Цёплая магія бронзы

Андрэй Вераб’ёў даўно ўтрымлівае негалосную пазіцыю самага папулярнага скульптара ўсяе Магілёўшчыны — зямлі, дзе ён нарадзіўся і куды, на сваё творчае шчасце, адважыўся вярнуцца “з вялікага свету”. Мілыя і дасціпныя творы майстра (згадайма хаця б “Помнік Гурку ў Шклове” або “Маленькага прынца”), зафіксаваныя ўжо, пэўна, на мільёнах мабільнікаў. 

Аднак выстава скульптара ў камернай зале Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура паказвае зусім іншае аўтарскае вымярэнне. Тут майстар прамаўляе цішком, бадай шэптам, але на сваёй пазнавальнай і вынаходлівай мастацкай мове. Такога Вераб’ёва добра ведаюць у вузкіх творчых колах, а вось масавы глядач пазнаёміцца з ім пакуль асаблівых шансаў не меў. 

Таму варта задацца пытаннем: наколькі тыя дзве іпастасі супрацьлеглыя? 

АДКРЫВАЮЧЫ ПРАЗ СЯБЕ ЧАЛАВЕКА 

— Пакуль, шчыра кажучы, так, супрацьлеглыя, — прызнаецца сам Андрэй. — Бывае адчуванне, нібы два розныя чалавекі гэта робяць. Прычым тыя камерныя працы для мяне важнейшыя за вялікія гарадскія скульптуры, якія карыстаюцца шалёным поспехам. Бо сітуацыя замовы так ці іначай скіроўвае творчую думку ў вызначанае рэчышча. Але для сябе я вольны рабіць што хачу. 

Назва выставы лаканічная — “Чалавек”. Невялікая зала змясціла ўсяго з дзясятак твораў, пераважна апошніх гадоў. Але кожная работа — нібы асобная гісторыя, адметная ў плане мастацкіх рашэнняў і багатая на сэнсавыя пласты. 

Вось, напрыклад, алегорыя з будысцкім прысмакам “Дрэва жыцця”. Людзі адзін за адным караскаюцца па ствале расліны ўгару, паступова змяншаючыся, каб урэшце стаць галінкамі (менавіта ў гэтым, здаецца, мэта іх шляху). Зрэшты, нехта аступіўся ды сарваўся долу. А вось — твар, які выкрышталізоўваецца з маланкі… Недзе скульптар пакідае небяспечна вострыя грані, а недзе аддае перавагу плаўным лініям, нібы выкшталтаваным марской вадой. 

Некаторыя з гэтых скульптур мінімалістычныя паводле мовы выказвання, а сам чалавек у іх прадстаўлены праз сваю адсутнасць — скажам, праз антрапаморфныя абрысы ўнутры крыжа. Часам аўтар і наогул пакідае паверхню некранутай — каб замест яго прамаўляла сама ідэя. 

А некаторыя працы нібыта захавалі адбіткі пальцаў аўтара — настолькі выразная “рукачыннасць” скульптур. Гледзячы на “Мелодыю”, бачыш, як чалавечыя выявы пераліваюцца ў абстрактную пластыку — як быццам тая самая мелодыя перацякае ў фры-джазавую імправізацыю. 

Затое рысы твару ў большасці выпадкаў знаёмыя. Няцяжка заўважыць, што дзівосныя пераўвасабленні ўласнага вобраза — гэта скразная тэма творчасці Вераб’ёва. Падобны падыход стварае добрую глебу для размаітых псіхалагічных і філасофскіх інтэрпрэтацый. 

— Першы аўтапартрэт я дзеля цікаўнасці паспрабаваў стварыць яшчэ ў тыя часы, калі вучыўся ў школе з мастацкім ухілам. І вось, працуючы дома перад люстэркам, я раптоўна адчуў, як спакваля адкрываю для сябе чалавека. Чалавека наогул — але праз свой твар. Дарэчы, менавіта тады я зразумеў, што хачу займацца толькі скульптурай. 

ВЯЛІКАЕ Ў МАЛЫМ І МАНУМЕНТАЛЬНАЕ Ў КАМЕРНЫМ 

У невялічкай выставачнай зале раптам злавіў сябе на думцы: а што, калі некаторыя з гэтых скульптур шматкротна маштабаваць і ператварыць з камерных у манументальныя? Здаецца, у гарадскім атачэнні яны б выглядалі даволі пераканаўча. Мабыць, доўгі досвед працы ў публічнай прасторы неяк уеўся скульптару ў падсвядомасць: ягоныя “чыста аўтарскія” творы таксама тояць патэнцыял камунікацыі з шырокай аўдыторыяй. 

— Вядома, адным павелічэннем маштабу справа не абыдзецца: памер дыктуе свае хады і рашэнні, — адрэагаваў Андрэй на маю заўвагу. — Але мушу прызнацца: вынесці гэтыя творы ў экстэр’ер — тое, пра што я даўно мару і на што спадзяюся. Хаця пакуль запатрабаваныя больш зразумелыя скульптурныя вобразы. За адным хіба выключэннем — мой “Пясочны гадзіннік”, які я даўно прагну ўвасобіць у вялікім памеры. Гады тры таму зоркі так сышліся, што ён і сапраўды з’явіўся — праўда, у кітайскім горадзепабраціме Магілёва Нанкіне. 

Там ёсць завядзёнка ўпрыгожваць скульптурамі гарадскі лесапарк. А вось у нашых умовах творы Андрэя мне ўяўляюцца ў атачэнні сучаснай забудовы мікрараёнаў, зазвычай пазбаўленых хоць якой урбаністычнай семантыкі ды проста адметнасцей. 

І наўрад ці выпадае палохацца, што работы не блізкія жыхарам мікрараёнаў. Вераб’ёў — гэта не той скульптар, які схільны да празмернай герметычнасці, наўмыснага ўскладнення выказвання. Наадварот — ён адшуквае выкшталцоныя і вынаходлівыя выразы, каб сказаць пра тое, што хвалюе насамрэч кожнага.

Вось, напрыклад, “Кніга жыцця”. Мы перагортваем старонкі, пакідаючы на кожнай адбіткі свайго твару, сваёй прысутнасці. Але, як зазначае аўтар, справа кніга становіцца ўсё танчэйшай… 

— Мне важныя не дыфірамбы гледачоў, але дыялог з імі, — кажа скульптар. — Каб чалавек зірнуў на мой твар на аўтапартрэце — і ўбачыў у ім сябе ды пра сваё падумаў. І стаў, без перабольшвання, маім сутворцам. Вельмі прыемна, калі такія гледачы знаходзяцца. 

НАРМАЛЬНАЕ ЖЫЦЦЁ ГАРАДСКОЙ СКУЛЬПТУРЫ 

Варта адзначыць, што ў выпадку гарадскіх скульптур гэты дыялог часта адбываецца зусім не на “вы”. Мінакі “фоткаюцца” з імі ў розных вынаходлівых паставах або нават залазяць на статуі. Андрэй да такога панібрацтва адносіцца толькі станоўча: 

— Калі людзі ўступаюць з маімі творамі ў непасрэдны тактыльны кантакт — гэта добра. І менавіта гарадская скульптура дазваляе да сябе наблізіцца на такую адлегласць, на якую ў музеі цябе ніколі не падпусцяць. Аднойчы быў да глыбіні душы крануты, назіраючы, як дзяўчынка гадоў трох узаемадзейнічала з носікам лейкі “Маленькага прынца”. Справа ў тым, што з яе павінна сачыцца вада, і малая пра гэта ведала. Але… Можа, водаканал якія рамонтныя працы зладзіў, а мо яшчэ нешта здарылася, і струменьчык не ішоў. Дзяўчынка спрабавала яго “абудзіць”, выклікаўшы ў мяне шалёны прыліў замілавання. 

А што наконт дарослых, якія сваімі пальцамі да непрыстойнасці паліруюць асобныя часткі бронзавых выяў ды яшчэ абгортваюць статуі ў магічныя рытуалы? 

— Думаю, гэта спрацоўвае магія матэрыялу, — кажа творца. — Ніколі не бачыў нацёртых да бляску каменных скульптур. А вось бронза людзей вабіць, бо выклікае ў іх цёплыя эмоцыі, да яе хочацца дакрануцца. У кожным выпадку не трэба за гэта караць, нават калі намер гледачоў ніяк не адпавядаў тваёй аўтарскай задуме. Скажам, немаведама скуль узнікла павер’е, што, каб у цябе дзеткі з’явіліся, трэба памацаць на помніку Гурку кветачку з пчолкай. Камусьці, пэўна, дапамагае, хто ведае. Лічу, такія звычаі — гэта нармальнае жыццё гарадской скульптуры, якое ўжо не залежыць ад яе аўтара. 

Няма сумневу, што і сучасныя творы здатныя правакаваць гледача на ўзаемадзеянне. Прайсціся па калідоры ў форме крыжа з чалавечым абрысам, паназіраць за тым, як падаюць цені галінак дрэва жыцця — гэта не толькі цікавы занятак, але і яшчэ адзін спосаб успрымання мастацтва. У сваю чаргу, я ахвотна паслухаў бы рэха ўласнага голасу, гукнуўшы ў чорную дзірку, якая ззяе сярод адпаліраванай паверхні, адкрываючы паражнечу. Гэта грань аднаго са шматлікіх аўтапартрэтаў скульптара. Ведаю, што Андрэй Вераб’ёў дакладна б на мяне не пакрыўдзіўся. 

Ілья СВІРЫН