“Марат” у “Судотыку” з “Фігаро” і “Карчмаркай”

Апублiкавана: 01 сакавiка 2023 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: Аўтары

Цяперашні сезон у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры быў адзначаны адразу некалькімі прэм’ерамі. Апроч вельмі ўдалай “Царэўны-жабкі” для дзяцей (гл. “К” № 53 за 2022 г.), гэта ажно чатыры спектаклі для дарослых — розныя па жанры, эстэтыцы і ступені дасканаласці. 

П’есу “Мой бедны Марат” Аляксея Арбузава, напісаную ў сярэдзіне 1960-х і адрэдагаваную аўтарам у 1980-м, ставілі ледзь не ўсе савецкія тэатры. Увасаблялі яе і ў замежжы. Ды на постсавецкай прасторы твор зрабіўся адлюстраваннем Ленінградскай блакады і няпростых пасляваенных гадоў. Як падаваць яго для цяперашняй моладзі — гэткім гістарычным адбіткам ці роздумам пра набалелае? Бо ў цэнтры аповеду — складанае спляценне лёсаў дзяўчыны і двух закаханых у яе хлопцаў. Любоўны трыкутнік? Не зусім. Хутчэй спалучэнне-злучэнне характараў (невыпадкова драматург азначыў жанр як “дыялогі ў трох частках”), дзе няма адмоў- ных персанажаў, а ёсць барацьба ўнутры кожнага — праблема выбару, актуальная заўсёды. І асабліва для моладзі. 

Падзеі трох частак п’есы адбываюцца ў 1942-м, 1946-м і напярэдадні 1960 года, закранаючы навагоднюю ноч. Але галоўны рэжысёр Маладзёжнага тэатра Андрэй Гузій падзяліў спектакль не на тры акты, а на два: ваенны час— і пасляваенны. У сцэнаграфіі Вольгі Грыцаевай — ніякіх спецыяльных гістарычных прыкмет, як гэта было ў большасці колішніх пастановак на манер сацыялістычнага рэалізму. Наадварот, пануе схільнасць да сімволікі 1970—1980-х, прычым вельмі простай, кідкай, без аніякіх “зашыфраванасцей”. Цёмная тканіна, што пакрывае амаль усю сцэну, у канцы першай дзеі паціху паўзе ўглыб і знікае. Звер- ху спускаецца штосьці падобнае да белага вэлюму, з’яўляецца ўся ў квецені яблыневая галіна. На сцэне — быццам май 45-га і далейшае пасляваеннае аднаўлен- не, што таксама асацыіруецца з вясной. 

Інтэр’ер і многія рэальныя побытавыя рэчы, дакладна прапісаныя ў п’есе, заменены ўмоўнымі, абмаляваны найперш пластыкай артыстаў, у якой, дарэчы, няма ніякіх спасылак на тыя часы. Акцёры, па сутнасці, іграюць сябе саміх — сённяшніх, зыходзячы з уласных уяўленняў пра герояў і з ранейшых напрацовак, з прафесійнай спрактыкаванас- ці. Праз гэта трансфармаваліся характары персанажаў і яшчэ больш — расстаноўка сіл, што прывяло да глыбокіх сэнсавых змен, падмацаваных некаторымі купюрамі тэксту. 

Звычайна сярод хлопцаў лідзіруе Марат: невыпадкова драматург надзяліў яго такім гераічным імем, вынес тое імя ў назву, ахрысціўшы другога героя не Леанідам ці проста Лёнем, а памяншальнапяшчотна — Леанідзікам. У п’есе дакладна прапісаныя і каханне Марата і Лікі, і іх спачуванне Леанідзіку (персанаж спачатку хварэе, пасля застаецца без адной рукі), і тэма ахвярнасці, вельмі важная для савецкіх часоў. Ахвярай успрымаецца шлюб Лікі з Леанідзікам: герой аказваецца дрэнным паэтам і вось-вось ператворыцца ў хатняга тырана, але нарэшце асэнсоўвае свой інфантылізм і адважваецца пачаць усё нанова — менавіта самастойна. Але ўсё тое — у п’есе. У спектаклі артысты інтуітыўна зрабілі многае наадварот, і атрымалася папраўдзе арыгінальная версія. 

Убачанае так і хочацца перайменаваць — “Леанідзік”. Бо менавіта гэты герой ва ўдумлі- вым прачытанні Мікалая Вараб’я становіцца галоўным рухавіком дзеяння. Гарэзлівая летуценніца Ліка (Яўгенія Анікей) сама не ведае, чаго хоча і каго кахае. Марат (Уладзіслаў Лужынскі, які вучыцца на 4 курсе Акадэміі мастацтваў) успрымаецца нягеглым падлеткам, які спачатку гарачыцца і толькі потым аналізуе, а сваю няўпэўненасць прыкрывае фанабэрыстасцю. І адно Леанідзік бачыцца духоўна сталым юнаком, а пазней мужчынам, здольным трымаць сітуацыю пад кантролем і прымаць узважаныя рашэнні — за сябе і за іншых. Ёсць пра што задумацца! 

На камернай сцэне тэатр выпусціў пластычны спектакль “Судотык. Маленькая гісторыя пра тое, што ўнутры… І ўсё”. Падобныя пластычна-харэаграфічныя эксперыменты даўно ўжо не рэдкасць у гэтым калектыве. Здольныя зацікавіць маладую публіку, менавіта яны найперш спраўджваюць назву тэатра — Маладзёжны. Але ж спектакль, маючы ўзроставае абмежаванне 12+, можа быць прыдатны для ўсёй сям’і, асабліва з дзецьмі-падлеткамі, бо ён у першую чаргу атмасферны. У другую — пачуццёвы. Харэаграфія Дзіяны Юрчанка не патрабуе ні перакладу, ні літаратурна пададзенага сюжэтнага разгортвання. Рухі акцёраў трэба адчуваць сэрцам, насамрэч прыслухоўваючыся да таго, што схавана ў табе. Да роздуму, скіраванага ўнутр душы, падштурхоўваюць і фантазійныя відэапраекцыі Марыны Бобрыкавай, і незвычайныя сцэнічныя строі Кацярыны Герасіменка з вялікай колькасцю вязаных дэталей (нават у кубачкаў вязаныя падшклянкі). Такія касцюмы і аздабленні апелююць да стылю хюге і асацыіруюцца з хатнімі цяплом, утульнасцю. Фантасмагарычны, насычаны сімваламі спектакль вядзе да думкі, што ўсе мы — быццам дзьмухаўцы ў нашым свеце, дзе пунктам апоры павінны заставацца вечныя сямейныя каштоўнасці, шчырыя размовы сваякоў розных пакаленняў сам-насам. Менавіта гэта і дапаможа пазбавіцца дзіцячых страхаў, што з гадамі ўзрастаюць да маштабу псіхалагічных комплексаў. Ад апошніх ужо не адмяжуешся напаўпразрыстымі шырмамі, вынаходліва скарыстанымі ў сцэнаграфіі. 

“Карчмарка” Карла Гальдоні, пастаўленая Святланай Навуменка, не атрымала ніякіх дадатковых сэнсаў, хаця п’еса знанага італьянскага драматурга ХVIII стагоддзя, вырашаная як камедыя характараў, утрымлівае шмат магчымасцей для гэтага, дазваляе рабіць як адкрытую буфанаду, так і тонкі псіхалагічны тэатр. У спектаклі шмат руху, героі не толькі сыплюць скорагаворкай, але і танчаць і спяваюць. Ды не хапае дэталізаванасці, дабаўленай з любоўю. І тое не дазваляе паверыць у шчырасць пачуццяў, што дэманструюцца на сцэне. Фінальная згода гаспадыні гатэля Мірандаліны (Настасся Рэўчанка, якая, між іншым, сама склала песню для свайго персанажа) на шлюб з лакеем Фабрыцыа (Мікалай Варабей) выглядае, бы добра пралічаны шахматны ход. У Аляксея Шутава ў ролі кавалера, што пагардліва ставіцца да жанчын, пакуль не паддаецца чарам гераіні, пераважаюць знешнія праявы пачуццяў, а зусім не сапраўдная цікавасць да неардынарнай дзяўчыны, якой павінна быць Мірандаліна. У выніку самым, бадай, яркім персанажам бачыцца збяднелы і таму смешна скупы маркіз таленавітага коміка Івана Шчатко. Пры дастаткова простай і функцыянальнай сцэнаграфіі Юрыя Саламонава вылучаюцца касцюмы Валянціны Праўдзінай, у якіх мастачка фантазійна яднае рознастылёвыя элементы, спалучае сучаснасць з намёкам на даўніну. 

"Карчмарка"

Насамрэч сур’ёзная тэатральная праца— спектакль “Шалёны дзень, альбо Жаніцьба Фігаро” па аднайменнай п’есе Бамаршэ. Зусім нядаўна да гэтага ж матэрыялу звярнуўся ТЮГ, запрасіўшы маскоўскага рэжысёра Аляксандра Баркара, які азначыў сваю версію “розыгрыш”. Ёсць цудоўная магчымасць параўнаць, што ў каго атрымалася, бо абодва пастаноўшчыкі імкнуліся так ці іначай асучасніць “карцінку”, захаваўшы пры некаторых скарачэннях тэкст. 

Андрэй Гузій расквечвае кожны з двух актаў адметным танцавальным пралогам, дзе ў цемры з люмінесцэнтнай падсветкай выводзіць артыстаў у белых стылізаваных строях пад рок-апрацоўку фрагментаў з оперы “Севільскі цырульнік” Дж. Расіні. Нечаканы, прыцягальна займальны пачатак, толькі зроблены з дапамогай іншых сродкаў, пастаноўшчык выкарыстоўваў у нядаўняй “Апошняй ахвяры” — дадаў да дзейных асоб п’есы А. Астроўскага некалькі міміка-пластычных роляў, названых Чалавек тэатра. Ды толькі там гэтая цікавінка ўспрымалася не зусім распрацаванай, так бы мовіць, “кінутай” ідэяй, што патрабуе больш шырокага развіцця. А ў “...Жаніцьбе Фігаро” выглядае цалкам натуральна, на роўных уваходзіць у кантэкст. 

"Шалёны дзень, альбо Жаніцьба Фігаро"

Мастак Андрэй Меранкоў стварыў рознаўзроўневую сцэнічную прастору з прыступкамі, скульптурамі, саломай па баках авансцэны і падлогай з чорнабелымі квадратамі, бы на шахматнай дошцы, што намякаюць на гульнявую сітуацыю “хто каго”. Арэлі як неад’емны элемент кахання — з сюрпрызам: іх адваротны бок аказваецца клавіятурай а-ля клавесін (дакладней, а-ля сінтэзатар). Надзвычай прывабныя касцюмы зроблены Таццянай Лісавенка быццам з гарэзлівымі “падказкамі”. Штаны настаўніка музыкі Базіля (Яўген Лук’янаў)— з ноткамі, садоўніка Антоніа (Аляксандр Пашкевіч) — з выявамі садавіны. Мантыя суддзі (Дзмітрый Бойка), які гаворыць смешна пісклявым фальцэтам,— з шалямі. Сукенка Марселіны (непазнавальная Любоў Пукіта), што аказваецца маці выкрадзенага ў дзяцінстве Фігаро, аздобленая прынтам Мадонны з немаўляткам. 

Вельмі трапна размеркаваны ролі. Харызматычны Андрэй Гладкі — прыроджаны Фігаро. Яўген Іўковіч з зачаравальнай пластычнасцю рухаў і гаворкай — спакушальнік граф. Марына Блінова малюе графіню тыповай дурніцай-бландзінкай. Паж Керубіна Анатоля Лагуценкава — пакрыўджаны, распешчаны юнак, што ніяк не пасталее. Юнай Фаншэце (Настасся Рэўчанка) палец у рот не кладзі: такая атрымае ўсё, што ні захоча. На фоне большасці каларытна манерных, парадыйных персанажаў Сюзанна Вольгі Ліфпуц-Смаглей паўстае папраўдзе шчырай, палкай і адначасова не па гадах мудрай дзяўчынай. 

У спектаклі шмат прыдумак, уключаючы постмадэрнісцкія дадаткі накшталт: “А вас, Керубіна, я папрашу застацца”. Слоўны лейтматыў апошняй сцэны (“Тут вельмі моцнае рэха”) дапоўнены іншымі паўтаральнымі фразамі: “Добра сказаў”, “Не трэба спяваць хорам”. 

“...Фігаро” Маладзёжнага мае амаль оперны хронаметраж — з антрактам без малога тры гадзіны. Але дзякуючы шалёнай энергетыцы, добраму тэмпарытму і раскіданым па дзеянні “прыколам”, час пралятае незаўважна. І нараджаецца думка паглядзець увесь “марафон” нанова. Ці ж гэта дрэнна? 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ