Ⅲ

Мірскі замак: шлях да 500-годдзя. Выпуск 10

“Захоўваючы мінулае, умацоўваем сучаснасць і з упэўненасцю глядзім у будучыню. Такая фраза абсалютна дакладна адлюстроўвае баланс паміж беражлівымі адносінамі да спадчыны і адказнасцю за яе актуальнасць заўтра”, — гаворыць дырэктар музея “Замкавы комплекс «Мір»” Аляксандр Лойка. І гэта не проста словы, а прынцып, якога кіраўнік трымаецца ў прафесійнай дзейнасці.

 

З Мірскім замкам Аляксандра Часлававіча звязваюць гады працы. Яшчэ ў 2007—2011-м ён, будучы начальнікам упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, удзельнічаў у шматлікіх нарадах, прысвечаных рэстаўрацыі архітэктурнага помніка.

А ў лістападзе споўніцца 10 гадоў, як Аляксандр Лойка загадвае музеем. За гэты перыяд тут рэалізавана мноства праектаў, якія раскрываюць багатую гістарычную спадчыну Міра і пашыраюць магчымасці яе прадстаўлення.

 

Сёння замкавы комплекс — шматгранная прастора, у якой арганічна спалучаюцца культурны, навукова-асветніцкі і турыстычны складнікі.

— Захаванне гістарычнай сапраўднасці старажытных пабудоў або сучасныя формы працы з наведвальнікамі — чаму вы аддаяце перавагу ў развіцці ўстановы?

— Наша першачарговая задача — зберагчы гістарычны аб’ект у яго аўтэнтычным выглядзе. Менавіта аўтэнтычнасць ляжыць у аснове ўспрымання помніка і дазваляе адчуць сувязь з мінулым. Але ж музей павінен развівацца: неабходна ўдасканальваць формы падачы звестак, павялічваць аўдыторыю, укараняць сучасныя тэхналогіі, што мы і робім.

Так, сёлета ў нас адкрылася некалькі мультымедыйных зон, якія дапамагаюць адлюстраваць гісторыка-культурную каштоўнасць замка і пашырыць уяўленне гасцей пра яго спадчыну. У інфармацыйна-касавым холе ўстаноўлены сэнсарныя экраны — можна здзейсніць віртуальнае падарожжа па комплексе, дазнацца аб прадметах з фондавых калекцый, што не паказаны ў залах.

У пастаяннай экспазіцыі мультымедыйныя тэхналогіі дазваляюць убачыць лічбавыя 3D-мадэлі Мірскага замка, якія адлюстроўваюць яго выгляд у XVI і XVII стагоддзях, а таксама пазнаёміцца з элементамі даспехаў некаторых прадстаўнікоў роду Радзівілаў — гэтыя артэфакты захоўваюцца ў музеях розных краін свету.

Упэўнены, што гістарычны помнік не толькі можа, але і павінен развівацца. Галоўнае, каб інавацыі не замяшчалі аўтэнтычнасць, а дапамагалі наведвальнікам глыбей зразумець мінулае цвярдыні, убачыць яго разнастайныя грані і адчуць сувязь часоў.

— Што ні ў якім разе нельга трансфармаваць у Мірскім замку і яго акружэнні?

— Для любых змяненняў, якія датычацца архітэктурных элементаў або ландшафту музейнага комплексу, неабходныя праектныя рашэнні, узгодненыя Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Таму на аб’ектах з катэгорыяй “0”, як наш, недапушчальна ўносіць сучасныя кампазіцыйныя складнікі або ўсталёўваць пастаянныя канструкцыі, якія парушаюць агульны выгляд гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Для мяне мяжа кампрамісу — усё, што ставіць пад пагрозу аўтэнтычную цэласнасць і гістарычную праўду гэтага ўнікальнага месца.

— Якія напрамкі развіцця ўстановы вы лічыце асноўнымі пры планаванні інвестыцый?

— У першую чаргу трэба ўкладваць сродкі ў людзей. Прынцып “кадры вырашаюць усё” вельмі актуальны і сёння. Калектыўны дагавор, распрацаваны адміністрацыяй музея сумесна з прафсаюзным камітэтам, дазваляе прыцягваць спецыялістаў высокага класа.

Таксама вялікае значэнне мае развіццё тэрыторыі комплексу.

Пасля ўводу ў эксплуатацыю італьянскага саду нас чакае трэцяя чарга рэканструкцыі — аднаўленне англійскага парку: праектна-каштарысная дакументацыя гатова.

У рамках чацвёртай чаргі запланавана адраджэнне палаца князёў Святаполк-Мірскіх з функцыяй гатэля.

Пастаянна ладзяцца работы, звязаныя з захаванасцю аб’екта і бяспекай: даглядаем фасады і дах, агароджу. Далей — праекты, накіраваныя на аднаўленне страчаных элементаў, развіццё турыстычнага патэнцыялу комплексу.

Эканамічная мэтазгоднасць істотная, але не першасная: мы інвестуем туды, дзе відавочны доўгатэрміновы эфект.

— Якім вы хочаце бачыць вынік знаёмства наведвальнікаў з Мірскім замкам?

— Чалавек павінен выходзіць з нашай установы не толькі з прыгожымі фотаздымкамі, але і з адчуваннем датычнасці — да гісторыі, да месца, да людзей, якія яго стваралі. Для мяне важныя і новыя веды, і новыя эмоцыі — абодва вынікі ўзаемадапаўняльныя.

Пэўна, для кожнага музейнага работніка жаданне госця вярнуцца, каб дазнацца і ўбачыць яшчэ больш, — адзін з галоўных крытэрыяў паспяховай працы.

— Пры арганізацыі мерапрыемстваў у замку як знаходзіце баланс паміж адукацыяй і забавай?

— Стараемся абапірацца на навуковую аснову і культурны кантэкст. Спектакль або касцюміраваная праграма мусяць пашыраць экспазіцыю, не падмяняючы яе. Забаўляльнасць вітаецца, калі яна павышае прывабнасць архітэктурнага помніка без скажэння гістарычнай праўды.

— Якія якасці вы лічыце най­больш каштоўнымі для супрацоўніка музея?

— Ён павінен быць прафесіяналам, што спалучае глыбокае веданне аб’екта з сур’ёзным стаўленнем да гасцей і архітэктурнай спадчыны. Цаню ініцыятыўнасць і адказнасць. Дысцыпліна і захаванне працэдур — абавязковыя. Але самае галоўнае — людскасць і прыстойнасць. Калі няма гэтых якасцей, то ўсе астатнія — бескарысныя.

— Налета Мірскаму замку споўніцца 500 гадоў. Якім вы бачыце ключавы вынік такой падзеі?

— Юбілей дазволіць зразумець доўгатэрміновую стратэгію прыцягнення аўдыторыі. Важна тое, што застанецца пасля свята, — палепшаная інфраструктура гарадскога пасёлка Мір, якая і надалей будзе даступная не толькі мясцовым жыхарам, але і нашым турыстам.

— Што для вас слова “Мір”?

— Яно шматзначнае. Гэта і назва населенага пункта, і адсылка да згоды пакаленняў, і прастора для дыялогу паміж гісторыяй і сучаснасцю. Мір — гэта адказнасць за захаванне спадчыны і за тое, каб яна служыла людзям сёння і заўтра.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота з архіва Аляксандра ЛОЙКІ

MAX TikTok