Сведку часу — 100 гадоў

Апублiкавана: 20 сакавiка 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

У Доме-музеі І з’езду РСДРП адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Сведка часу”, прымеркаванай да важкага юбілею ўстановы. У мерапрыемстве паўдзельнічалі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандр Храмы, прадстаўнікі кіраўніцтва Кампартыі Беларусі, іншыя пачэсныя госці.

У юбілейнай часовай экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы, якія адносяцца да лёсу дома па гістарычнай вул. Захар’еўскай, а таксама да створанага ў ім музея. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з рэдкімі фотаздымкамі, што захавалі значныя моманты жыцця музея; кнігамі, перыядычнымі выданнямі ды іншымі цікавымі матэрыяламі пра будынак, які стаў сведкам шматлікіх падзей, што ахапілі векавы перыяд жыцця Мінска і краіны. 

Як расказаў Аляксандр Храмы, Дом-музей І з’езду РСДРП сёння з’яўляецца перадавой пляцоўкай для ўкаранення сучасных тэхналогій музейнай справы ў сістэме Нацыянальнага гістарычнага музея і яго філіялаў. Напрыклад, тут упершыню апрабавалі аўдыягіды. Затым удалы досвед распаўсюдзілі. Па словах кіраўніка найбуйнейшага музейнага аб’яднання краіны, Дом-музей актыўна супрацоўнічае з установамі адукацыі. У межах вывучэння курсу гісторыі яго рэгулярна наведваюць школьнікі. Экспазіцыя ім цікавая. Яна наглядна адлюстроўвае як агульную атмасферу губернскага горада Расійскай імперыі канца ХІХ стагоддзя, так і сход сацыял-дэмакратаў, які стаў пунктам адліку для галоўных гістарычных падзей Еўропы ХХ стагоддзя. 

Гэты аб’ект нязменна выклікае цікавасць гасцей горада. Ён знаходзіцца на маляўнічым беразе Свіслачы ў самым цэнтры беларускай сталіцы, побач з іншым знакавым аб’ектам — Плошчай Перамогі. Як адзначыў Аляксандр Храмы, апроч звычайных турыстаў, у Дом-музей I з’езду РСДРП часта прыязджаюць афіцыйныя дэлегацыі з Расійскай Федэрацыі і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Пастаянны паток наведвальнікаў дазваляе ўстанове выконваць даведзеныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. 

За гады існавання музея з яго экспазіцыямі азнаямляліся шматлікія дэлегацыі і палітычныя дзеячы розных краін свету. Сярод іх такія знакамітасці, як кубінскі лідар Фідэль Кастра і Генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Кампартыі Югаславіі Ёсіп Броз Ціта. Гэтаму музею прысвячалі свае вершы беларускія паэты Пятрусь Броўка, Мікалай Аўрамчык, Эдзі Агняцвет, туркменскі паэт Рухі Аліеў, балгарскі Найдзен Вылчаў. 

Віктар ГАЎРЫШ