Наталля Карчэўская: “Мастацтва — гэта рай на зямлі”

Апублiкавана: 31 студзеня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Суботнія сустрэчы

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

“Гэта дзяржаўны чалавек, адданы нашай краіне, неабыякавы да культуры. Высокі прафесіянал і выдатная жанчына”, — так, віншуючы з залатым юбілеем, ахарактарызаваў рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталлю Карчэўскую намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі. Пазнаёміцца бліжэй з рэктарам аднаго з самых творчых універсітэтаў краіны выправілася “К”. 

— Наталля Уладзіміраўна, спіс Вашых асабістых узнагарод папоўніўся Ганаровымі граматамі Адміністрацыі Прэзідэнта і Савета Міністраў, а таксама нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. У скарбонцы дасягненняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў таксама шмат прэстыжных узнагарод, адна з якіх — спецыяльная прэмія Прэзідэнта. Такая ўвага да вашай працы — дадатковы абавязак ці матывацыя для росту? 

— Перш за ўсё ўзнагароды ўспрымаюцца як імпульс для далейшага развіцця. З аднаго боку, безумоўна, мы адчуваем гонар, паколькі гэта прызнанне нашых заслуг. А з іншага — бачым адказнасць і стымул для пошуку новых шляхоў і формаў работы. 

— За высокімі дасягненнямі ўніверсітэта, бясспрэчна, стаіць праца кожнага яго работніка. Але ўсё ж такі менавіта дзякуючы кіраўніку гэтыя поспехі аб’ядноўваюцца і павялічваюцца. Вы прайшлі шлях ад студэнткі да рэктара. Веданне таго, як усё арганізавана знутры, дапамагае Вам у справе? 

— Канешне, бо я з многімі знаёмая асабіста, ды гісторыя ўніверсітэта разгортвалася на маіх вачах. Мабыць, апыніся я ў іншым месцы, было б складаней: патрабаваўся б час, каб адчуць нюансы. Тут я ўжо ведаю сістэму, і нават калі даводзіцца паглыбляцца ў работу розных кафедраў, гэта выклікае цікавасць. 

— З чым можна параўнаць працу рэктара?

— З працай пілота: ты павінен ведаць, як функцыянуюць усе сістэмы ў механізме. Як кіраўніку табе трэба бачыць перспектыву, памятаць пра разліковы час, разумець, каго браць або не браць на борт... Канешне, справа рэктара больш адмысловая, бо нашы “пасажыры” толькі вучацца, каб потым лятаць самастойна. 

5 парад для моладзі, каб дамагчыся поспеху ў сферы культуры

1. Усё пачынаецца з любові, і яе варта знаходзіць у сваім сэрцы нават у самы страшны момант. Таму трэба любіць: сябе, бацькоў, іншых людзей, краіну, свет.

2. Верыць у сябе: не баяцца падаць, уставаць і ісці наперад.

3. Працаваць.

4. Быць паслядоўным.

5. Несці адказнасць за ўчынкі і ўмець прызнаваць памылкі.

— Якімі дасягненнямі калектыву і студэнтаў Вы ганарыцеся больш за ўсё? Азірнёмся на мінулы год. 

— Летась мы адкрылі тры новыя спецыяльнасці, прайшлі акрэдытацыю як навуковая арганізацыя і як універсітэт. Да таго ж мы рэалізавалі некалькі значных творчых праектаў. Напрыклад, паставілі мюзікл “Магія” з удзелам беларускіх і кітайскіх студэнтаў, які ўдалося прывезці ў Бабруйск на Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок сяброўства”. З асобай цеплынёй успамінаецца заснаваны Міністэрствам культуры і праведзены на базе БДУКМ І Рэспубліканскі конкурс “Дэнс кангрэс”. Радуе штодзённая праца нашага валанцёрскага клуба “СЛОН”. Яго ўдзельнікі ўжо не першы год дапамагаюць ладзіць модны паказ “Каляровыя сны” для дзяцей з асаблівасцямі развіцця і дзяцей-сірот. Усіх дасягненняў не пералічыць, але поспех кожнага студэнта, педагога ідзе ў агульную скарбонку ўніверсітэта. 

— Якія вяршыні плануеце пакарыць у новым годзе? 

— Галоўнае, не зваліцца з тых, на якіх знаходзімся (смяецца). Наш выкладчык Вольга Аляксандраўна Наўроцкая атрымала грант Прэзідэнта на рэалізацыю праекта “Лінія памяці. Код вайны”. Будзем шмат сіл укладаць у гэтую ініцыятыву, таму што, хоць прэм’ера і адбудзецца ў нас, спадзяёмся паказаць пастаноўку ў Брэсце і па магчымасці ва ўсіх абласных гарадах. Натуральна, працягнем развіваць распачаты ў 2022 годзе “Дэнс кангрэс” — хочам зрабіць конкурс традыцыйным. Ёсць і іншыя задумы. 

— Жанчыны-кіраўнікі ў нашай краіне, ды і ва ўсім свеце, не дзіва. Аднак стэрэатыпы чамусьці засталіся. Ці сутыкаліся Вы з падобным? 

— Не толькі жанчыны, але і мужчыны пакутуюць ад прадузятасцей. Не абмінула гэтая доля і мяне. Па маладосці часта чула стэрэатып: “Прыгожая — значыць дурная”. Але я ніколі не спрачалася, проста вучылася, таму і дыплом з адзнакай атрымала. У такой сітуацыі не трэба нікому нічога даказваць і тым больш факусіравацца на негатыве. Варта многа і ўпарта працаваць, каб паказаць, на што ты здольны. 

— Наталля Уладзіміраўна, Вы ствараеце ўражанне ўпэўненага і рашучага чалавека. А якой бачыце саму сябе? 

— Сваімі асноўнымі якасцямі лічу адказнасць і паслядоўнасць. Я не іду напралом. І хаця я хутка прымаю рашэнні, часам даводзіцца павагацца. У такім выпадку раюся з кім-небудзь больш дасведчаным у гэтым пытанні, бо не лічу, што маё меркаванне адзінае правільнае. 

— Ці ёсць у Вас сакрэтныя прыёмы, што дапамагаюць кіраваць калектывам і трымаць руку на пульсе ўсяго ўніверсітэта? 

— Работа кіраўніка — гэта спалучэнне, дзе, з аднаго боку, ты павінен ва ўсё ўнікаць, а з іншага — дэлегаваць адказнасць. Не трэба апекаваць людзей у дробязях, але і не належыць пускаць усё на самацёк. Да таго ж варта цікавіцца, што адбываецца ў вашай сферы, па-за яе знешнім контурам, пастаянна павышаць прафесійны ўзровень. 

— Вы прысвяцілі частку жыцця харэаграфіі. Ці ёсць час для яе зараз? Калі Вы ў апошні раз танцавалі? 

— Разам са студэнтамі на Навагоднім балі для моладзі ў Палацы Незалежнасці. Прафесійны танец, канешне, для мяне — даўно скончаная гісторыя. Цяпер вывучаю харэаграфію больш з тэарэтычнага боку. Але мне ўсё яшчэ падабаецца танцаваць, хаця я не жыву ілюзіямі і не лічу сябе выдатным выканаўцам. 

— Які з сучасных танцавальных стыляў Вам больш за ўсё імпануе? 

— Пытанне ў тым, наколькі таленавіта гэта зроблена. Той жа кантэмп можа быць менш выразным, чым класіка, у якой усё строга кананізавана. Калі мы праводзілі “Дэнс кангрэс”, прыехаў калектыў дзіцячай школы мастацтваў з аграгарадка. І яны паказалі настолькі ашаламляльны нумар на аснове народнага танца, што я атрымала каласальнае задавальненне. Мне падабаецца проста добры танец, у якім ёсць задума. Таму зусім не імпануе званне “лабараторыя” ў мастацтве, што надаецца за нейкія пошукі сэнсаў. Калі вы не ведаеце, што сказаць, можа, лепш не гаварыць увогуле? 

— На жаль, часам бывае так, што моладзь больш захапляецца замежнай культурай. Як зацікавіць маладое пакаленне беларускім мастацтвам? 

— Трэба проста любіць сваё і разумець, што мы робім годна, а што варта паляпшаць і развіваць. Няма нічога дрэннага ў тым, каб назіраць за іншымі культурамі. Мы ніколі не жылі ў абсалютным вакууме, а запазычвалі ўсё найлепшае адзін у аднаго, каб на аснове гэтага стварыць сваё. Тыя ж слуцкія паясы не нарадзіліся тут: тэхналогія прыйшла да нас, а мы зрабілі яе беларускім брэндам. Таму не варта выключаць айчынную культуру з сусветнага працэсу. 

— Як Вы ставіцеся да таго, калі на прыкладзе чужога робяць сваё? Ці не страчваем мы ў падобным выпадку сваёй самабытнасці? 

— Пытанне ў аб’ёме запазычання. Абысціся зусім без перайманняў немагчыма. Але не трэба навязваць тыя каштоўнасці, якія нам не ўласцівыя. Неабходна крытычна ставіцца да таго, што мы запазычваем, і не баяцца адмаўляцца ад ідэй, што не адклікаюцца ў душы народа. 

— Як зрабіць айчыннае мастацтва больш прыметным і як натхніць моладзь, каб яна стварала найлепшае не за мяжой, а на радзіме? 

— Натхняць не трэба. Проста дайце магчымасці і паверце ў людзей. Тэма з пераадольваннем памылковая. Для маладых трэба ствараць сітуацыю поспеху, дапамагаць ім. Наша галоўная задача — навучыць і “дацярпець” да таго моманту, калі з’явяцца першыя вынікі. Нічога адразу ні ў каго не атрымліваецца. 

— У чым для Вас сіла мастацтва? 

— Яно дазваляе звяртацца ўнутр сябе і станавіцца лепшым. Сіла мастацтва ў тым, каб дапамагчы чалавеку наблізіцца да гармоніі і адначасова задумацца пра вечнае. Каб не разбураць, не ўганяць у хаос і грэх. Бо сапраўднае мастацтва — гэта рай на зямлі. 

Яўгенія ГАБЕЦ