Новыя элементы ў спісе нематэрыяльнай спадчыны

Апублiкавана: 21 сакавiка 2023 Стужка Традыцыі Брэст і вобласць Тэндэнцыя

Аўтар: РУДАК Антон

На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, якое адбылося 6 сакавіка, былі адзінагалосна падтрыманыя прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці двум праяўленням нематэрыяльнай творчасці: тэхналогіі ткацтва “кажушком”, якая бытуе на тэрыторыі Маларыцкага раёна, і роспісу на шкле, што пашыраны ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах Брэсцкай вобласці.

ПРАЦА НА ЦЭЛЫ ГОД 

Традыцыйна ткацтва было адным з паўсядзённых заняткаў жанчын, якія забяспечвалі сям’ю неабходным адзеннем, абрадавымі і ўжытковымі тканінамі. Прыкладна да пачатку 1930-х у вёсках ткалі з ільну і воўны рознага гатунку тканіны, кужэльныя наміткі, вясельныя ручнікі, уціральнікі, настольнікі, посцілкі-радзюжкі. У тэхналогіі ткацтва “кажушком” характэрнай рысай з’яўляецца тое, што ўточная нітка ўтварае адначасова ўзор і фонавае палатно, то-бок пры разбурэнні ўзору парушаецца структура і самой тканіны. Тэхналогія дазваляе вырабляць не толькі аднакаляровыя (пры дапамозе аднаго чаўна), але і шматколерныя (пры дапамозе некалькіх) тканіны. Тым не менш тканіна застаецца аднаўточнай, узор нельга аддзяліць ад карэннага палатна. 

На Маларытчыне ад саматканага адзення пачалі паступова адыходзіць у сярэдзіне ХХ стагоддзя, пасля таго як у людзей з’явіліся грошы на пакупку. Паводле ўспамінаў народнага майстра Рэспублікі Беларусь Сцепаніды Сцепанюк, ткаць перасталі, калі ў калгасах пачалі плаціць заробак: “Хай і капейкі, але ж на адзенне хапала. Людзі куплялі, таму што самастойна вырабляць — гэта была праца на цэлы год”. У другой палове ХХ стагоддзя ўнікальная тэхналогія ткацтва “кажушком” была страчаная, і ўзнавіць яе атрымалася дзякуючы намаганням Сцепаніды Сцепанюк толькі ў пачатку нашага стагоддзя. 

Узоры і носьбіткі традыцый ткацтва “кажушком”

Узоры і носьбіткі традыцый ткацтва “кажушком” 

Для захавання традыцыйнага народнага мастацтва і промыслаў у 1998 годзе рашэннем Маларыцкага райвыканкама ў вёсцы Замшаны створаны Дом ткацтва, які ў 2001-м быў перанесены ў райцэнтр, дзе сёння дзейнічае як Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці. У ім размешчаныя дзве выставачныя залы, дзе сабраныя прадметы даўніны, багатая калекцыя касцюмаў і ручнікоў маларыцкага строю і сучасных вырабаў з розных матэрыялаў. Для папулярызацыі народнай творчасці ў раёне раз на два гады праводзіцца фестываль абрадавага фальклору “Спадчына зямлі Маларыцкай”. 

Сёння ў раёне восем ткачых, якія перанялі тэхналогію і ўжо з’яўляюцца носьбітамі традыцыі. Некаторыя з іх працуюць у Маларыцкім цэнтры народнай творчасці: гэта народныя майстры Рэспублікі Беларусь — дырэктар цэнтра Валянціна Струнец і Валянціна Гатоўчыц з Дарапевіцкага Дома фальклору, а таксама ткачыхі з Маларыцкага цэнтра народнай творчасці і школы народнай творчасці аграгарадка Хаціслаў Улляна Верашчагіна, Святлана Луцык, Алена Рыбакова, Людміла Сакалюк, Вольга Смаль і Настасся Струнец. Акрамя таго, у гуртках ткацтва займаюцца дзесяць вучняў. 

ПРАГА ПРЫГОЖАГА 

Традыцыйны роспіс на шкле, які бытуе ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах Брэсцкай вобласці, — від народнага жывапісу, які пашырыўся з другой паловы XIX стагоддзя. На прамавугольных кавалках шкла алейнымі фарбамі малявалі абразкі і дэкаратыўныя арнаментальныя ды сюжэтныя кампазіцыі. Асноўная тэматыка — жывёльныя і раслінныя матывы, пейзажы, казачныя сюжэты. Узоры роспісу на шкле ўносілі ў традыцыйны інтэр’ер народнага жылля гучны мажорны акцэнт, пераклікаліся з роспісам на куфрах, дыванах, пабеленых сценах печаў, тканымі і вышыванымі ўзорамі. 

Паўплываў на роспіс на шкле гарадскі выяўленчы фальклор з яго лубочнымі карцінкамі, рэкламнымі шыльдамі, віншавальнымі паштоўкамі, разнастайнай рынкавай прадукцыяй. На Бярозаўшчыне распісвалі куфры, дываны на тканіне, мэблю, сцены і столь такія майстры, як Алена Васілеўская з вёскі Здзітава і Валянціна Вакульчык з вёскі Касцюкі. Паводле сведчання майстра Надзеі Зінавук з вёскі Шылінок, у 1970-х тут існаваў “вялікі базар”, куды многія мясцовыя майстры прывозілі свае роспісы на шкле для гандлю. Роспіс на шкле на Бярозаўшчыне актыўна існаваў да 1990-х. Майстры малявалі для аздаблення інтэр’еру, для падарункаў, і для многіх такое рамяство было асноўным заробкам у сям’і. 

Паўстагоддзя таму такія карціны былі амаль у кожнай сялянскай хаце, але рамяство паступова страчвала сваю актуальнаць, працягвалі маляваць толькі адзінкавыя майстры — як, напрыклад, Алена Макоўчык з вёскі Совіна Бярозаўскага раёна. Аднавіць традыцыю ўдалося дзякуючы народнаму майстру Марыі Кулецкай з Пружанаў. У пошуках карцін яна абышла ўсе Пружаны, праехала нямала вёсак, шукала работы старых майстроў, каб засвоіць іх манеру, аднавіць тэхніку. Маляванкі яна не капіравала — толькі пераймала тэмы, засвойвала почырк народных мастакоў. Цікавасць да гэтага віду творчасці пераняла ад бацькоў, перадала свае веды дачцэ, малююць на шкле і ўнукі майстра. Марыя Мікалаеўна папулярызуе роспіс на шкле з дапамогай правядзення выстаў і майстар-класаў, заахвочвае маладых мастакоў. 

Прыклады роспісу на шкле

Прыклады роспісу на шкле

Сваё новае жыццё роспіс на шкле атрымаў з 2006 года, калі Марыя Кулецкая стварыла ў Пружанскім гарадскім палацы культуры гурток “Шклінка-маляванка”. Тут сталі ладзіць экспедыцыі па даследаванні роспісу, праводзіць семінары і майстар-класы, дзеці авалодалі навыкамі ў гуртках, маладыя майстры па роспісе атрымалі адукацыю на курсах павышэння кваліфікацыі, перанялі навыкі ад старэйшых майстроў з вёсак, пачалі ўдзельнічаць у выставах і конкурсах у Беларусі і за мяжой. У мэтах вывучэння гэтай з’явы народнага мастацтва ў 2021— 2022 гадах аддзелам культуры Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта былі арганізаваныя экспедыцыі, падчас іх праведзеныя сустрэчы з народнымі майстрамі, якія малявалі ў 1950—1990-я, сабраныя фотаздымкі, аўдыя- і відэаматэрыялы. 

Роспісам на шкле з 1996 года займаецца і народны майстар Таццяна Зданевіч з Бярозы, загадчык мастацкага аддзялення брозаўскай Дзіцячай школы мастацтваў № 2 і кіраўнік узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Папараць”. Яна распрацоўвае альбом, у якім будуць размешчаныя матэрыялы аб майстрах мінулага стагоддзя і сучаснага перыяду, сабраныя падчас экспедыцый на Бярозаўшчыне. А народны майстар Вольга Пілецкая з Клецкага раёна Мінскай вобласці адраджае роспіс на шкле ў сваім рэгіёне, збірае ўзоры, малюе па матывах знойдзеных твораў майстроў 1950—1970-х. 

Рашэнне рэспубліканскай навукова-метадычнай рады ўтрымлівае рэкамендацыі мясцовым органам улады: забяспечыць удзел маладых майстроў у абласных фестывалях, выставах, майстар-класах і семінарах, а таксама арганізаваць экспедыцыі з мэтай папулярызацыі і захавання элементаў нематэрыяльнай культуры. Увага з боку моладзі дае падставы спадзявацца, што гэтыя традыцыі будуць жыць далей і спрыяць выхаванню ў новых пакаленняў любові да нашай гісторыі, культуры ды павагі да продкаў.  

Антон РУДАК 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ