Адданы рыцар архітэктуры

З гнязда выбітных...

1 жніўня 1965 года з невялікай валізкай (кнігі папярэдне адправіў багажом) я выходжу з вагона цягніка на перон мінскага вакзала. Мяне, выпускніка Ленінградскага ўніверсітэта, які прыехаў па накіраванні на працу ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР, сустракае не толькі мама, але і слынны дырэктар таго самага музея — Алена Аладава. Тут варта ўдакладніць, што яны даўно ўжо былі ў цёплых прыяцельскіх стасунках.

З Аленай Васільеўнай прыехаў і яе сын Вальмен. На той момант яму — 35. Бяром таксоўку і ўчатырох едзем дадому да Аладавых, на вуліцу Янкі Купалы, 17/30, дзе нас чакаюць галава сям’і — вядомы кампазітар Мікалай Ільіч, малодшы сын, тэатрал Гельмір і дачка Радаслава, студэнтка кансерваторыі.

Вось так я пазнаёміўся з Вальменам Мікалаевічам. Калі не памыляюся, тады ён узначальваў даследча-канструктарскае бюро Міністэрства гандлю БССР.

З тых часоў мы сябравалі — больш за паўстагоддзя, да канца жыцця выбітнага архітэктара. Сябравалі па-сапраўднаму, хоць сам-насам сустракаліся не вельмі часта. Часцей на мастацкіх вернісажах, на юбілеях нашых агульных сяброў — архітэктараў і мастакоў, на канцэртах і спектаклях, у майстэрнях жывапісцаў і скульптараў… А яшчэ — у аладаўскім сямейным коле, асабліва ў дні нараджэння Алены Васільеўны.

Запомніўся і мой юбілей 2010 года, які быў урачыста адзначаны ў Нацыянальным мастацкім музеі. Заслужаны архітэктар, тагачасны прэзідэнт Акадэміі архітэктуры Беларусі Вальмен Аладаў прамаўляў з гэтай нагоды надзвычай душэўныя словы. А яшчэ ўручыў мне Ганаровую грамату Акадэміі за “значны ўнёсак у справу развіцця і прапаганды беларускага мастацтва і нацыянальнай архітэктуры”.

…А я прыгадваў, як тады, у 1965-м, некалькі дзён кватараваў у сям’і Аладавых. За гэты час Вальмен столькі цікавага распавёў мне пра няпростую гісторыю жыцця яго бацькоў і яго самога, што гэтага хапіла б на вялікую сямейную сагу. На жаль, яна пакуль не напісаная. Хаця куды пазней я часткова ўключыў успаміны членаў гэтай неймавернай сям’і ў кнігу “Алена Аладава. Музей — яе лёс ”(2006).

У гады вайны сям’я была ў эвакуацыі, а ў 1944-м вярнулася ў Мінск, дзе па першым часе жыла… непасрэдна ў кабінеце Мікалая Ільіча, рэктара кансерваторыі! Потым Вальмен вучыўся ў 42-й сярэдняй школе разам з Уладзімірам Воінавым — сынам вядомага архітэктара — і будучым Нобелеўскім лаўрэатам Жарэсам Алфёравым — з ім нават давялося сядзець за адной партай!

У восьмым класе хлопец ужо ведаў: будзе дойлідам. Бацькі былі толькі “за”. Паступіў у Маскоўскі архітэктурны інстытут. Пасля заканчэння вярнуўся на радзіму. Гэта быў час, калі ў Беларусі, паводле слоў Вальмена, “быў страшны голад на архітэктараў”. Першым сапраўдным настаўнікам для яго стаў кіраўнік Белдзяржпраекта Георгій Уладзіміравіч Заборскі. З аднаўлення зруйнаванага Мінска і пачалася творчая кар’ера маладога дойліда, якая прывяла яго на самую вяршыню архітэктурнага Алімпу.

А першым сур’ёзным крокам у самастойнай архітэктурнай дзейнасці Вальмена было стварэнне ім інстытута па праектаванні аб’ектаў гандлю і харчавання — “Белгипроторг”. У яго творчай біяграфіі — больш за сто ажыццёўленых праектаў жылых і грамадскіх будынкаў. Сярод іх — Рэспубліканскі спартыўны комплекс “Раўбічы”, Камароўскі крыты рынак, універсамы “Фрунзенскі”, “Цэнтральны” і “Серабранка”, гаспадарчы корпус Дома ўрада, Майстэрня-музей Заіра Азгура, піянерскі лагер у Анапе, цудоўны Свята-Троіцкі храм у Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці… А яшчэ — афармленне выстаў народнай гаспадаркі Беларусі ў Лейпцыгу, Плоўдзіве, Маскве.

Словам, спадчына Вальмена Мікалаевіча ў архітэктурнай прасторы Беларусі і за яе межамі вялікая і па-сапраўднаму пакуль не прааналізаваная. А яшчэ ён — аўтар 70 публікацый па праблемах нацыянальнай архітэктуры. І, канешне, выдатны педагог, прафесар, які выхаваў не адно пакаленне маладых архітэктараў.

…Прыгадваю, ён аднойчы сказаў: “Не магу не праектаваць, гэта нібы не есці ці не дыхаць. Але я не заўсёды ўхваляю тое, што ў нас праектуецца. Кожны архітэктар працуе па-свойму. Не хачу нікога вучыць. Аднак ёсць рэчы, якія рабіць нельга. Не трэба размалёўваць дамы ва ўсе колеры вясёлкі. Гэта ўжо не архітэктура. Нельга лезці ў гістарычны цэнтр Мінска: там ансамбль сусветнага значэння. Трэба берагчы, а не разбураць. Інакш Мінск можа страціць тое сваё аблічча, якое некалі мы стваралі…”

Барыс КРЭПАК,

заслужаны дзеяч

мастацтваў Беларусі

Патройная страта

Вальмен Мікалаевіч дзівосным чынам спалучаў у сваёй асобе тры якасці: таленавіты архітэктар, аўтарытэтны кіраўнік і дасведчаны педагог. Паверце, гэта вельмі рэдкая здольнасць. Таму можна казаць, што разам з яго сыходам мы панеслі патройную страту.

Як архітэктару яму выпала прайсці праз вельмі складаны час — злом эпох. Недарэмна ж у Кітаі, згодна з вядомай прымаўкай, зычаць жыць у такія перыяды адно сваім ворагам… Я пра даволі рэзкі пераход ад неакласікі 40-50-х да новай архітэктуры — яшчэ не авангарду, які з’явіўся ў нас пазней, але ўжо куды больш свабоднай па формах, кампазіцыі, дынаміцы.

Здавалася б, Аладаў, які пачынаў яшчэ ў сталінскую пару, адбудоўваючы разам са старэйшымі калегамі паваенны Мінск, мусіў адчуць тую хрушчоўскую змену курса балюча. Але ён здолеў вельмі хутка ўспрыняць і палюбіць новае. Пры гэтым не адмаўляючыся ад старога — што і тады, падчас “барацьбы з празмернасцямі”, ды і цяпер, на жаль, многія робяць. Бо ў нас парою развіццё разумеецца як патрэба зацерці ўвесь папярэдні досвед: «Мы наш, мы новый мир построим...».

Аладаў такім ніколі не быў. Думаю, ён успадкаеміў тую высокую культуру ад сваіх бацькоў — вялікіх рупліўцаў на ніве Хараства. І ўжо праз сваё выхаванне разумеў, што нігілізм, адмаўленне папярэднікаў — гэта тупіковы шлях. Павінна быць пераемнасць, развіццё ідэй. Лічу, гэта вельмі прынцыповая ў яго творчым жыцці ўстаноўка.

І пры гэтым ён быў сапраўдным наватарам. Памятаю, які фурор выклікаў ягоны павільён Камароўскага рынку! На мой погляд, будынак і сёння цікавы і актуальны, ён дасюль уражвае, выдатна арганізуе прастору. Але на той час гэта была сапраўдная рэвалюцыя: разняволенне мыслення, выхад за адведзеныя рамкі…

Тут варта адзначыць, што пасля параднай, выкшталцонай архітэктуры галоўнага мінскага праспекта Вальмен Мікалаевіч звярнуўся да зусім іншай тэмы: эстэтычнага абсталявання побыту простага савецкага чалавека. Той жа спраектаваны Аладавым першы ў Мінску універсам — “Фрунзенскі” — альбо ўнівермаг ЦУМ… Сённяшняе пакаленне ніколі не здолее ўявіць, які гэта зрух для свайго часу. Раней вялікі гандлёвы аб’ект у нас быў толькі адзін — ГУМ, збудаваны яшчэ ў сталінскія часы. Але і ён з’яўляўся хутчэй прадстаўнічай архітэктурай, “вітрынай сацыялізму”. Тавару ў ёй практычна і не было.

Аднак у 70-я дабрабыт беларусаў прыкметна ўзрос. Бадай у кожнага з’явілася магчымасць у вольны час пахадзіць па крамах, нешта там павыбіраць, потым пайсці ў рэстаран… І для архітэктараў гэта стала своеасаблівым выклікам часу. Аладаў разумеў, што сутнасць яго прафесіі — тым выклікам адпавядаць. Функцыянальна, але адначасова і творча.

Менавіта для праектавання аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання Вальмен Мікалаевіч стварыў адмысловы інстытут — “Белгипроторг”. Ён быў на хвалі свайго часу і лічыўся адным з вядучых у рэспубліцы. Аладаў здолеў сабраць выдатны калектыў, які вызначыў развіццё цэлага архітэктурнага напрамку. І гэтае спалучэнне творчай асобы і выбітнага кіраўніка само па сабе не можа не ўражваць.

…Усё гэта я цудоўна ўсведамляў, заходзячы некалі да яго ў дырэктарскі кабінет, каб папрасіць водгук на сваю дысертацыю. На той момант я — лічы, хлапчанё (прынамсі, мне сёння так здаецца). Нядаўна скончыў тагачасны палітэх (цяперашні БНТУ), паступіў у аспірантуру… А ён — ужо прызнаны мэтр. Сапраўдны аўтарытэт у маіх — і не толькі — вачах. Кіраўнік аднаго з вядучых архітэктурных інстытутаў…

Ды, нягледзячы ні на што, Вальмен Мікалаевіч паставіўся да мяне як да роўнага, таварыша па прафесіі. Я быў прыняты, уважліва выслуханы са сваімі ідэямі, натхнёны шчырымі пажаданнямі развіцця і поспеху… Для мяне тады гэта многае значыла.

І такія стасункі захаваліся ў нас праз доўгія дзесяцігоддзі — да самых апошніх сустрэч. Мяняліся толькі абставіны.

У 90-я гады Вальмен Мікалаевіч стаў актыўна выкладаць. Я разумею, чаму ён хутка набыў вялікі аўтарытэт педагога. З аднаго боку, гэта быў чалавек, які заўсёды меў вельмі прынцыповае меркаванне і не баяўся яго выказаць — што моладзі вельмі імпануе. Але пры гэтым ён ніколі не ціснуў аўтарытэтам, не бравіраваў сваімі высокімі званнямі, якіх меў цэлы россып. Гэта было вельмі важна для наладжвання кантакту са студэнтамі.

Ва ўніверсітэцкай аўдыторыі ён умеў стварыць самае важнае — належную атмасферу. Бо што можа быць істотней у навучальным працэсе за стасункі настаўніка і вучня? І толькі сапраўдны настаўнік адчувае гэтую тонкую грань: з аднаго боку, бескампрамісна несці сваю важную місію, а з другога — не ціснуць аўтарытэтам. Вальмен Мікалаевіч умеў уступаць са сваімі вучнямі ў дыялог.

Таму яго сыход для нашага факультэта, з якім ён доўгі час падтрымліваў самыя шчыльныя стасункі, — асабліва вялікая страта. Столькі пра яго тут засталося добрых чалавечых успамінаў…

І я дзякую лёсу, што мне пашчасціла быць побач з такім выдатным чалавекам. Яго прысутнасць рабіла ўсіх нас разумнейшымі, дабрэйшымі, лепшымі…

 

Армэн САРДАРАЎ,

доктар архітэктуры,

дэкан архітэктурнага

факультэта БНТУ