Жыццё без бар’ераў

Больш за 300 мільёнаў плануецца ўкласці ў бягучай пяцігодцы ў мерапрыемствы па стварэнні даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю. А такіх прыкладна 6% насельніцтва краіны. Гэта вялікая колькасць. І дзяржава шукае шляхі, як стварыць умовы для іх сацыялізацыі і максімальнай самарэалізацыі. І калі раней, кажучы пра безбар'ернае асяроддзе, меліся на ўвазе пандусы ды паніжаныя бардзюры, то цяпер укараняецца больш комплексны падыход. 

Бо кожны беларус, неаспрэчна, мае права ўдзельнічаць нароўні і поруч з іншымі ў жыцці грамадства, у тым ліку і культурным. 

РАДАСЦЬ АД "ЦЁПЛЫХ КНІГ" 

Установы культуры Беларусі здаўна працуюць з людзьмі з інваліднасцю. Прычым безбар'ернае асяроддзе ствараецца і ў бібліятэках, і ў музеях, і ў клубах. Скажам, у Гродна ўжо не першы год працуе спецыяльная бібліятэка для невідушчых і слабавідушчых, што ўваходзіць у Цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму абласнога цэнтра. 

Спецыялізаваная бібліятэка для інвалідаў па зроку ў Гродне

— Штогод названую бібліятэку наведваюць шматлікія чытачы, з іх каля 450 чалавек маюць інваліднасць па зроку, — кажа загадчыца аддзела маркетынгу ЦБС г. Гродна Наталля Наземцава. — Бібліятэчны фонд мае больш за чатыры тысячы экзэмпляраў, з іх каля 200 кніг надрукаваны шрыфтам Брайля. 

У бібліятэцы створаны два аўтаматызаваныя рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю па зроку з падключэннем да сеткі Інтэрнэт, усталяваная праграма JAWS з сінтэзатарам маўлення, выкарыстоўваецца тыфлаабсталяванне — электронная лупа Eclipse для павелічэння тэксту або малюнка ў 32 разы і Daisyplaer — для агучвання тэкстаў. 

У 2017—2018 гадах былі рэалізаваныя два буйныя сацыяльна-культурныя праекты: “Цёплыя кнігі” (створаны 20 тактыльных кніг для невідушчых дзяцей) і “Гродна: гісторыя ў гуку” (створаны 9 краязнаўчых аўдыякніг). Да слова, для праекта “Цёплыя кнігі” на закупку матэрыялаў для тактыльных кніг былі выкарыстаныя спонсарскія сродкі ААТ “Малочны свет”. 

— А зусім нядаўна загадчыца бібліятэкі № 5 Ганна Шарэнда, у мінулым прафесійны экскурсавод, распрацавала беларускамоўны тактыльна-інклюзіўны маршрут, які назвала “Ад Фары Вітаўта да замкаў”, — распавядае Наталля Наземцава. — Гэты маршрут па гістарычным цэнтры Гродна невялікі, недзе з 500 метраў, але ён даволі запатрабаваны ў людзей з абмежаваннем па зроку. 

Экскурсія доўжыцца прыкладна паўтары-дзве гадзіны (слабавідушчыя, невідушчыя людзі рухаюцца павольна), падчас якога бібліятэкары расказваюць пра гістарычныя і турыстычныя цікавосткі Гродна, а кожны ўдзельнік можа дакрануцца і да саміх старадаўніх будынкаў, і да Фары Вітаўта. Акрамя таго, бібліятэкары стварылі спецыяльны альбом з выявамі ўсіх асноўных гістарычных помнікаў, якія ёсць на турыстычным маршруце. Таксама экскурсанты спыняюцца ў кавярні, дзе кожны ўдзельнік разам з суправаджальнай асобай можа выпіць смачнай кавы. У кавярні, дарэчы, выдаюцца і розныя ўпакоўкі са спецыямі, якія можна і панюхаць, і дадаць у каву. 

ГАВАРКІЯ ВЫДАННІ 

Падобная практыка, дарэчы, існуе і ў Магілёве. У дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 2, якая ўваходзіць у Цэнтралізаваную сістэму дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва, дзейнічае праект “Бібліятэка ля мікрафона. Кнігі, якія гавораць”. 

— Мы стваралі гэты праект як сваімі сіламі, так і з дапамогай запрошаных гасцей, — адзначае дырэктар ЦСДПБ Магілёва Вольга Волкава. — Тут размешчаны аўдыяказкі для дзяцей, аўдыяапавяданні, дзіцячыя песні, аўдыяспектаклі ды шмат чаго яшчэ. І вельмі прыемна, што наш аўдыяпартал пастаянна папаўняецца і пашыраецца. 

Майстар-клас па чытанні шрыфтам Брайля ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле №2 Магілёва

Акрамя таго, супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 2 сумесна з Магілёўскай абласной арганізацыяй БелТІЗ не так даўно прымалі ўдзел у месячніку “Белая палка”. У бібліятэцы прайшлі самыя розныя мерапрыемствы для людзей з інваліднасцю па зроку. Напрыклад, маштабны тыфлаквэст “Свет за межамі цемры”, падчас якога арганізатары давалі магчымасць усім ахвотным занурыцца ў абсалютную цемру і на некалькі хвілін адчуць на сабе асаблівасці жыцця сляпога чалавека. 

У праграме тыфлаквэсту былі прадугледжаны і майстар-класы ад людзей з інваліднасцю па зроку, якія навучалі школьнікаў пісаць рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля, сітуацыйныя відэаўрокі “Этыка зносін з невідушчымі” ды многае іншае. Акрамя таго, у лістападзе, у рамках міжнароднага супрацоўніцтва з Тульскай абласной спецыяльнай бібліятэкай для сляпых, адбыўся вэбінар “Традыцыі і сучасныя тэндэнцыі ў абслугоўванні людзей з праблемамі зроку”, падчас якога бібліятэкары абмяняліся вопытам сваёй працы. 

ДАСТУПНАЯ БІБЛІЯТЭКА 

Днямі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” экспазіцыю “Музей вайны — тэрыторыя міру” абсталявалі мнемасхемамі і інфармацыйнымі таблічкамі са шрыфтам Брайля. Тут дэманструюцца каля дзвюх тысяч музейных прадметаў. Тактыльныя таблічкі з рэльефна-кропкавым шрыфтам усталяваныя на першым паверсе экспазіцыі і ў кожнай з яе васьмі залаў. 

А ў Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы Брэсцкай вобласці ўжо другі год працуе праект “Безбар’ернае асяроддзе. Даступная бібліятэка”. 

— Дзякуючы гэтаму праекту людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць доступ да ўсіх публічных бібліятэк горада, — падкрэслівае дырэктар Пінскай ГЦБ Дзіна Лагодзіч. — Нароўні з усімі, дадзеная катэгорыя карыстальнікаў можа далучацца да ўсяго спектра інфармацыйных і сацыяльна-дасугавых паслуг бібліятэк. Мы ладзім святочныя мерапрыемствы, відэавандроўкі, творчыя сустрэчы, майстар-класы, выставы нашых аўдыякніг, дыскатэкі і конкурсы — усё гэта менавіта для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. 

Падчас святочных мерапрыемстваў у Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы

Як кажа Дзіна Лагодзіч, кніжныя фонды гарадскіх бібліятэк маюць шмат аўдыякніг, шмат выданняў з узбуйненым шрыфтам і выдадзеных шрыфтам Брайля для чытачоў з аслабленым зрокам. 

Акрамя таго, яшчэ ў 2014-м Пінская міжраённая арганізацыя “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў” пачала распрацоўваць турыстычныя маршруты, даступныя для людзей з інваліднасцю. Турыстычныя маршруты ахопліваюць Пінск і Пінскі раён. За некалькі гадоў, што прайшлі з пачатку рэалізацыі праекта, пінчукі на вазках змаглі пабываць у царкве Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Вяляцічы, аграсядзібе “Дубае над Пінай”, у парку Скірмунтаў у вёсцы Парэчча і многіх іншых цікавых месцах Пінскага раёна. 

Гэта толькі невялікі агляд таго, што робіцца ў розных установах культуры Беларусі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мажліва, у вашых раёнах таксама ёсць цікавыя праекты. Паведамляйце пра іх у “К”, і мы абавязкова апублікуем інфармацыю пра інклюзіўныя ініцыятывы на старонках газеты.

Таксама ў рамках праекта быў створаны даведнік з указаннем даступных для людзей на вазках славутасцей Піншчыны. У ім сабраныя кароткія звесткі пра гісторыю некаторых цікавых мясцін, якія можа наведаць чалавек у інвалідным вазку, а таксама прыведзены асноўныя будаўнічыя нормы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. У канцы выдання размешчаны спіс пінскіх гасцініц, кафэ, аптэк, якія даступны калясачнікам. 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ 

Ілюстрацыі ўзятыя з сайтаў бібліятэк Беларусі