Навука з практычным ухілам

З 23 па 27 студзеня ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў прайшоў Тыдзень беларускай навукі, падчас якога студэнты змаглі даведацца пра асноўныя даследчыцкія дасягненні alma mater. Больш падрабязна пра навуковы аспект працы ВНУ, міжнароднае супрацоўніцтва, канферэнцыі ды многае іншае распавяла прарэктар па навуковай рабоце БДУКМ Алена Корсакава. 

— Алена Яўгенаўна, мяркую, у пачатку нашага інтэрв’ю варта звярнуцца да Тыдня беларускай навукі. Наколькі маштабнымі былі мерапрыемствы? Што найбольш уразіла? 

— Самым запамінальным аказалася адкрыццё Тыдня беларускай навукі. Падчас імпрэзы выступіла рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская, былі ўручаныя каштоўныя падарункі і ганаровыя граматы навукоўцам і спецыялістам, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у даследчай дзейнасці, а ансамблі “Валачобнікі” і Tutti NEXT прадэманстравалі ўсім прысутным некалькі сваіх “каронных” нумароў. Яшчэ ў гэты дзень працавала выстава, што прэзентавала навуковыя дасягненні ўніверсітэта за апошні год. 

— Мабыць, адной з самых значных падзей Тыдня беларускай навукі таксама стаўся Дзень адкрытых дзвярэй? 

— Так, безумоўна. Будучых студэнтаў сустракалі ў спартыўна-культурным цэнтры БДУКМ дэканы, загадчыкі кафедраў і педагогі. Кожны абітурыент мог пазнаёміцца з асаблівасцямі навучання, спецыяльнасцямі, задаць пытанні пра будучую ўступную кампанію. Акрамя таго, кафедра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва арганізавала творчыя майстар-класы па кераміцы, ткацтве, саломапляценні і выцінанцы. Бібліятэка падрыхтавала выставу, дзе прадэманстравала публікацыі пра гісторыю ўніверсітэта, навуковыя праекты, вядомых выпускнікоў. Наведвальнікаў таксама чакаў сюрпрыз — тэатралізаваны абрадавы паказ “Вяселле”, у якім узялі ўдзел студэнты кафедраў рэжысуры, харэаграфіі і народнапесеннай творчасці і фальклору. 

— Вы згадалі выставу навуковых дасягненняў БДУКМ. Наколькі, на ваш погляд, значныя гэтыя поспехі? Што з іх можна вылучыць, на чым — сканцэнтраваць увагу? 

— Напрыклад, толькі за 2022 год у нас выйшла 12 манаграфій, было праведзена 9 навуковых мерапрыемстваў, сярод якіх — V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дакумент у сацыякультурным асяроддзі: тэорыі і лічбавыя трансфармацыі” (сумесна з Казанскім дзяржаўным інстытутам культуры, Расія), XI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці” ды іншыя, у тым ліку і студэнцкія. Таксама ў савеце па абароне дысертацый БДУКМ вытрымалі выпрабаванне 12 дысертацый, з якіх 11 — ад саіскальнікаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Адзначу, што колькасць абарон летась значна павялічылася, калі параўноўваць з ранейшымі гадамі. 

— Якія з дысертацый найбольш адметныя? 

— Я б адзначыла працу Лю Чуаньхана “Развіццё мастацкай адукацыі ў Кітаі і Беларусі ў другой палове XX — першай чвэрці XXI ст.”. Таксама згадаю дысертацыю Аксаны Катовіч “Увасабленне феномена часу ў міфапаэтычнай і рытуальна-абрадавай спадчыне беларусаў”. 

— Выхад з друку 12 манаграфій за мінулы год — значнае дасягненне супрацоўнікаў БДУКМ. А наколькі гэтыя і іншыя навуковыя выданні запатрабаваны па-за сталіцай? Ці ідзе абмеркаванне ўзнятых вашымі спецыялістамі праблем у рэгіянальных установах культуры — музеях, бібліятэках, СДК ці РДК? 

— Думаю, нашы публікацыі, нашы кнігі па розных тэмах культурнага жыцця Беларусі знаходзяць значны водгук у рэгіянальных установах культуры, напрыклад у раённых бібліятэчных сістэмах. Доказ гэтаму — павелічэнне попыту на спецыялістаў з БДУКМ у раёнах ад працадаўцаў. Часта на аднаго адмыслоўца паступае адразу некалькі — бывае, нават пяць — заявак. Адпаведна, у раёнах ведаюць пра нашу даследчую базу, пра навуковы вопыт, які мы перадаём студэнтам, робячы з іх высакакласных і запатрабаваных спецыялістаў, здольных да аналізу тых ці іншых праблем і пытанняў сферы рэгіянальнай культуры. 

— Думаю, не памылюся, калі скажу, што падрыхтоўка навуковых кадраў — адна з асноўных задач БДУКМ. Наколькі паспяховая дзейнасць у гэтым кірунку? 

— На сёння падрыхтоўка навуковых супрацоўнікаў вышэйшай кваліфікацыі ажыццяўляецца ў аспірантуры і дактарантуры БДУКМ, дзе агулам набываюць веды 237 чалавек, у прыватнасці 11 дактарантаў. Дадам, што наш савет па абароне дысертацый па культуралогіі і мастацтвазнаўстве, згодна з данымі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца адным з пяці найбольш эфектыўных у краіне. 

— А як развіваецца супрацоўніцтва БДУКМ з іншымі навуковымі ўстановамі, у тым ліку — і ўстановамі сферы культуры Беларусі? 

— Яшчэ ў 2017 годзе на базе Нацыянальнага мастацкага музея мы стварылі філіял кафедры тэорыі і гісторыі мастацтва, а ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ ў 2021-м — філіял кафедры культуралогіі. Летась у Нацыянальным агенцтве па турызме заснаваны філіял кафедры інфармацыйных тэхналогій у культуры, а ў Маладзёжным тэатры эстрады — кафедры харэаграфіі. 

— А што дае стварэнне па¬ добных філіялаў БДУКМ на базе названых устаноў? 

— У першую чаргу стварэнне філіялаў дазваляе паспяхова праводзіць практыка-арыентаваную падрыхтоўку. Гэта і знаёмства нашых студэнтаў з будучымі наймальнікамі, і апрабацыя тэарэтычных ведаў. Напрыклад, студэнты могуць спачатку збіраць фальклорныя матэрыялы, потым апрацоўваць, а пазней і ставіць па тых або іншых народных матывах тэатралізаваныя імпрэзы і нават цэлыя спектаклі. 

— А ўвогуле, наколькі студэнты БДУКМ уключаны ў навуковую дзейнасць? Ці ёсць сярод іх найбольш паспяховыя на даследчай ніве? 

— Без перабольшання скажу, што адным з самых прыярытэтных кірункаў дзейнасці БДУКМ з’яўляецца навукова-даследчая праца студэнтаў. Гэта падрыхтоўка курсавых і дыпломных, удзел у канферэнцыях, алімпіядах, круглых сталах, выставах, а таксама ў Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. У якасці аднаго з прыкладаў навуковага поспеху магу назваць нядаўні праект “3D мадэляванне як сродак захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі”, прэзентаваны студэнтамі 4 курса Веранікай Мелех і Георгіем Корсакавым у рамках рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Асноўная задача даследавання — на базе рэальнай экспазіцыі БДУКМ “Скарбы мастацтва: сувязь часоў” стварыць віртуальную. 

— Здаецца, згаданую музейную экспазіцыю ў сценах універсітэта адкрылі прыкладна паўтара года таму. Ці з’яўляюцца там новыя прадметы? Гэта ж таксама частка навуковай дзейнасці БДУКМ. 

— Так, безумоўна. Аснову праекта складаюць творы розных відаў мастацтва — дэкаратыўна-прыкладнога, музыкі, мастацтва кнігі. Там дэманструюцца экспанаты, сабраныя навукова-метадычным цэнтрам традыцыйнай беларускай культуры, і работы студэнтаў — стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў і дыпламантаў рэспубліканскіх выстаў. Мы пастаянна абнаўляем экспазіцыю і павялічваем колькасць аўтэнтычных прадметаў. А ў планах — стварыць віртуальны музей, каб нашы арыгінальныя і адметныя экспанаты ўбачыла як мага больш людзей. 

— Дзякуй за гутарку! 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ 

Фота аўтара