Сябра, адзінота, дабрыня

Апублiкавана: 10 лютага 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

У РТБД адбылася чарговая прэм’ера — “Сябра мой” Канстанціна Сцешыка. П’еса паўстала ў рэжыме сцэнічнай чыткі, падрыхтаванай артыстамі тэатра... без рэжысёра, самастойна — і вельмі прыстойна. 

У тэатры сапраўды пасябравалі з творчасцю гэтага беларускага драматурга. У афішы трывала прапісаўся яго “Камень дурасці”, летась адкрыты для нашага гледача маладым расійскім рэжысёрам Дзмітрыем Зіміным. На канец лютага запланаваная сцэнічная чытка “Галавы”, якую рыхтуе Алена Зміцер — былая выхаванка БДУКМ, якая працавала ў нашым Маладзёжным тэатры, потым з’ехала ў Санкт-Пецярбург, іграла ў Камерным драматычным тэатры “Левендаль”, а цяпер вярнулася на радзіму рэжысёрам. Разам з “Сябрам...” атрымліваюцца адразу тры творы аднаго аўтара, што наводзіць на думку магчымай арганізацыі гэткага фестывальнаманаграфічнага праекта — тым больш што ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры ажно з 2018 года ідзе спектакль “Ляцелі арэлі” па аднайменнай п’есе К.Сцешыка. 

“Сябра мой” у арыгінале пазначаны як монап’еса. У версіі ж нашых артыстаў— нуар-гісторыя. Чорнага (а менавіта так перакладаецца слова “нуар” з французскай) тут хапае, пачынаючы з цемры на сцэне, што сімвалізуе ноч. Але з чысцінёй гэтага жанру, які склаўся ў літаратуры стагоддзе таму, а потым ахапіў кінематограф, можна і паспрачацца. Пры ўсёй пазнавальнасці некаторых тыповых дэталяў, што ўзраслі ажно да штампаў, гэта хутчэй постмадэрнісцкае стаўленне да нуару. Побытавае, на першы погляд, блуканне двух сяброў па начным горадзе ў пошуках цыгарэт мае рысы і прыгодніцкіх, і старадаўніх рыцарскіх раманаў, нататак падарожніка з іх дзённікавасцю (у дадзеным выпадку— цягам адной ночы), сторытэлінгу— апавядання гісторый. Утрымлівае ён і спасылкі на тэатр абсурду. Адной з галоўных з’яўляецца тэма чалавечай адзіноты, ад якой не выратоўваюць ні начны праменад, ні знаходжанне сярод іншых людзей, маўляў, “вось і сустрэліся дзве адзіноты”. Але ўсё разам складаецца не ў змрочна-песімістычны ход падзей, які здаецца непазбежным, а ў сцвярджэнне каштоўнасці сяброўства і дабрыні — таго нязгаснага святла ў канцы тунэля, што знікнуць не можа. 

Тэкст раскіданы на пяцярых артыстаў, але не ператвараецца ў звыклую інсцэніроўку, дзе фразы персанажаў аддадзеныя выканаўцам гэтых роляў. Змена галасоў утварае яскравую тэмбравую драматургію і не проста расквечвае часавы разгорт, а падкрэслівае сэнсы, вылучае найбольш значнае. Перад намі паўстае найперш гукавая партытура з усёй разнастайнасцю тэмбравых фарбаў. Гэтаму спрыяе ўдалы падбор музыкі, што нідзе не выходзіць на першы план, а толькі адцяняе ўнутраную энергетыку зместу. А таксама выкарыстанне мікрафонаў, некаторыя прыёмы апрацоўкі гуку, асабліва заўважныя ў фінале, і нават шмат’яруснае прасторавае рашэнне, што таксама ўзбагачае фонасферу пачуццём аб’ёмнасці. Бо Канстанцін Воранаў, выступаючы галоўным апавядальнікам, сядзіць унізе на прыступках. Уладзіслаў Віленчыц, Вераніка Буслаева, заслужаная артыстка Беларусі Галіна Чарнабаева, Максім Брагінец змяшчаюцца на галерэі ўверсе, на крэслах у профіль. Часам хтосьці з іх спускаецца долу, нават выходзіць да мікрафона, усталяванага на стойцы бліжэй да авансцэны. Але характары герояў выяўляюцца зноў-такі менавіта голасам— зменай не толькі тэмбраў, але і манеры гаварыць, уласна маўлення. Як у радыётэатры, толькі яшчэ больш яскрава, з візуальным дадаткам — у тым ліку ў выглядзе дэталей сцэнічных строяў. 

Пры ўсім падзеле тэксту між артыстамі галоўнай асаблівасцю становіцца візуальная адсутнасць у героя таго сябра, пра якога і ад імя якога ён увесь час гаворыць. Узнікае філасофскі падтэкст: той сябра раптам выступае яшчэ і гэткім альтэр-эга, другім “я” самога апавядальніка. 

У выніку сюітнае чаргаванне асобных сцэн, прысвечаных сустрэчам з дзіўнымі людзьмі, набывае рысы сапраўднага сімфанізму з яго адзінствам і барацьбой супрацьлегласцей, развітай сістэмай лейтматываў і ўкрапваннем яркіх лірыка-драматычных і жанравых уставак-інтэрмедый, што добра разраджаюць напружанае дзеянне, падобнае да сціснутай спружыны. Фінал увогуле спалучае прынцып класіцысцкіх кадэнцый з іх бясконцым паўторам-сцвярджэннем адной фразы — і ўласцівых рамантызму ціхіх кульмінацый з паступовым затуханнем і сыходам гуку ў цішыню. Тая цішыня і працяглая паўза перад апладысментамі — паказальнік роздуму, што перадаецца ад артыстаў да слухачоў. І ў фінале чыткі паўза была папраўдзе доўгай: чытанне зачапіла, зацягнула, запомнілася, не пакінула абыякавым. Ды і музычныя паралелі невыпадковыя: перад паказам адбыўся бардаўскі канцэрт Ірыны Бандарчык і Ягора Гагіна— новы праект РТБД “Музычныя вандроўкі”. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ