Гэ­та не­па­руш­на

Апублiкавана: 12 сакавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: Аўтары

“Цягнік Памяці” стартуе 22 чэрвеня ў Брэсце. Хто стане яго пасажырамі і што іх чакае падчас падарожжа? Пытанні падрыхтоўкі беларуска-расійскага патрыятычнага праекта абмеркавалі ў Савеце Рэспублікі. 

Пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні X Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшло 9 сакавіка ў Савеце Рэспублікі. На парадку дня — падрыхтоўка і правядзенне сумеснага беларуска-расійскага патрыятычнага, культурна-адукацыйнага праекта “Цягнік Памяці”. 

– У мінулым годзе мы ўпершыню праводзілі гэты праект разам з Саветам Федэрацыі Расійскай Федэрацыі. Яго ўдзельнікамі былі дзесяцікласнікі — па 100 чалавек ад Беларусі і Расіі, якія праехалі па 15 гарадах, памятных мясцінах дзвюх краін, дзе праходзілі баі падчас Вялікай Айчыннай вайны, — нагадала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Мерапрыемства прайшло на даволі высокім арганізацыйным узроўні, удзельнікі пасябравалі, узаемадзейнічаюць да гэтага часу. Была прадугледжана шырокая культурная праграма, азнаямленне з тымі рэгіёнамі, раёнамі, гарадамі, дзе спыняўся цягнік з дзецьмі. У іх была свая форма, эмблема. У 2022-м мы спрацавалі цудоўна. Гэтак жа неабходна правесці гэта важнае мерапрыемства ў бягучым годзе. 

Дарэчы, сёлета плануецца пашырыць склад удзельнікаў патрыятычнага культурна-адукацыйнага праекта. Прынамсі, на 30-й юбілейнай сесіі Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаўудзельніц СНД былі абмеркаваныя асноўныя мерапрыемствы, якія пройдуць у 2023 годзе, такія як Форум рэгіёнаў, “Цягнік Памяці”. Было вызначана, што да Беларусі і Расіі далучацца іншыя краіны. 

– Тады нашы калегі далі згоду на ўдзел у патрыятычнай акцыі. Цяпер гэтыя пытанні прапрацоўваюцца. Але дакладна мы вызначыліся, што праект пройдзе па тэрыторыі Беларусі і Расіі. Старт будзе дадзены ў Брэсце 22 чэрвеня — гэта непарушна, — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі. 

Далей “Цягнік Памяці” рушыць па гераічных мясцінах Беларусі і Расіі, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны ішлі абарончыя і вызваленчыя баі. Да прыкладу, летась за час падарожжа юнакі і дзяўчаты пераадолелі больш за 6 тыс. км, а трэцяга ліпеня праект фінішаваў у Мінску. Так будзе і сёлета — патрыятычнае свята адбудзецца ў Дзень Незалежнасці Беларусі.