Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала новую экспазіцыю "Білет у вечнасць".

Выстава прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння Віктара Цімафеевіча Турава — выдатнага кінарэжысёра, аўтара шматлікіх дакументальных, дзіцячых кінастужак, экранізацый твораў літаратурнай класікі.

Адной з галоўных, найбольш выпакутаваных экранных тэм у творчасці майстра стала Вялікая Айчынная вайна і лёсы людзей у той страшны час, удзельнікам падзей якога ён быў сам.

— Выстава прадстаўляе панараму даследаванняў творчасці Віктара Турава, праведзеных вядучым беларускім кінакрытыкам Антанінай Карпілавай, архівістамі і супрацоўнікамі Музея гісторыі беларускага кіно, дзе захоўваецца дакументальная спадчына кінарэжысёра, — расказалі ва ўстанове.

Акцэнтамі экспазіцыі з'яўляюцца сцэнарыі фільмаў "Я родам з дзяцінства", "Вайна пад стрэхамі", стужак з трылогіі "Палеская хроніка", "Меншы сярод братоў", "Пераправа" і іншых.
Крыніца: НББ
Служба інфармацыі “КіМ”