выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чароўныя ўзоры”

Апублiкавана: 12 лютага 2023 Стужка Народная творчасць Мінск

Аўтар: Аўтары

З 10 лютага па 18 сакавіка 2023 года ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі працуе Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чароўныя ўзоры”.

Мэта – патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў праз іх далучэнне да каштоўнасцей беларускай культурнай спадчыны; вывучэнне рэгіянальных народных традыцый; развіццё дзіцячай творчасці ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; выяўленне і падтрымка юных талентаў.

Удзельнікі: навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў.

На выстаўцы “Чароўныя ўзоры” будзе прадстаўлена шырокая панарама творчых пошукаў у галіне мастацкага роспісу па тканіне, дрэву і па шкле. Гэта вырабы самых розных рэчаў як мастацкага, так і гаспадарчага прызначэння, якія ўражваюць напаўрэальнымі, непасрэднымі сюжэтамі, сакавітымі фарбамі і ўзорамі арнаменту, разнастайнай стылістыкай, казачнай прыгажосцю. 

Большую частку экспазіцыі зойме роспіс па тканіне: вырабы “маляваных дываноў”, розных па кампазіцыйна-дэкаратыўных вырашэннях – раслінна-арнаментальныя і сюжэтна-тэматычныя. Частку экспазіцыі прадставяць вырабы роспісу па дрэве: кухонныя камплекты, наборы дошак, дэкаратыўныя талеркі, маленькія куфэркі, сувенірныя шкатулкі, насценныя пано і інш. Вельмі папулярны від дзіцячай творчасці – роспіс па шкле. Ён будзе прадстаўлены на выставе малюнкамі на шкле, вітражным роспісам, незвычайнымі бутэлькамі, талеркамі.

Беларускі дэкаратыўны роспіс – найцікавы від вясковай творчасці. Работы адзначаюцца выразнымі падыходамі да ўвасаблення народных традыцый і сучасных тэндэнцый у стварэнні мастацкіх распісных вырабаў.