Даследаваць факты вайны — справа жыцця Генадзя Баркуна

ПЕРШЫЯ ЎСПАМІНЫ

Як зазначае сам Генадзь Іванавіч, Лешніца перадусім вядомая як радзіма Алеся Бачылы — знакамітага паэта, найперш вядомага як аўтара песні “Радзіма мая дарагая”. Вёска ляжыць на беразе Свіслачы, за пяць кіламетраў ад чыгуначнага прыпынку Седча. Тут у 1939 годзе і з’явіўся на свет наш субяседнік, які па праве называе сябе дзіцём вайны.

Вядома, ваенныя падзеі слаба адклаліся ў дзіцячай памяці ў такім малым веку, але асобныя эпізоды Генадзь Іванавіч запомніў — так, напрыклад, ён прыгадвае адступленне немцаў у 1944 годзе. Таму, мабыць, няма нічога дзіўнага, што, маючы такі першы ўспамін, у будучыні ён звязаў сваё жыццё з вывучэннем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Бацька нашага суразмоўцы, Іван Баркун, падчас нараджэння сына, увосень 1939 года, быў далёка ад роднай хаты — удзельнічаў у далучэнні Заходняй Беларусі да БССР, а пасля ваяваў і на Фінскай вайне. Калі мужчына атрымаў ліст з весткай аб нараджэнні сына, то надзвычай усцешыўся, бо да гэтага ў сям’і нараджаліся толькі дзяўчынкі. Неўзабаве бацька вярнуўся ў родныя мясціны — але вайна таксама прыйшла і сюды.

У чэрвені 1941 года, даведаўшыся пра напад гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз, Іван Баркун накіраваўся ў Мінск, каб зноў устаць у шэрагі Чырвонай арміі. Але гэтага яму зрабіць не ўдалося — пакуль дабраўся да горада, усе ваенкаматы адтуль ужо эвакуяваліся. Так бацька нашага субяседніка застаўся ў роднай вёсцы, а неўзабаве, не жадаючы сядзець склаўшы рукі, зрабіўся сувязным партызан і рабіў свой унёсак у змаганне супраць акупантаў.

У 1942 годзе, на жаль, памерла маці Генадзя Іванавіча, і далей яго выхаваннем займалася бабуля. Калі ж у 1944 годзе акупантаў прагналі з Беларусі, бацька зноў быў мабілізаваны ў войска і ваяваў на фронце, а пасля Перамогі, вярнуўшыся дадому і яшчэ раз ажаніўшыся, да выхаду на пенсію працаваў прадаўцом у вясковай краме.

НА ШЛЯХУ ДА МАРЫ

Генадзь Баркун з гонарам кажа, што зрабіцца гісторыкам марыў з дзяцінства — альбо архівістам, альбо музейным работнікам. Прычынай таму, відаць, было бацькава выхаванне — нягледзячы на тое, што Іван Баркун скончыў толькі пяць класаў школы, ён вельмі любіў кнігі і перадаў гэтае захапленне дзецям.

Генадзь Іванавіч, скончыўшы школу, спрабаваў паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — але з першага разу не ўдалося. Тады маладому чалавеку давялося ўзначаліць у роднай вёсцы мясцовы клуб, адрамантаваць для патрэб культуры стары будынак, арганізоўваць самадзейнасць, ладзіць спектаклі.

Неўзабаве хлопца забралі ў войска, службу ён праходзіў у савецкай групе войск у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, акурат падчас Берлінскага крызісу 1961 года, у выніку якога нямецкая сталіца была падзеленая надвое бетоннай сцяной. Тут Генадзь Іванавіч прайшоў падрыхтоўчыя курсы, якія тады ладзіліся пры гарнізоне, і здолеў паступіць на гістарычны факультэт БДУ. Падчас навучання на трэцім курсе ажаніўся — ягонай абранніцай зрабілася яшчэ школьная сяброўка, Марыя Васільеўна, у іх нарадзіўся сын.

МУЗЕЙНАЯ ЭПАПЕЯ

Калі ў 1966 годзе паўстала пытанне размеркавання, Генадзю Баркуну пашчасціла трапіць на працу ў Дзяржаўны музей БССР — цяпер ён вядомы як Нацыянальны гістарычны. Быў спачатку навуковым супрацоўнікам, потым — вучоным сакратаром. Музей тады яшчэ толькі арганізоўваўся, і першай задачай для маладога супрацоўніка было стварэнне экспазіцыі аб гісторыі Грамадзянскай вайны ў Беларусі.

У 1973 годзе Генадзь Іванавіч перайшоў на новае месца працы — заняў пасаду намесніка дырэктара па навуковай рабоце Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а праз дваццаць гадоў зрабіўся яго дырэктарам і прапрацаваў ім да 2004 года. Дарэчы, папярэднікам яго на гэтай пасадзе быў Аляксандр Ульяновіч, які да таго займаў пасаду сакратара Гродзенскага абласнога камітэта ЦК КПБ, — летась ён, на жаль, памёр, дажыўшы, тым не менш, да 100 гадоў (тэкст аб ім быў апублікаваны ў "К" № 25 (1516) ад 19 чэрвеня 2021 года).

Генадзь Іванавіч прыгадвае, як пасля атрымання Беларуссю незалежнасці тагачасны дырэктар ладзіў для супрацоўнікаў курсы па авалоданні ці ўдасканаленні ведаў беларускай мовы, на яе пераводзілася тады і музейная дакументацыя. Зрэшты, музей сутыкнуўся ў той перыяд і з пэўнымі цяжкасцямі — многія здатчыкі каштоўных прадметаў, асабліва тыя, хто пасля распаду СССР аказаліся ў іншых незалежных краінах, пажадалі вярнуць сабе здадзеныя раней у музей прадметы. Але, тым не менш, большасць такіх артэфактаў удалося адстаяць і зберагчы музейныя фонды.

Бадай што самым значным і запамінальным сваім дасягненнем на пасадзе дырэктара музея, своеасаблівай кульмінацыяй уласнай дзейнасці, Генадзь Баркун называе арганізацыю прыезду ў Мінск у 2002 годзе знакамітага Сцяга Перамогі, які быў зняты 1 мая 1945 года над Рэйхстагам. Вывезці гэты важны сімвал за межы Расійскай Федэрацыі тады было даволі складана, але гэтую задачу ўдалося паспяхова выканаць, і з’яўленне каштоўнага артэфакта ў Мінску зрабіла сапраўдны фурор.

АРХІЎНЫЯ РОСШУКІ

Пасля выхаду на пенсію, пакінуўшы пасаду дырэктара музея, Генадзь Баркун, аднак, не развітаўся са справай свайго жыцця, а працягнуў даследаваць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, зрабіўшыся навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Тут ён багата працаваў з запытамі сваякоў ветэранаў, дапамагаў знайсці неабходныя дакументы аб пацвярджэнні ўдзелу ў вайне і ўзнагароджанні медалямі ды ордэнамі, не спыняючы пошукі нават у самых цяжкіх і безнадзейных выпадках, калі шуканыя паперы падаваліся незваротна страчанымі.

Генадзь Іванавіч прызнаецца, што на гэтай працы нарэшце адчуў сябе сапраўдным гісторыкам, апублікаваўшы ў самых розных перыядычных выданнях мноства тэкстаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі. Абараніўшы ў свой час дыплом па дзённіках і ліставанні партызан і падпольшчыкаў, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве, я сам цудоўна разумею яго пачуцці. Упэўнены, што архіўныя знаходкі Генадзя Баркуна яшчэ не раз дапамогуць гісторыкам новых пакаленняў і заўжды будуць запатрабаваныя ў людзей, гэтаксама неабыякавых да захавання памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай. Пераемнасць пакаленняў даследчыкаў — немалаважная гарантыя таго, што трагічныя ўрокі ваенных дзён не будуць забытыя.

 

Антон РУДАК

Фота з сайта Беларускага

дзяржаўнага музея гісторыі

Вялікай Айчыннай вайны