Класіка + эксперымент. Якім будзе выставачны сезон — 2023?

Беларускі саюз мастакоў за апошнія тры гады зладзіў з паўсотні мерапрыемстваў і збаўляць актыўнасць не збіраецца, тым больш надышоў юбілей: сёлета арганізацыі спаўняецца 85. Значыць, гледачам варта чакаць яркіх навінак і большага размаху ад традыцыйных падзей. 

Нагадаем: на нядаўнім з’ездзе старшынёй саюза пераабраны Глеб Отчык. Разам са сваёй камандай ён паабяцаў захаваць яркі і моцны вір творчага жыцця, у тым ліку за кошт фестываляў у розных відах мастацтва. Такі фармат апраўдаў сябе, адзначае кіраўніцтва арганізацыі. Варта прыгадаць Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры, “Манумент”, “Канцэпт”, “Дэкарт”, “Скульптфэст”. Гэтыя праекты атрымалі шырокі водгук у гледачоў, дазволілі паказаць якасны зрэз сучаснага мастацтва і літаральна ахапіць творчасцю ўсю сталіцу, бо часовыя экспазіцыі працавалі не толькі на пляцоўках саюза, але і ў Нацыянальнай бібліятэцы, галерэях Музея гісторыі горада Мінска і іншых установах культуры. 

Як расказала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч, буйныя рэспубліканскія выставы паказваюць, што геаграфія арганізацыі не абмяжоўваецца Мінскам. Мноства яркіх мастакоў жыве ў абласных цэнтрах і нават вёсках. Каб ніхто з іх не пачуваўся адарваным ад агульнага кантэксту, саюз захавае традыцыю падобных выстаў. Вядома, гонка за маштабам не мусіць панізіць вартасць праектаў. “Хочацца, каб нашы гледачы ведалі: грыф Беларускага саюза мастакоў — гэта знак якасці і прафесійнага ўзроўню, гэта цікавыя ідэі з выдатнай рэалізацыяй”, — адзначыла Наталля Шаранговіч. 

МАСТАЦТВА ЕДЗЕ Ў РЭГІЁНЫ 

“К” падрабязна разглядала праблему даступнасці якасных выставачных праектаў для публікі ў рэгіёнах. І досвед Беларускага саюза мастакоў можна лічыць ключом да яе рашэння. За апошнія тры гады ў арганізацыі склалася добрая традыцыя — выбраныя работы з рэспубліканскіх выстаў пасля прэзентацыі ў сталіцы вязуць у рэгіёны. Падобныя туры, акрамя таго што працуюць як рэклама айчынных творцаў, дазваляюць аматарам мастацтва па-за МКАДам заставацца ў курсе сучасных тэндэнцый. 

Першы намеснік старшыні БСМ Наталля Шаранговіч прызнаецца, што спачатку выязныя экспазіцыі былі своеасаблівым эксперыментам: невядома, ці будуць яны запатрабаванымі і якую рэакцыю выклічуць. Вопыт аказаўся паспяховым. Выставы знаходзяць свайго гледача, і рэгіянальныя музеі звяртаюцца да саюза з просьбай прывозіць наступныя праекты. Да таго ж пашыраецца геаграфія. Сёлета зацікаўленасць у супрацоўніцтве выказалі пляцоўкі Слуцка, Бабруйска, Валожына і іншых гарадоў. Ёсць запыты ўстаноў з маленькіх населеных пунктаў. 

МАРАФОН ЮБІЛЕЯЎ 

Новы год багаты на круглыя даты, якія арганізацыя не можа абмінуць увагай. Ужо ў лютым адкрыецца выстава да 100-годдзя Леаніда Шчамялёва. Работы славутага майстра з фондаў Беларускага саюза мастакоў будуць своеасаблівымі слупамі экспазіцыі, а разам з імі гледачы пабачаць творы сучасных аўтараў. Старшыня секцыі жывапісу Аляксандр Грышкевіч запэўніў: “Адбор будзе строгім, і перавагу аддадзім пазітыўным палотнам, бо сам Леанід Дзмітрыевіч усё сваё доўгае жыццё быў радасным у творчасці. Выстава ж мусіць даць станоўчы зарад на ўвесь год”. 

Таксама аб’яднанне плануе ярка адзначыць 110-годдзе з дня нараджэння Віталя Цвіркі, 95-годдзе Гаўрыіла Вашчанкі і 90-годдзе Аляксандра Кішчанкі. Асобны праект прысвецяць юбілею Зоі Літвінавай — вядомай мастачцы сёлета споўніцца 85. 

НЕ ДЛЯ БЫТАВОГА ЎЖЫТКУ 

Напрыканцы 2022-га адбылося Трыенале «Дэкарт». Старшыня секцыі тэкстылю Алена Обадава лічыць, што выстава, багатая на эксперыментальныя работы, атрымалася яркай і ў многім нечаканай. “Паказаныя творы прызначаныя менавіта для выстаў, іх ужо наўрад ці можна выкарыстоўваць у побыце. Адбываецца адыход ад вызначэння “прыкладное”, што сведчыць пра пераход у ранг высокага мастацтва”, — падкрэслівае Алена Васільеўна. 

У студзені работы лаўрэатаў Трыенале дэманструюцца ў Палацы мастацтваў. Пазней выбраныя творы прэзентуюць у рэгіёнах. Першымі пунктамі турнэ стануць Гродна і Полацк. На завяршэнне года ў сталіцы адбудзецца VIII Біенале беларускага тэкстылю “Час. Традыцыі. Навацыі”. Збольшага там выставяць класічныя габелены, але без увагі не застануцца і пошукі нашых сучаснікаў у нетрадыцыйных матэрыялах і падыходах. 

НАТХНЁНЫЯ МАЛЕВІЧАМ 

Кіраўніцтва арганізацыі настроена шырока прэзентаваць творчасць аўтараў, якія працуюць у эксперыментальных формах. Таму пазалетась нарадзіўся новы праект — трыенале “Канцэпт”. У фармаце фестывалю на некалькіх сталічных пляцоўках прэзентавалі асобныя работы і цэльныя праекты ў розных жанрах ды тэхніках па-за традыцыйнымі рамкамі. 

Сёлета ж інтэлектуальныя гульні з формамі і зместамі гледачы ўбачаць на рэспубліканскай выставе да 110-годдзя “Чорнага квадрата”. Задаць тон экспазіцыі мусяць віцебскія мастакі-канцэптуалісты, якія лічаць сябе паслядоўнікамі Казіміра Малевіча. Да прыкладу, упершыню ў Мінску пакажуць выбранае са шматгадовага выставачнага праекта беспрадметнага мастацтва “Abstract” пад куратарствам Васіля Васільева. 

НЕ ТОЛЬКІ ПОМНІКІ 

Сябры Беларускага саюза мастакоў даўно вядуць гаворку аб скульптуры ў гарадскім асяроддзі. Майстры настойваюць: у грамадскай прасторы ёсць месца не толькі помнікам, але і тэматычным, дэкаратыўным кампазіцыям. Яны вызначаюць пазнавальнасць і непаўторнасць месца, напаўняюць яго новым зместам. Маштабны праект на гэтую тэму адбыўся ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў 2017 годзе. Развіць дыялог плануюць рэспубліканскай выставай пад працоўнай назвай “Скульптура — гораду”, дзе аўтары раскажуць пра рэалізаваныя праекты і падзеляцца задумкамі. З надзеяй, што прадстаўнікі мясцовых органаў улады звернуць увагу на іх прапановы. 

Як расказаў старшыня секцыі скульптуры Іван Арцімовіч, суполка плануе працаваць і ў выставачнай зале Андрэя Бембеля — камернай прасторы, дзе ўжо адбыўся шэраг персанальных праектаў. Узімку там выставіцца Сяргей Аганаў, а пазней — салігорскі майстар Уладзімір Ламейка. Таксама секцыя працягне ладзіць скульптурныя выставы ў рэгіёнах. Мяркуецца, што ўлетку адмысловыя экспазіцыі прымуць Віцебск і Полацк. 

ПАПЕРА, ПАЛАТНО, СЦЯНА 

Адмыслоўцы сцвярджаюць, беларуская школа графікі — адна з найлепшых на постсавецкай і еўрапейскай прасторы. Убачыць гэты каштоўны пласт нашай спадчыны ў гістарычным развіцці можна будзе ўвесну на выставе “Кабінет графікі”. На ёй пакажуць работы з музейных і прыватных калекцый. Прычым храналагічна куратары не абмяжуюцца ХХ стагоддзем. На фоне рэтраспектывы ў рамках традыцыйнага праекта “Графіка года” прадэманструюць лісты сучасных аўтараў. Такім чынам публіка прасочыць пераемнасць традыцый і шлях трансфармацыі айчыннай школы. 

Багатыя традыцыі мае і манументальнае мастацтва нашай краіны. Сябры профільнай секцыі БСМ сёння аднаўляюць аздабленне значных гістарычных аб’ектаў, як Стары замак у Гродне, ды ўпрыгожваюць сучасныя будынкі — культавыя, грамадскія і прыватныя — вітражамі, роспісамі і мазаікамі. Да таго ж многія аўтары рэалізуюць сябе ў станковым мастацтве. З усімі набыткамі беларускіх манументалістаў за апошнія два гады пазнаёміць фестываль “Манумент-23”. 

Завершыцца выставачны год ІІ Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры. Падзея ўжо ў звыклым фестывальным фармаце мусіць стаць феерычнай прэзентацыяй найлепшых набыткаў апошніх гадоў і, як спадзяецца кіраўніцтва творчага саюза, даказаць: сучаснае беларускае мастацтва не горшае за створанае выбітнымі папярэднікамі. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота Сержука СТУЖКІ 

На фота фрагменты экспазіцый у Палацы мастацтва