БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. КРАСАВІК

Апублiкавана: 28 сакавiка 2023 Каляндар Традыцыі Мінск

Аўтар: Аўтары

Народны каляндар — гэта сістэма зафіксаваных у фальклоры свят, ігрышчаў, абрадавых звычаяў, прысвяткаў, працоўных дзён, якая адлюстроўвае прыроднахраналагічныя веды беларусаў. Асобныя старадаўнія прыкметы надвор’я, звязаныя з пэўнымі датамі, цяпер ужо страцілі актуальнасць, некаторыя звычаі засталіся толькі ў гістарычнай памяці, іншыя ж актыўна бытуюць і сёння. Сістэматызаваны беларускі народны каляндар з яго велікодна-валачобнымі песнямі, што ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць прысвяткі і святы, ёсць нацыянальным шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры. Акрамя таго, валачобныя песні, што выконваліся на Вялікдзень, даўнейшы Новы год, — гэта своеасаблівае паэтычнае кола жыцця.

У народным календары на 2023-і прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай (*) вылучаны святы рухомай царкоўнай пасхаліі, што не маюць сталага месца ў годзе.

Умоўныя абазначэнні: п — панядзелак, а — аўторак, с — серада, ч — чацвер, пт — пятніца, сб — субота, н — нядзеля. Астранамічныя звесткі, пададзеныя ў тэксце, адносяцца да Мінска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002) і іншых.

 

1. сб. Дар’я Вясенняя. Адбельвалі палотны. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.

2. н. *Пальмова (Вербна) нядзеля. “Вярба б’е, не я б’ю”.

5. с. Арына. “На Арыну сей капусту ў расадніках”.

6. ч. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі “Буславы лапы”.

7. пт. Благавешчанне. “Благавешчанне без ластавак  — халоднае лета”. Абрад “Страла”.

8. сб. Благуста. “На Благусту сей капусту”.

9. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ у католікаў. *Вербніца. Асвячалі вярбу, сцябалі ёю, прыгаворваючы: “Не я б’ю, вярба б’е, за тыдзень  — Вялікдзень”. Матрона. “На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае”.

10. п. Пачатак *Белага, Вялікага тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

11. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і “гаўядо” не напала “парша”, трэба ўсё мыць.

12. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё драўлянае.

13. ч. *Чысты чацвер. Ідуць у лазню. Абрад мыцця дзежкі.

14. пт. *Чырвоная, Велікодная пятніца. Сеялі гарох. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. “Апрэль — нікому не вер”. Мар’я. Калі ў ясную ноч прыбывае вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. сб. *Вялікая, Чырвоная субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту. Палікарп. “Пачатак бясхлебіцы”.

16. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ. “Хрыстос уваскрос!  — Сапраўды ўваскрос!” Быў Новым годам. “Першае свята  — свята Вялікадня”. Мікіта. “Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам”.

17. п. Працяг *Вялікадня. “Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць”. У Жыткавіцкім раёне на другі дзень праводзілі свята сена.

19. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы тыдзень. “Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула”. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях.

20. ч. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою.

21. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою. Руф. Руф рушыць снягі.

23. н. *Праводная нядзеля. “Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла”. Юры. (Новы год па задыяку.) “Першае святца — святы Юр’я”, “Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я на «голы» лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла”. Войцах. “Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху”.

24. п. *Радаўнічныя Дзяды. Анціп — ахоўнік зубоў.

25. а. *Радаўніца. “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць”. Марк. “Дождж на Марка, дык зямля як шкварка”.

28. пт. Пуд. “Пуд снег пугне”.

29. сб. Арына. “На Арыну сей капусту на расаду”.

30. н. Зосім— ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.