае абсталяванне і правядзенне гастроляў.
Да працы са складаным сцэнічным абсталяваннем дапускаюцца работнікі, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і прайшлі прадугледжаныя заканадаўствам навучанне, стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў.
Дэкарацыі павінны быць спраўнымі, устойлівымі і надзейна замацаванымі, перад мерапрыемствам іх належыць правяраць. Прымяняць канструкцыі з выяўленымі парушэннямі забараняецца.
Асобныя патрабаванні ўстаноўлены да рэквізіту і бутафорыі: не дапускаецца ніякіх вострых выступаў, няспраўных або няўстойлівых прадметаў, здольных траўміраваць артыстаў і іншых работнікаў. Механізмы і абсталяванне мусяць быць спраўнымі і выкарыстоўвацца па прызначэнні.
Прадугледжваюцца аварыйнае спыненне абсталявання, ахоўныя агароджы, блакіроўкі і сістэмы сігналізацыі.
Адмысловая ўвага — сцэнічным пад’ёмам, паваротным кругам, люкам-правалам і іншым складаным прыладам.
Бяспека нумароў з палётамі, трукамі і батальнымі сцэнамі павінна быць прадумана загадзя. Для іх ствараецца спецыяльны дакумент — пашпарт (эксплікацыя) нумара, дзе акрэсліваюцца парадак выканання, траекторыі руху, меры абароны і адказныя асобы. Артыстам належыць да мерапрыемства азнаёміцца з патрабаваннямі бяспекі і на практыцы адпрацаваць неабходныя дзеянні.
Лазернае выпраменьванне не мусіць трапляць у зоны, дзе знаходзіцца публіка, артысты і іншыя работнікі.
Устаноўлены патрабаванні і да выкарыстання адбівальных прадметаў, элементаў касцюмаў і рэквізіту.
Пры правядзенні мерапрыемстваў пад адкрытым небам улічваецца надвор’е. Для работнікаў мусяць быць забяспечаны абарона ад спёкі ці холаду і пітная вада. Пры хуткасці ветру 10м/с і большай, а таксама пры навальніцы, градзе і іншых неспрыяльных умовах надвор’я імпрэзу або рэпетыцыю неабходна спыніць і прыняць меры па эвакуацыі.
За прыгожым і відовішчным прадстаўленнем павінна стаяць дакладна арганізаваная і бяспечная работа кожнага, хто стварае шоу за кулісамі і на сцэне.
Падрабязней — на партале pravo.by
Служба інфармацыі “КіМ”.
Фота Ірыны СЛІЖЭЎСКАЙ, носіць ілюстратыўны характар