Лютаўскі нумар часопіса “Мастацтва”

Апублiкавана: 24 лютага 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Неўзабаве ўбачыў свет лютаўскі нумар часопіса “Мастацтва”. Яго можна будзе пачытаць і нешта нават праслухаць.

  • Нумар адкрывае гутарка Віктара Гаўрыша пра сэнс творчасці і жыцця з заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь скульптарам Аляксандрам Фінскім.
  • Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн робіць агляд выстаў-спадарожнікаў V Рэспубліканскага трыенале дэкаратыўнага мастацтва “ДЭКАРТ-22”. У першай частцы ўвазе чытачоў прапа¬ наваныя экспазіцыя аўтарскага тэкстылю Маргарыты Шчамялёвай “Лічбы”, эксперыментальная выстава “Terra cota”, міні-тэкстыль і выстава дэкаратыўнай скульптуры Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча “Несучаснае мастацтва — 22”. 
  • Пётра Васілеўскі натхніўся выставай “Дынастыя”, на якой былі прадстаўлены творы народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі, а таксама яго сына Канстанціна і ўнучкі Ангеліны. 
  • Мастацтвазнаўца Надзея Усава зацікавілася надпісам на адвароце нацюрморта Восіпа Любіча “Маленькі букецік кветак” і паспрабавала адшукаць загадкавую “Фр. Грэту”, якой прызначаўся твор. Здаецца, атрымалася. 
  • Сёлета наша мастацтва святкуе 90-годдзе з дня нараджэння Аляксандра Кішчанкі. Прайсціся яго жыццёвымі і творчымі шляхамі запрашае мастацтвазнаўца Барыс Крэпак. 
  • Да вытокаў беларускага прафесійнага дызайну звернемся разам з мастацтвазнаўцам Якавам Ленсу. 
  • Алег Молчан пражыў няшмат, але паспеў стварыць знакавыя для нацыянальнай культуры творы. Напрыклад, усім вядомую “Малітву” на словы Янкі Купалы. А вось Надзея Бунцэвіч заўважыла, што яго імя і прозвішча, раскладзеныя на ноты, разам — блюзавы акорд. І лютаўскі нумар “Мастацтва” дае магчымасць не толькі згадаць творчасць выбітнага кампазітара, але і пачуць гучанне яго імя. Слухайце! 
  • Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага звярнуўся да п’есы Аляксандра Валадарскага “Сэлфі са Склерозам”. Чаму варта наведаць спектакль, даведаемся з рэцэнзіі Валянціна Пепяляева. 
  • “Прададзены смех” паводле казачнай аповесці Джэймса Круса, дэбютны для рэжысёра Яўгена Карняга спектакль з пазнакай 6+. На яго ў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек запрашае Марыя Бурмака. 
  • Данііл Філіповіч — малады беларускі рэжысёр, які цяпер працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Пра сваё разуменне тэатра і мастацтва ён расказаў у інтэрв’ю Дар’і Герасімовіч. 
  • Мастацкі фільм “Я памятаю…” пра жыццё пасля Чарнобыля, створаны на кінастудыі “Беларусьфільм” рэжысёрам Сяргеем Сычовым па сцэнарыі Фёдара Конева, глядзім разам з кіназнаўцай Наталляй Сцяжко.