50-годдзе творчага шляху адзначыў народны фальклорны калектыў «Валэйчанка». Адданых прыхільнікаў яго творчасці сабраў святочны канцэрт у аг. Солы.

У 1976 годзе на базе Валэйкавіцкага сельскага клуба быў створаны калектыў «Валэйчанка». Ганаровае званне «Народны» калектыў атрымаў у 1991-м, стаўшы сапраўдным захавальнікам культурнай спадчыны.

Пяць дзесяцігоддзяў – гэта цэлая эпоха, напоўненая натхненнем, шматлікімі выступленнямі і заслужаным прызнаннем гледачоў.

Песні ў выкананні «Валэйчанкі» гучалі на сенакосах, фермах, у палях, ліліся з мясцовага клуба падчас канцэртных праграм, шчодра папаўняючы песенную спадчыну Смаргоншчыны.

У святочны вечар на сцэну са сваімі творчымі падарункамі таксама выйшлі ўдзельнікі народнага ансамблю песні «Вечарынка», народнага фальклорнага калектыву «Кужэліца», творчы калектыў Бялкаўшчынскага Дома культуры, а таксама артысты Залескага, Лылойцінскага і Крэўскага дамоў культуры.

Святлана ЖАБІНСКАЯ, метадыст Смаргонскага раённага цэнтра культуры