Кожны кадр — пра любоў

Апублiкавана: 02 сакавiка 2023 Кiно Кіно Мінск Iнтэрв'ю

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Беларускі кінематограф працягвае заваёўваць сэрцы замежнага гледача. Фільм “Падрыў” (2022), што летась патрапіў на Міжнародны кінафестываль у Ташкенце і Усекітайскія прэміі “Залаты певень” і “Сто кветак”, сёлета прадставіў Беларусь у Індыі на прэстыжным кінафоруме краін ШАС. Рэжысёр Іван Паўлаў, які прэзентаваў карціну ў Мумбаі, падзяліўся досведам удзелу ў такіх паказах і думкамі пра стан айчыннага кіно.

У МУМБАІ Я ЗРАЗУМЕЎ, ШТО Ў НАС АТРЫМАЛАСЯ МІЖНАРОДНАЕ КІНО: МУЗЫКА І КАХАННЕ Ў КАДРЫ ЗАХАПІЛІ ГЛЕДАЧА 

Запрашэнне прыняць удзел у кінафоруме краін ШАС прыйшло на адрас “Беларусьфільма”. Унутранай канкурэнцыі або сумневаў, які фільм адправіць, не было: “Падрыў” — адзіная работа, што адпавядала фармату фестывалю. Паколькі наша рэспубліка пакуль не з’яўляецца краінай-удзельніцай, стужка не была прадстаўлена ў конкурснай праграме, але знаходзілася ў блоку, які прэзентаваў сучасны стан кінагаліны, — “Фокус на краінах ШАС”. 

Нечаканых рэакцый у індыйскай публікі “Падрыў” не выклікаў: глядач, калі хвалюецца за героя, рэагуе аднолькава. Але я пераканаўся, што фільм зразумелі, а значыць, мы зрабілі міжнародны праект. Хаця і не ўдалося растлумачыць замежнай аўдыторыі, што большасць сцэн у фільме — з рэальнага жыцця, — мы на зразумелай мове кіно распавялі пра нашу гісторыю і наш боль. 

НА КІНАФЕСТЫВАЛЯХ ДЛЯ МЯНЕ ВЕЛЬМІ ВАЖНА, ЯК ПУБЛІКА ЎСПРЫМАЕ ФІЛЬМ 

Ёсць прадузятая думка, што нікому беларускае мастацтва не патрэбнае. Але насамрэч я ўбачыў, што гэта стэрэатып, бо столькі чалавек намагаліся, каб я патрапіў на фестываль. Індыйскае пасольства ў Мінску затрымалася пасля працоўнага дня, каб паспець зрабіць візу, нашы консулы ў Індыі падключыліся да вырашэння пытанняў лагістыкі і афармлення дакументаў — усе гэтыя прыгоды паказалі, што ў замежнікаў ёсць жаданне пабачыць, што адбываецца ў нашай краіне. Я некалькі разоў адчайваўся, але такая ўсебаковая падтрымка мяне падштурхоўвала. Дзякуй усім, хто дапамог прывезці фільм на фестываль. 

Для рэжысёра вельмі важна прэзентаваць свае стужкі рознаму гледачу, каб атрымаць аб’ектыўныя водгукі. Падчас прэм’еры “Падрыву” ў Мінску публіка складалася ў асноўным з сяброў, якія, вядома, адгукаліся пра фільм станоўча. Другі паказ, на якім я прысутнічаў, быў у Магілёўскім каледжы мастацтваў. Нягледзячы на тое, што моладзь звычайна настроеная скептычна да фільмаў айчыннай вытворчасці, у выніку студэнты вельмі ярка і эмацыйна ўспрынялі стужку. Аднак самыя сапраўдныя рэакцыі — у замежнага гледача, якому не блізкія нашы рэаліі і асаблівасці, але які, тым не менш, разумее, пра што гісторыя. І гэта вельмі значна для рэжысёра. Такія рэчы дапамагаюць убачыць, атрымалася тое, што ты задумаў, ці не. Цяпер дакладна ведаю, што і карэйцы, і бразільцы зразумеюць наш фільм, ён атрымаўся для ўсіх. 

ХОЧАЦЦА, КАБ У КІНО БЫЛА МАЛАДАЯ КАНКУРЭНЦЫЯ 

Мне падабаецца працаваць з моладдзю: прываблівае іх энергетыка. Я выкладаю ў Акадэміі мастацтваў, таму крыху пачынаю разбірацца, як размаўляць з ёй, каб не быць назойлівым, бурклівым. Дапамагаюць таксама стасункі з рэжысёрамі-пачаткоўцамі пры кінастудыі, дзе я выступаю ў якасці іх мастацкага кіраўніка. Сёлета ў гэтым статусе я буду дапамагаць Кірылу Халецкаму здымаць дэбютны поўны метр. У мяне вялікае жаданне падзяліцца з ім сваім вопытам, таму што бачу ў юнаку талент і шчыры намер сказаць нешта сваё. 

Насамрэч роля мастацкага кіраўніка шмат чым адрозніваецца ад ролі рэжысёра. Ёсць спакуса зрабіць усё самому, але я сабе такога не дазваляю. Хоць і выказваю сваё бачанне наконт таго, як бы я зняў пэўную сцэну, але падкрэсліваю ўсімі магчымымі рысачкамі, што гэта проста маё меркаванне. Калі малады рэжысёр захоча, ён прыслухаецца, не захоча — не буду крыўдаваць на гэта. 

УЯВІЦЕ СКАЧОК З ПАРАШУТАМ. ВОСЬ ВЫ САДЗІЦЕСЯ Ў САМАЛЁТ, ПАДЫМАЕЦЕСЯ НА ВЫШЫНЮ, А ПОТЫМ РОБІЦЕ КРОК. ЗДЫМАЧНАЯ ПЛЯЦОЎКА — ГЭТА МОЙ КРОК У НЯВЫЗНАЧАНАСЦЬ... 

Я ведаю дакладна, што мая задача — праца з акцёрамі. Я стараюся моцна не ўмешвацца ў дзейнасць аператара ці ў мантаж. Мяне вабіць здымачная пляцоўка. Хоць і не маю адмысловага стылю вядзення здымак — я, як і ўсе рэжысёры, кажу: “Матор. Камера!”— у сваёй працы мне ёсць на каго раўняцца. Гэта мой майстар — Віктар Цімафеевіч Тураў. Я граў у яго фільме “Шляхціц Завальня”. І тое, як Тураў працуе з акцёрамі і групай, было для мяне добрым прыкладам, пасля чаго я зразумеў: хачу рабіць, як ён. З такім жа стаўленнем не толькі да сцэнарыя, але і да пляцоўкі, каманды, фільма і да моладзі. 

Падчас здымак “Полымя пад попелам” я ў нейкі момант раптам абмовіўся, што мы здымаем кожны кадр пра любоў. І гэта пайшло як дэвіз. У мяне на пляцоўцы заўсёды мір і парадак. Я гатовы выслухоўваць аргументаваныя меркаванні ад усіх членаў групы, хай гэта часам і затарможвае працу. 

Я ПРЫНЁС ТУРАВУ СЦЭНАРЫЙ. ГЭТА БЫЎ СТУДЭНЦКІ ФІЛЬМ “ДЗВЕ ГІСТОРЫІ АДНАГО ГУСАРА”ПА АПАВЯДАННІ КУПРЫНА“БРЭГЕТ”. АТРЫМАЎ ВОДГУК: “ДОБРЫ РАЗБОР, АНАЛІЗ. А ТЫ ДЗЕ Ў ГЭТАЙ ГІСТОРЫІ?” 

Сёння многія лічаць сябе рэжысёрамі, узяўшы камеру ў рукі. Так, здымаць могуць усе, але, калі ў вас ёсць тэкст і вы знялі яго, як напісана, гэта не робіць вас рэжысёрам. Недастаткова нават разумення, дзе павінен стаяць акцёр, як размясціць камеру і зрабіць добрае асвятленне. Рэжысура пачынаецца ў той момант, калі вы ўкладаеце часцінку сябе ў тое, што ствараеце. Акцёры, калі проста вымаўляюць тэкст, — рупары. Я заўсёды прыводжу ў прыклад працу Андрэя Сенькіна ў “Падрыве”. Ён не цягаў мяшкі, не бег 40 кіламетраў, а ўнутрана сыграў чалавека, які здрадзіў. Яму давялося напружыцца, каб глядач паверыў у яго героя. У выніку Андрэй выдаткаваў столькі энергіі, што потым два дні ляжаў, не ўстаючы. Я лічу, што рэжысёр гэтак жа павінен выкладвацца. 

ЯК КАЗАЎ ХІЧКОК: “КАБ ЗРАБІЦЬ ВЯЛІКІ ФІЛЬМ, НЕАБХОДНЫЯ ТРЫ РЭЧЫ: СЦЭНАРЫЙ, СЦЭНАРЫЙ І ЯШЧЭ РАЗ СЦЭНАРЫЙ!” 

Я аднойчы пабываў у “Меццы кіношнікаў” — Лос-Анджэлесе. Вы не ўяўляеце, колькі там рэкламы праектаў, пра якія мы нават не чулі. А ўсё таму, што іх “нацыянальны від спорту” — напісанне сцэнарыяў. З 500 ідэй — сінопсісаў на старонку — толькі адна трапляе на экран. Давайце палічым, колькі задумак увасабляецца ў Беларусі? Нам трэба зрабіць 500, каб адна годная ўбачыла свет. Усё адштурхваецца ад сцэнарыя. Без яго не будзе кіно. Але аснова павінна быць якаснай, бо ніякія спецэфекты не выратуюць, калі ідэя дрэнная. Да таго ж яна абавязана адпавядаць сучаснасці, каб кіно было зразумелым і нашаму гледачу, і замежнаму. 

На жаль, айчынны кінематограф не мае колькі-небудзь заўважнага аб’ёму ідэй, шмат чаго мы не можам зрабіць тэхнічна. Але хочацца, каб беларускі глядач верыў у сваё кіно і мы сталі ў адзін шэраг з лідарамі сусветнага сінематографа. Бо калі жыццё рухаецца наперад сямімільнымі крокамі, мы павінны не адставаць, а намагацца ствараць канкурэнтаздольнае кіно. 

5 парад для рэжысёраў-пачаткоўцаў:

1. Шмат чытаць.

2. Шмат назіраць.

3. Мяняць гарызонт свайго погляду.

4. Паважаць таго чалавека, для якога ствараеш сваю гісторыю.

5. Быць упэўненым у сабе.

Яўгенія ГАБЕЦ