Якім павінен быць тэатр?

Апублiкавана: 03 лютага 2023 Стужка Тэатры Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: САКАЛОВА Ганна

Вядома, тэатр — старажытнае мастацтва. Але ж з часоў антычнасці свет вельмі змяніўся. Што цяпер прываблівае гледача і чаго чакаць ад служак Мельпамены ў будучыні? Сваімі меркаваннямі падзяліліся чытачы "К".

Дар'я, рэдактар:

— Я не ўяўляю свайго жыцця без тэатра. Любоў да яго зарадзілася даўно. З задавальненнем наведвала спектаклі ў школьныя, студэнцкія гады. Не страціла гэтай добрай традыцыі і ў самастойным дарослым жыцці. Для цяперашняга патрабавальнага гледача прапануецца вялікі рэпертуар, але я аддаю перавагу класіцы. Няхай сабе і з сучаснымі ноткамі. Напрыклад, з задавальненнем паглядзела “Карэніну” і “Женя + Таня = любовь”, якія былі рэалізаваныя ў рамках тэатральнага праекта «ТриТформаТ». Таксама запомніліся пастаноўкі на беларускай мове — “Дзікае паляванне караля Стаха” і “Чорная панна Нясвіжа”. Наведваю тэатральныя вечарыны не толькі ў сталіцы. Падабаецца творчасць трупы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дзе маё сэрца пакарылі “Обломoff.ru”, “Алеся”, “Дарагая Алена Сяргееўна”. Прывабліваюць і гастрольныя спектаклі: уразіла сустрэча з таленавітымі расійскімі акцёрамі Ігарам Пятрэнкам і Марынай Аляксандравай, калі яны пераўвасобіліся ў герояў Рэмарка з “Трыумфальнай аркі”. Канешне, трапляліся пастаноўкі, пасля наведвання якіх я заставалася расчараваная, але такія хутка забываюцца.

У цэлым імкнуся бываць у тэатры хаця б раз на месяц — сустрэчы з мастацтвам напаўняюць мяне гармоніяй, святлом і цеплынёй. Вельмі хочацца ведаць і верыць, што гэтае мастацтва не страціць сваёй актуальнасці і прывабнасці праз гады. Нельга не заўважыць, што тэатр увесь час развіваецца, становіцца ўсё больш інтэрактыўным і часам нават тэхналагічным, яшчэ мацней і глыбей уцягваючы гледачоў у гісторыю на сцэне. Новыя нестандартныя рашэнні рэжысёраў-пастаноўшчыкаў уражваюць, але ёсць тое, што застаецца нязменным. Тэатр як мудры настаўнік: вучыць нас разумець жыццё. Напэўна, менавіта з гэтай прычыны мы зноў і зноў набываем квіткі ў білетных касах, затым прыходзім у прыгожую залу, апускаемся ва ўтульнае крэсла і ўважліва сочым за дзействам на сцэне, каб зноў на гадзіну стаць вучнямі і знайсці адказы на важныя пытанні.

Марына, кандытар:

— Каля месяца таму хадзілі з мужам у Гомельскі драматычны тэатр на спектакль “Таямніцы замка Шынон”. Ігра акцёраў і сюжэт спадабаліся, але, шчыра кажучы, непадрыхтаваны глядач яго б не зразумеў. Не маючы гістарычных ведаў, не пранікнешся сюжэтам. Нам так падалося. Прыйшлося гугліць інфармацыю ў антракце. Заўсёды купляем праграмку. У ёй шукаем кароткае апісанне, каб падрыхтавацца да прагляду.

У жыцці хапае праблем, таму часцей за ўсё выбіраем камедыю. Напрыклад, вельмі спадабаўся спектакль “Боінг, Боінг, Боінг”. А на ваенную драму наўрад ці пойдзем. “Незамужняя жанчына” — таксама годны спектакль, але я б яго рэкамендавала для жанчын, старэйшых за 45.

Гадоў дзесяць таму хадзілі на “Чорную панну Нясвіжа”. Не памятаю, што за тэатр быў, магчыма, прыезджы. Зачапіла ігра акцёраў, касцюмы, дэкарацыі. Яркае ўражанне пакінуў снег. Ён сыпаўся на сцэну падчас спектакля: ноч, могілкі, Жыгімонт ля магілы Барбары — і снег... Было эмацыйна. Колькі часу мінула, а я памятаю.

Чаго не хапае сучасным тэатрам? Менавіта нашаму драмтэатру — добрага буфета ці аўтамата з кавай. У антракце чарга, кава ў пластыцы, п’еш стоячы. А хочацца павольна смакаваць гарбату-каву з фарфоравага кубачка за столікам, абмяркоўваючы спектакль.

Таксама кульгае культура ў гледача. Часта не адключаюць гук у тэлефонах або размаўляюць адно з адным падчас пастаноўкі. Тэатр — старажытнае мастацтва, якое крыху страціла свае пазіцыі, але не думаю, што знікне зусім.

Якім яго бачу ў будучыні? Без фінансавання тэатр асуджаны: ХХІ стагоддзе — час спецэфектаў, шыкоўных касцюмаў і дэкарацый. Мінімалізм, вядома, добра, але не для папулярных відовішчаў.

Анастасія, вэб-дызайнер:

— Прызнаюся шчыра: я — тэатраманка. Праўда, храм Мельпамены наведваю не так часта, як хацелася б: у асноўным раз на месяц. Але бывае, што і двойчы за тыдзень — не жыццё, а казка, дакладней, тэатр!

Адна з апошніх пастановак, якую паглядзела, — прэм’ерны паказ спектакля “Женя + Таня = любовь” паводле рамана Аляксандра Пушкіна “Яўген Анегін” у ТЮГу. Незвычайнае прачытанне класікі, арыгінальныя дэталі і эфекты, цудоўныя акцёры і іх хвалюючая ігра — надзвычайны спектакль!

Не меншае захапленне адчула і ад прагляду нашумелай пастаноўкі “Інтэрв’ю з ведзьмамі” Яўгена Карняга ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. Велізарная колькасць эмоцый, якія зашкальваюць настолькі, што ты проста не можаш гаварыць і дзяліцца ўражаннямі пасля выхаду з залы! Або опера “Дзікае паляванне караля Стаха” ў Вялікім тэатры — неверагодныя дэкарацыі і касцюмы!

Айчынныя тэатры добрыя ва ўсіх жанрах і кірунках, і гэта пацвярджаюць заўсёды поўныя залы і распрададзеныя на месяцы наперад квіткі. Напрыклад, на культавы спектакль “Радзіва «Прудок»” паводле аднайменнага бестселера Андрэя Горвата ў Купалаўскі асабіста мне ўдалося набыць толькі праз паўгода.

Падаецца, тэатры не страцяць сваёй папулярнасці ні праз 10, ні праз 100 гадоў. Наадварот, стануць толькі больш прывабнымі для гледача за кошт найцікавейшых, нечаканых, смелых, адкрытых фарматаў і тэхналогій будучыні.

Святлана, спецыяліст навукова-даследчага аддзела:

— Нядаўна наведала Вялікі тэатр оперы і балета — глядзела аперэту “Лятучая мыш”. Прадстаўленне цікавае, відовішчнае, насычанае. Спадабаліся касцюмы, дэкарацыі і незвычайная сцэна, якая вярцелася. Плюс выдатная ігра акцёраў!

Упершыню гэтую пастаноўку ўбачыла, калі вучылася ў восьмым класе. І як толькі даведалася, што спектакль цяпер ідзе ў нашым тэатры, то неадкладна вырашыла набыць білет. Ледзь паспела, бо, да майго здзіўлення, амаль усе квіткі былі раскупленыя. У інтэрнэце выбірала месцы бліжэйшыя да сцэны, а па факце аказалася, што мы сядзелі ля сцяны. Няёмка. Відавочна, сістэма браніравання месцаў пакуль недакладная.

Яшчэ адна непрыемная тэма датычыцца антрактаў. Публіка на па­ добных спектаклях — гэта 80-90% жанчыны. І, каб патрапіць у дамскі пакой, неабходна адстаяць у велізарнай чарзе. Часу на перакусіць ужо не застаецца. Ды і ў буфеце натоўп. Адміністрацыі варта гэта ўлічваць і неяк мадэрнізаваць “працэс”.

Якім бачу тэатр у будучыні? Мабыць, з’явіцца больш спецэфектаў, накшталт 3D-кінатэатраў, дзе на гледача капае вада, нібы ідзе дождж і дзьме вецер. Да таго ж дабавяцца пахі, смак і іншыя адчуванні.

Наогул жа тэатр як мастацтва будзе жыць заўсёды. Гэта нешта сапраўднае, вечнае. Ніводны відэазапіс, ніякая трансляцыя на экране не заменяць жывыя выступленні артыстаў

Кацярына, бухгалтар:

— Тэатр наведваю рэдка. Апошні раз была гадоў пяць таму ў Гомельскім маладзёжным тэатры. Не ўпэўнена, што ўсё памятаю, але здаецца, спектакль называўся “Вакзал на траіх”. Пастаноўка спадабалася, было смешна. Ігралі таленавітыя акцёры.

Думаю, тэатрам трэба звярнуць увагу на разнастайнасць пастановак. Таксама хацелася б, каб да нас прыязджала больш замежных артыстаў. Лічу, тэатр вечны, і ў яго заўсёды будзе свой глядач.

Ганна САКАЛОВА