Ідэ­аль­ны рэ­цэпт “Аліў­е”: каб не скіс­ла

Апублiкавана: 29 студзеня 2023 Кiно Кіно Мінск Галёрка

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Доўгачаканая камедыя “Аліўе” нарэшце выйшла ў айчынны кінапракат. Фільм, як і абяцалі рэжысёры Ігар Чацверыкоў і Андрэй Нікіфараў, атрымаўся лёгкім, з акцэнтам на сямейныя каштоўнасці — тыповае навагодняе кіно. Аднак карціна не пакідае жадання паглядзець яе яшчэ раз. Нібы тая салата, што засталася пасля тлустага застолля. Чаго ж не хапіла рэцэпту “Аліўе”, каб стаць новай святочнай кінакласікай? 

Сюжэт фільма распавядае пра адну некалі дружную сям’ю, якую кожны Новы год збірае за сталом татава фірменнае аліўе. Але ў гэты раз нагода для сустрэчы іншая — кватэра ў цэнтры Масквы. Пытанне, каму дастанецца жыллё, і з’яўляецца асноўным канфліктам гісторыі. І хаця тэма, здаецца, відавочная, яна стала неблагім рычагом сюжэта. Аднак у працэсе гатавання сваёй “стравы” аўтары выбралі для інгрэдыентаў не тыя прапорцыі ці нават дадалі недарэчных складнікаў. 

СТРАЧАНЫ ІНГРЭДЫЕНТ: ДЗЕЯННЕ 

Першае, што псуе смак, — марудны тэмпарытм. Павольнае апавяданне губіць цікавасць да фільма. Развіццё сюжэта ўвесь час затарможваецца. Напрыклад, слоўныя каламбуры, якімі жангліруюць Верын і яго сын Віктар, не падводзяць да інтрыгі, а марнуюць час, каб паваротны пункт патрапіў у хронаметраж. Да таго ж дыялог слабы і бессэнсоўны. 

Перашчыравалі аўтары і са шчыльнасцю: усё забіта размовамі ці фонавай музыкай, амаль няма паўзаў. Тут і паўстае галоўная праблема: адсутнічае дзеянне. Колькасць дыялогаў ператварае “Аліўе” ў п’есу, якая больш выйгрышна глядзелася б у тэатры. Назваць гэта фільмам — значыць паспрачацца з асновамі кінадраматургіі. І колькі б прыхільнікаў эксперыментаў ні было, у сінема ёсць падмурак, які разбураць рызыкоўна. І дзеянне — адзін са стаўпоў таго фундаменту. 

ЛІШНІ ІНГРЭДЫЕНТ: ДЫЯЛОГ 

У “Аліўе” канфлікт, яго вырашэнне, а таксама раскрыццё персанажаў заключаюцца ў размовах. Аўтары нават уводзяць дадатковыя рэплікі ў жанры стэндапа. Такі прыём прэтэндаваў бы на званне разыначкі карціны, але ён занадта часта паўтараецца. Маналогі некаторых герояў можна было ўвогуле пакінуць за кадрам і захаваць у сцэнарыі толькі першы стэндап, зачытаны ўнукам Дзімам, ды апошні, сатырычны — Верынаў. У фільме адразу б з’явіўся сімвалізм, што адкрыў бы дзверы да падтэксту, падкрэсліў бы падабенства персанажаў, іх агульныя маральныя каштоўнасці, сувязь пакаленняў. А развязка стала б ярчэйшай: да гісторыі далучыўся б глядач, каб распутаць сэнсавыя ніці. 

Адна праблема цягне за сабой другую: у фільме няма галоўнага героя. Усім персанажам адведзена аднолькавая колькасць хвілін. Такім чынам, сюжэт страчвае цэнтральную фігуру, якая дзейнічае больш за ўсіх і за развіццём якой трэба сачыць. Спачатку здаецца, што такая роля адведзена Міхаілу Верыну. Гэта было б лагічна, але яго ўдзел у гісторыі мінімальны, і мы да апошняй хвіліны не ведаем, дзеля чаго Верын паклікаў дзяцей і арганізаваў ім “праверку”. Каб змяніць некалькі радкоў у завяшчанні? Такая здагадка не пацвярджаецца сюжэтам, бо мэта героя не абазначана. 

ВАЖНЫ ІНГРЭДЫЕНТ: ПЕРСАНАЖ 

Недастатковая прапрацоўка герояў прывяла да непераканаўчай ігры: акцёры зляталі з роляў і пачыналі рэагаваць ад свайго ўласнага імя. Бянтэжылі таксама інтанацыі і міміка: няўпэўненыя, сціснутыя. Яны адразу выдавалі: акцёр не ведае, не адчувае свайго героя менавіта праз тое, што роля не прапісана як след. 

З першых хвілін святочную атмасферу разбіла ігра Сяргея Шакурава (Верын). Акцёр так імкнуўся паказаць вобраз знакамітага сатырыка, што нават не заўважыў, як ператварыўся ў героя нейкага тэлешоу. Праз гэта ўся сімпатыя да Верына не склалася з самага пачатку: ён не быў блізкім ні да акцёра, ні да гледача. 

Неадназначнай выглядае і роля Ірыны Пегавай (Карына). Мабыць, актрысе так і не ўдалося да канца зразумець сваю гераіню: у міміцы і жэстах артысткі на пачатку фільма чыталася няёмкасць. Аднак у сярэдзіне Ірына разагрэлася, і ігра стала больш пераканаўчай, хаця ў некаторых сцэнах не хапіла амплітуды ў змене настрою. Марыне Пятрэнка (Саша) пашанцавала менш: яе гераіню, здаецца, прапісалі горш за ўсіх. Таму актрысе было цяжка адчуць персанажа. Тым больш што Сашу абдзялілі дакладнай жыццёвай пазіцыяй і яе рэплікі былі надта тэатралізаваныя: у іх адсутнічала шчырасць. 

А вось Станіславу Дужнікаву (Віктар) удалося якасна паглыбіцца ў свайго персанажа: лёгка, без пераігрыванняў і заціскаў. Прыкметная работа акцёра над роллю: Станіслаў раскрыў героя. Зразумелы гле¬ дачу, Віктар выклікаў спачуванне. Сапсаваў уражанне недарэчны маналог-стэндап. 

Бадай, адзіным героем, развіццё якога адлюстравалася ў дзеянні, была Ліза, ролю якой выканала Алена Палянская. У Лізы ёсць дакладная пазіцыя і мэта, таму актрысе ўдалося максімальна прапусціць гераіню праз сябе. За ігрой Алены было прыемна назіраць яшчэ з той прычыны, што артыстка натуральна адчувае эмацыйны спектр: ні адна рэакцыя не была празмернай. Ліза, хаця і з’яўлялася персанажам другога плана, эвалюцыянавала як герой: перайшла з пасіўнай бязвольнай пазіцыі ў актыўную і адстаяла свае інтарэсы. 

СХАВАНЫ ІНГРЭДЫЕНТ: СЭНС 

Адсутнасць цэнтральнай фігуры ставіць рубам пытанне развіцця персанажаў. У “Аліўе” героі не прагрэсіруюць: для гэтага проста няма ўмоў, пастаянных перашкод на шляху да мэты. Ды і дзеянне сядзіць на ланцугу ў дыялогаў. А калі персанажы не змяняюцца, то і годныя ідэі не праяўляюцца. У фільме гучаць актуальныя для сучаснага чалавека тэмы. Аўтары ўказваюць на недарэчнасць фемінізму ці, напрыклад, на тое, што дзеля шчаслівага жыцця трэба працаваць, а не сядзець склаўшы рукі. Спрабуюць і выкрыць навязаныя каштоўнасці ды трэнды. Шкада, але ў карціне гэтыя пытанні адбіваюцца толькі ў крыштальным перазвоне рэплік. Як людзі павінны засвоіць урок, калі стваральнікі стужкі не даюць наглядны прыклад? Героі, чые словы маюць падтэкст “будуй жыццё сам”, лянівыя, не жадаюць рухацца наперад, прыкладаць намаганні. Таму ў фінале гэта ўсё яшчэ людзі, якія спадзяюцца атрымаць кватэру, хаця і хаваюць свае намеры. Аўтары спрабуюць аб’яднаць персанажаў духоўнымі каштоўнасцямі, але, па сутнасці, такой ніткай звязаны толькі Верын і яго ўнук. І сцэна, дзе ў галавы сям’і здараецца прыступ, падкрэслівае: кінуцца на дапамогу дзяцей штурхнула натуральная чалавечая рэакцыя. У рэшце рэшт яны нічога не зразумелі, а шчырыя перажыванні ці то засталіся за кадрам, ці то ўвогуле адсутнічалі. Вось і атрымліваецца, што гісторыя нічому не вучыць, бо яе героі не сталі лепшымі. 

У ПОШУКАХ СВАЙГО РЭЦЭПТА “Аліўе” 

змешвае ў агульнай місцы патрэбныя і лішнія сцэны. Фільму крытычна не хапае дзеяння і прасторы для дыхання. У выніку карціна атрымалася шумная і душная, але ўсё ж такі з рэдкімі пробліскамі жыццяздольных эпізодаў. Напэўна, каб стварыць годны прадукт, варта надаваць больш увагі якаснай прапрацоўцы персанажаў і не забывацца на магчымасці кіно, якое дазваляе змясціць у дзеянні тое, што не заўсёды належыць уключаць у дыялог? Высокіх ідэй недастаткова, каб утрымаць фільм: патрэбная трывалая база — сцэнарый. Дарэчы, падчас пошукаў уласнага спосабу “гатавання” кіно не лішнім было б павучыцца ў іншых “павароў”. І толькі пасля, можа, і атрымаецца вынайсці свой унікальны рэцэпт. 

Яўгенія ГАБЕЦ