Вясковая самадзейнасць, карпатлівая вучоба, руплівая праца, сцэнічны і тэлевізійны вопыт… Крок за крокам Аляксей Будзько ішоў да прафесіі, што сёння прывяла яго ў ВІА “Песняры”. З чаго складаецца зорны час маладога саліста, якому даверылі працягваць гісторыю знакамітага калектыву?

8.00. СІЛА ПАДЗЯКІ
Раніца для Аляксея Будзько пачынаецца ў першую чаргу з… падзякі. За новы дзень, за магчымасць займацца любімай справай, за людзей, што побач. Звычка простая, але вельмі паказальная для чалавека, які трапіў на вялікую сцэну з маленькага аграгарадка Вялікае Малешава на Століншчыне. Хлопец рос у сям’і, дзе любілі спяваць, таму выхад да публікі не здаваўся чымсьці далёкім і недасяжным. У клубе заўсёды знаходзілася месца для таго, хто валодае голасам, умее іграць і не хаваецца ад людзей.
— Пачынаў з самадзейнасці ў Доме культуры гадоў з 12, — расказвае артыст. — Таксама выступаў у школе падчас мерапрыемстваў. Заўсёды было цікава ўдзельнічаць ва ўсялякіх імпрэзах. Гурткоў, як у буйных гарадах, дзе можна развівацца прафесійна, у нас не было.
Пасля 11 класаў Аляксей вырашыў паспрабаваць свае сілы і падаў дакументы на аддзяленне эстраднага вакалу ў Брэсцкі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Рыгора Шырмы. Таленавітага хлопца прынялі — і з гэтага моманту аматарскі запал пачаў перарастаць у справу жыцця.

11.00. АДНАГО ТАЛЕНТУ МАЛА
У каледжы юнак упершыню асэнсавана пагрузіўся ў музычную грамату, вакальную тэхніку, гісторыю музычнай культуры. Тое, што раней існавала на ўзроўні інтуіцыі, пачало набываць дакладныя абрысы.
— Вельмі цікава было вучыцца. Хоць цяпер разумею: мог бы асвоіць значна больш, калі б з дзяцінства меў падрыхтоўку.
Нават сёння, маючы за плячыма сур’ёзны сцэнічны вопыт, спявак не лічыць сябе майстрам, якому падуладна ўсё. Кожны новы этап — нагода нешта пачуць, дапрацаваць, зразумець глыбей.
Пасля каледжа ён вярнуўся ў родны раён па размеркаванні настаўнікам у Альшанскую дзіцячую музычную школу. Два гады выкладчыцкай працы сталі для яго асобным этапам.
— Калі пачынаеш выкладаць, інакш бачыш і ўласныя навыкі. На памылках вучняў больш дакладна разумееш, дзе і як лепш фарміраваць гук. Побач з дзецьмі расцеш і сам: развіваеш слых, дыханне, увагу, здольнасць аналізаваць — усё тое, чаго раней не хапала ва ўласнай падрыхтоўцы.
Вяртанне ў родны край абудзіла жаданне рухацца далей. Аляксей вырашыў працягнуць навучанне і падаў дакументы на эстраднае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
— У БДУКМ прыйшоў ужо ў сталым узросце і зусім з іншым стаўленнем да вучобы. Дакладна ведаў, чаго хачу ад навучання. А галоўнае — усвядоміў: аднаго таленту мала.

13.00. МУЗЫКА Ў ФОРМЕ
Пасля заканчэння ўніверсітэта Аляксей па размеркаванні стаў салістам-вакалістам узорна-паказальнага аркестра ўнутраных войск Рэспублікі Беларусь.
— Гэта зусім іншая адказнасць. Ты існуеш толькі ў агульным гучанні: чуеш аранжыроўку, рэагуеш на дырыжорскія жэсты, утрымліваеш увагу залы і прытым адчуваеш кожнага выканаўца побач. Аркестр прымушае глыбей услухоўвацца ў музыку, ва ўсю палітру гукаў. Шмат гастралявалі па воінскіх часцях, рыхтавалі праграму да 800-годдзя Нясвіжа... Кожная новая пляцоўка ўзбагачала мяне як артыста. Гэта быў яшчэ адзін важны пласт у развіцці.

15.00. РЭЦЭПТ УПЭЎНЕНАСЦІ
Істотную ролю ў прафесійным сталенні Аляксея адыграла конкурсная дзейнасць. Першае значнае спаборніцтва — “БелАЗаўскі акорд”, перамога ў якім пацвердзіла: ён можа канкурыраваць на высокім узроўні.
Потым — “Фактар.BY”. Тэлевізійны праект адкрыў зусім іншы маштаб вопыту. Камера патрабуе большай дакладнасці, чым глядач у зале. Тэлестудыя дыктуе свае правілы: хуткасць, канцэнтрацыя, уменне працаваць у стрэсавых умовах. Тут недастаткова проста добра спяваць.
— Адчуў увесь спектр прафесійных якасцей, якія мне яшчэ трэба ўдасканальваць: не толькі вакал, але і работу перад камерай, харэаграфію, хуткае запамінанне матэрыялу.
Аляксей стаў суперфіналістам трэцяга сезона “Фактар.BY”. Затым у кар’еры з’явіліся новыя буйныя пляцоўкі: святкаванне Дня Незалежнасці ў сталічным Палацы спорту, выступленні на Дні горада Мінска на Нямізе, удзел у II Гульнях краін СНД.
На фінальным нацыянальным адборы XXXI Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2022” спявак заняў другое месца.
У скарбонцы дасягненняў — і лаўрэацтва спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
— Галоўны сакрэт упэўненасці — добра прапрацаваны матэрыял і назапашаны досвед. Чым больш працуеш на розных мерапрыемствах, з рознай апаратурай і акустыкай, тым хутчэй адаптуешся да сцэнічных абставін і адчуваеш сябе камфортна.
17.00. ПАКАЗЧЫК УПАРТАСЦІ

Нацыянальны адбор конкурсу выканаўцаў эстраднай песні на Славянскім базары ў Віцебску звёў Аляксея Будзько з ВІА “Песняры”. Мастацкі кіраўнік калектыву Раман Козыраў быў у складзе журы і пасля прапанаваў маладому артысту прыйсці на праслухоўванне.
— Ніколі б не падумаў, што стану салістам легендарнага ансамбля. Для мяне гэта паказчык: я расту, развіваю свае навыкі, раз такі высокапрафесійны калектыў мяне заўважыў.
У гэтых словах няма самахвальства, як няма і спробы спісаць поспех на выпадковасць. Аляксей успрымае новы статус як вынік таго шляху, што пачаўся калісьці на маленькай сельскай сцэне.
— Сёння побач са мной дружалюбныя і прафесійныя музыканты, з якімі лёгка размаўляць і не сорамна папрасіць дапамогі ці парады. Такія артысты могуць на пальцах растлумачыць, як і што зрабіць, каб прыйсці да добрага выніку.
19.00. АДНАЎЛЯЮЧЫ СІЛЫ

Пры ўсёй насычанасці прафесійнага жыцця ў Аляксея ёсць час, калі мікрафон застаецца ўбаку, а рытм сцэны саступае месца звычайным чалавечым радасцям. Спявак любіць глядзець кіно, выбірацца на прыроду, займацца спортам. Асаблівае месца займаюць сям’я і сябры.
— Пасля рэпетыцый, выступленняў і пастаяннай канцэнтрацыі хочацца змяніць абстаноўку, пабыць на свежым паветры, паглядзець фільм або правесці вечар у коле блізкіх. Такія простыя рэчы дапамагаюць разгрузіць галаву, аднавіцца і вярнуцца да музыкі з новымі сіламі.
22.00 ЗАСТАВАЦЦА ЧАЛАВЕКАМ

Аляксей ведае, чаго хоча ад будучыні. Мэты ў яго канкрэтныя: замацавацца ў прафесіі і развіваць сваю маладую сям’ю. Пры гэтым ён выразна акрэслівае мяжу, якую нельга пераступаць ні дзеля сцэны, ні дзеля званняў.
— Трэба заўсёды заставацца чалавекам. А ўжо потым прафесія і статус.
Гэтае правіла дакладна адлюстроўвае кар’ерны шлях нашага героя. У ім не было рэзкага скачка з невядомасці да шырокай аўдыторыі. Спрацавала тое, што Аляксей лічыць галоўнымі арыенцірамі:
— Мэтанакіраванасць, працавітасць, жаданне аддавацца сцэне, шчырасць перад сабой і публікай. Усё астатняе — тэхнічныя моманты.
Сёння гэтыя “тэхнічныя моманты” ўжо складаюць сур’ёзны прафесійны багаж спевака. Ён ведае, што такое сцэна перад жывой залай і камерай, як паводзіць сябе на вялікай пляцоўцы, чым адрозніваецца работа з аркестрам, умее хутка вывучаць матэрыял і слухаць не толькі сябе.
Але, бадай, самае важнае — Аляксей Будзько не спыняецца на дасягнутым. І новы статус для яго не фінальная кропка, а чарговы штуршок да наступнага этапу.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва героя