Вяртанне да каранёў

Апублiкавана: 13 лютага 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск

Аўтар: Аўтары

На гэтым тыдні Беларусь наведалі нашчадкі славутага рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага. 

Раней, у 2007 годзе, у нашай краіне гасцяваў праўнук літаратара — Дзмітрый, а цяпер завітаў сын Дзмітрыя Аляксей з жонкай Наталляй і дзецьмі — Ганнай, Марыяй, Верай і Фёдарам. Усе яны прыехалі ў Беларусь упершыню. Прапраўнук класіка — філолаг, які, аднак, не працаваў па спецыяльнасці. Змяніўшы некалькі прафесій, сёння Аляксей Дастаеўскі служыць капітанам-механікам у флоце Валаамскага манастыра. А ў вольны час як незалежны даследчык займаецца архіўнымі пошукамі — збірае інфармацыю аб продках. Род Дастаеўскіх славіцца цэлай плеядай выдатных асоб ад архітэктараў да музыкантаў. На музычных інструментах, зрэшты, у сям’і Аляксея Дастаеўскага граюць усе — і жонка, і дзеці. 

Госці прыбылі ў Мінск ранкам 9 лютага і ўжо апоўдні наведалі Нацыянальную бібліятэку. Там яны сустрэліся з міністрам культуры Анатоліем Маркевічам, трапілі на экскурсію па музеі кнігі, дзе сярод іншага пабачылі прыжыццёвыя выданні твораў знакамітага продка. Затым сям’я Дастаеўскіх азнаёмілася з экспазіцыяй Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і пагутарыла з супрацоўнікамі літаратурных музеяў нашай краіны, а таксама паўдзельнічала ў круглым стале “Літаратурная спадчына: Дастаеўскі і Беларусь”. Увечары гасцей чакала прэм’ера спектакля “Ідыёт” у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага ў пастаноўцы сербскай актрысы і рэжысёра Іваны Жыган. 

Яшчэ ў першы дзень візіту Аляксей Дастаеўскі заўважыў:

“У вас дзівосна прыгожая сталіца. Усе называюць Пецярбург ансамблевым горадам, але Мінск не менш цудоўны, тут таксама палацавая архітэктура. Чароўна чысты, нейкі добры. Мне здаецца, гэта заслуга перадусім саміх гараджан”. 

На наступны дзень сям’я паехала ў аграгарадок Дастоева ў Іванаўскім раёне. Мястэчка непасрэдна звязана з родам: яшчэ ў 1506 годзе гэтую мясціну атрымаў у валоданне продак вядомага пісьменніка, Даніла Рцішчаў, а пазней і сама фамілія пачала звацца па паселішчы. Там прайшла сустрэча з мясцовымі жыхарамі, падчас якой навучэнцы Дастоеўскай сярэдняй школы імя Фёдара Дастаеўскага і яго нашчадкі паказалі супольны канцэрт. Ва ўстанове дзейнічае і літаратурна-краязнаўчы музей, прысвечаны класіку. 

Пасля вяртання ў Мінск сям’я Дастаеўскіх пабывала на экскурсіі па горадзе, у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на літаратурнай гасцёўні “Дастаеўскі і мастацтва” ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ