Беларускія карані Дзмітрыя Шастаковіча сёння добра вядомыя. 120-годдзю з дня нараджэння кампазітара прысвячаўся юбілейны Х Міжнародны фестываль “У Шэметаве ў Шастаковічаў”, а таксама шматлікія іншыя мерапрыемствы ў сталічнай філармоніі і нашым Вялікім тэатры. Сёлета свята складалася з двух філарманічных канцэртаў. Ды якіх!

Жэром Гішар
І папоўнілася майстар-класам знакамітага французскага габаіста Жэрома Гішара. Ён з зайздросным пастаянствам упрыгожвае праграмы форуму і шчыра дзеліцца таямніцамі валодання інструментам.

КАНТРАСТЫ
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з Аляксандрам Анісімавым прадставіў шастаковічаўскія творы, згадаўшы, што ў 2026-м — роўна стагоддзе з прэм’еры Першай сімфоніі вялікага расійскага аўтара. Праграма завяршалася магутнай, маштабнай апошняй сімфоніяй кампазітара — № 15. А пачыналася аркестравым фрагментам з оперы “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета” — знакамітай пасакаліяй. Дырыжор выдатна адбудаваў у ёй непарыўную лінію разгортвання ад затоенай трагедыі да цяжкага драматычнага поступу і ціхага адыходу, дзе фінальны акорд асацыіраваўся з перадсмяротным уздыхам.
Фартэпіянны канцэрт № 1, наадварот, намаляваў кантрасны партрэт “хуліганістага” Шастаковіча ранняга перыяду. У гэтай кампазіцыі ёсць яшчэ адзін інструмент, які саліруе, — труба. Лаўрэат міжнародных конкурсаў піяніст Аляксандр Данілаў і трубач Уладзіслаў Няміра цудоўна адлюстравалі непадробнае пачуццё музычнага гумару, закладзенае ў партытуру. І раскрылі ўсе тонкасці спалучэння розных тэмбраў. Труба то знаходзілася на адной хвалі з раялем, то выступала яго своеасаблівым альтэр эга ці “перасмешніцай”. Давала каментарыі, ператвараючыся з чорціка з табакеркі ў паўнавартаснага гаспадара. А пасля разам з аркестрам салісты расстаўлялі ўсе кропкі над “і”. Апроч разнастайнасці гучанняў, дзе спляліся фарбы і сэнсы, музыканты прыўнеслі ў выкананне элементы інструментальнага тэатра: позіркі, міміку, артыстызм “узаемаадносін” — дзе камічных, а дзе і азораных філасофскім падыходам. І ў фінале дэманстратыўна паціснулі адзін аднаму рукі — як роўныя партнёры.

Аляксандр Анісімаў
МОЦ І АРТ
У доме Шастаковіча і на радзіме яго продкаў у Шэметаве, што на Мядзельшчыне, заўжды іграла самая розная музыка. Таму другая фестывальная вечарына была звязана з яшчэ адным юбілеем — 270-годдзем з дня нараджэння Моцарта. Праграма “Музычныя дынастыі. Тры пакаленні Моцартаў” утрымлівала глыбокі асветніцкі аспект, бо не самыя вядомыя творы аўстрыйскага генія спалучаліся са спадчынай яго бацькі і першага настаўніка Леапольда і малодшага сына Франца Ксавера. Шмат цікавых звестак агучыла Алена Касарэўская з Мядзела, што і раней вяла многія канцэрты свята. Але ключавым адкрыццём стала сама музыка.
Сімфонія Леапольда Моцарта аказалася вельмі мініяцюрнай. Кожная з трох частак грунтавалася на адной цэнтральнай тэме, развіццё якой нагадвала будучыя абрысы гэтага жанру. Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Аляксандра Высоцкага добра падкрэсліў барочныя супрацьпастаўленні гучных і ціхіх паўтораў у фінале.
Фартэпіянны канцэрт Франца Ксавера Моцарта выконваўся ў нас упершыню. Імя аўтара, добра вядомае пры яго жыцці, сёння амаль цалкам забыта. Дарма! Бо музыка кампазітара, што знаходзілася на мяжы класіцызму з сентыменталізмам, набліжала рамантычныя павевы. У другой жа частцы чуліся фразы, уласцівыя знакамітаму паланэзу Міхала Клеафаса Агінскага. Але сказаць, што хтосьці ў кагосьці спісваў, няправільна. Бо абодва гэтыя кампазітары звярталіся да агульнага інтанацыйнага слоўніка эпохі. Выкананне аркестра і знанай піяністкі Наталлі Котавай-Громавай атрымалася вельмі дакладным па стылі. Россыпы гукаў спалучалі неспалучальнае — бляск і цеплыню. У сольнай кадэнцыі ўзніклі ноткі трывогі, драматызму. А ўвесь матэрыял быў пераасэнсаваны ў адкрытым рамантычным ключы.

На такім фоне яшчэ больш дасканалай, неверагодна прыгожай паўстала музыка Вольфганга Амадэя Моцарта. Ранняя 25-я сімфонія прывабіла гарманічнасцю, меладычнай вынаходлівасцю. Сапраўдны моцартаўскі голас — трапяткі, з мяккай вібрацыяй і лёгкай серабрыстасцю — прадэманстравала Марыя Гладзікава ў канцэртнай арыі для сапрана і фартэпіяна з аркестрам. У габойным канцэрце інструмент Жэрома Гішара нагадваў флейту, прыцягваў філіроўкай, багаццем штрыхавой тэхнікі. Кантылена набліжалася да сонечных скрыпічных адценняў. А ў фінале тэмбр габоя быў падобны то на кітайскія званочкі, то на беларускія цымбалы.
ПРАЕКТЫ
Вялікі тэатр Беларусі далучыўся да шастаковічаўскага юбілею ў рамках іншага фестывалю — міжнароднага “Дня Шастаковіча”, што ладзіць Расія. Доктар гістарычных навук Юлія Кантар з Санкт-Пецярбурга прачытала лекцыю “Прысвячаецца гораду Ленінграду. Сёмая сімфонія Д. Шастаковіча і «Блакадная кніга» А. Адамовіча і Д. Граніна як гістарычныя сімвалы”. У фае бельэтажа прайшла выстава “Шастаковіч — паміж радкоў. У коле выканаўцаў”. Экскурсію па ёй правяла выканаўчы дырэктар фестывалю Кацярына Забайрачная. А завяршылася беларуская частка форуму паказам балета “Ілюзіі кахання”, дзе галоўны балетмайстар нашага тэатра Ігар Колб скарыстаў музыку трох кампазітараў — і найперш Шастаковіча.

Яго 120-годдзе шырока святкуецца і на фестывалі “Беларуская музычная восень” у філармоніі. Нашы артысты прадставілі работы гэтага творцы 22 кастрычніка. А 14 лістапада з адпаведнай праграмай прыедзе Дзяржаўная акадэмічная сімфанічная капэла Расіі.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА