Рэпертуарны тэатр — ідэалагічная апора дзяржавы

Апублiкавана: 22 сакавiка 2023 Стужка Тэатры Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Сяргей Кавальчык, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, упэўнены: без усёабдымнай дапамогі Міністэрства культуры калектыў не здолеў бы выканаць напружаныя творчыя планы 2022 года. Рэжысёр лічыць, што дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы рэпертуарны тэатр развіваецца як важны грамадскі інстытут.

У гутарцы з карэспандэнтам “К” Сяргей Кавальчык нагадаў, што горкаўцы сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі пасля завяршэння рэканструкцыі свайго будынка. Цікавасць публікі да класічных пастановак драмтэатра была страчана за гады рамонту і “каронапаўзы”. Таму востра стала пытанне абнаўлення рэпертуару. 

— Усяго за адзін каляндарны год мы зрабілі шэсць новых пастановак. Гэта высокі тэмп працы, — успамі- нае рэжысёр. — У нас даўно не здаралася такога колькаснага выніку. Творчае жыццё ў тэатры атрымалася вельмі інтэнсіўным. Акцёры практычна жылі на сцэне ў той перыяд. 

НЯСПЫННАЯ ПРАЦА 

Першай прэм’ерай на новай сцэне сталі “Браты Карамазавы”. Пасля была напружаная падрыхтоўка “Графа Монтэ-Крыста”. Рок-оперу паказалі публіцы 29 красавіка 2022 года. Такі пробны шар ускалыхнуў тэатр і гледача. Вынік перасягнуў усе чаканні. “Граф Монтэ-Крыста” ідзе з пастаянным поспехам, і ўжо ў канцы лютага на гэтую пастаноўку былі раскуплены ўсе білеты да мая. 

— Тады мы з Эдуардам Іванавічам Герасімовічам, дырэктарам, вырашылі запусціць шмат новых спектакляў, — кажа Сяргей Кавальчык. — Яны мусілі ісці паралельна з планавымі. Ужо ў верасні адбылася прэм’ера “Месяца ў вёсцы” паводле п’есы Івана Тургенева. Гэта камедыя ў пастаноўцы народнай артысткі Беларусі Вольгі Клебановіч. Праз месяц, у пачатку лістапада, мы выпусцілі спектакль “Падмануты муж” па Мальеру, а яшчэ праз месяц — “Сэлфі са склерозам” па творы Аляксандра Валадарскага. Зусім нядаўна, 9 лютага, прайшла доўгачаканая прэм’ера паводле рамана Фёдара Дастаеўскага “Ідыёт” у аўтарскім прачытанні сербскага рэжысёра Іваны Жыган. 

Цяпер тэатр працуе паралельна над некалькімі праектамі. Гэта “Opus 40. Беспасажніца” Астроўскага і “Фаўст” Гётэ. Другі — праца маладога рэжысёра Дэвіда Разумава. 

ЁСЦЬ ПЛЁН 

Сяргей Кавальчык адзначае, што смелыя рашэнні кіраўніцтва і напружаная работа творчага калектыву прынеслі плён. Тэатр імя М. Горкага сёння збірае поўныя залы. Зімой тут было ў сярэднім 11—14 аншлагаў штомесяц, калі прадавалася больш за 90 % білетаў. І па 3–4 спектаклі-супераншлагі, на якія разыходзіліся ўвогуле ўсе квіткі — 100 %. 

Але нават такія паказчыкі не могуць кампенсаваць і палову выдаткаў установы. Да таго ж тэатральная фартуна капрызная. А наперадзе вясна і лета, калі адбываецца сезонны спад наведвання. Вось пытанне дзяржаўнай падтрымкі тэатраў і застаецца актуальным. 

З пункту гледжання банальнага падліку ўсё проста. Зрабі цікавы спектакль, патрэбны людзям, і вазьмі за яго столькі грошай, колькі зможаш. Таму абурае, калі кошт білета на пастаноўку супараўнальны з цаной паходу ў кіно. Але на справе ўсё больш складана. 

АГУЛЬНАДАСТУПНЫ 

Паводле слоў Сяргея Кавальчыка, сістэма рэпертуарнага тэатра — наш культурны набытак. Яна не проста неабходная дзяржаве, яна дае дзяржаве ідэалагічную апору. І, такім чынам, з’яўляецца важным грамадскім інстытутам, існаванне якога без адпаведнай падтрымкі немагчымае. 

— Калі Станіслаўскі і Неміровіч-Данчанка арганізоўвалі свой тэатр, у яго назве было слова “агульнадаступны”, — нагадвае Сяргей Міхайлавіч. — Мастацка-агульнадаступны тэатр. Мы лічым, што 25 рублёў — кошт, які могуць сабе дазволіць мінчане, каб прыйсці да нас на спектакль. 

А ў Піцеры неяк вёз мяне кіроўца ў Балтыйскі дом на пасяджэнне Асацыяцыі рускіх тэатраў замежжа. Я яго спытаў: "Вы ходзіце ў тэатр?" Кіроўца адказаў, што гэта яму не па кішэні. І вось, спецыяльна захоўваю, мой білет у маскоўскі Вахтангаўскі тэатр на “Яўгена Анегіна”: 50 долараў, 16-ы шэраг, 7-е месца… 

Калі мы страцім агульнадаступнасць тэатра, мы адразу ж страцім сувязь з народам. Тэатр стане элітным мастацтвам. Дазволіць яго сабе змогуць нямногія. Але ж у нас сацыяльна арыентаваная дзяржава. І ў існай коштавай палітыцы я бачу клопат дзяржавы не толькі пра тэатр, але і пра гледача. 

У ЛЮБЫМ ВЫПАДКУ

Дарэчы, паводле інфармацыі Сяргея Кавальчыка, у Расіі тэатры фінансуюцца ў тым ліку і мясцовай уладай. Іх становішча ў некаторых рэгіёнах вызначаецца асабістымі адносінамі губернатара. Пры гэтым існуе мэтавая праграма падтрымкі тэатраў. Дзяржава выдзяляе пэўныя базавыя сумы, каб установы маглі рабіць новыя спектаклі.

Сёння ў свеце шырока распаўсюджаны так званы антрэпрызны тэатр. Яго асноўныя рысы — зборная трупа на адзін праект, мінімум дэкарацый, адсутнасць уласнай пастаяннай сцэны. Пастаноўкі разлічаны на гастролі. Як правіла, у такіх праектах імкнуцца збіраць зорак. Гэта дае добрыя фінансавыя вынікі. Але і ў такім выпадку павінна дапамагаць дзяржава — рознымі грантамі і датацыямі. 

У Год міру і стварэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і газета “Культура” ладзяць сумесны праект “Ствараем разам!”. Ён пазнаёміць вас з выбітнымі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Беларусі, якія сваёй працай сцвярджаюць высокія стандарты айчыннага мастацтва. Чытайце на старонках “К”! Глядзіце ў сацсетках Мінкульта!

Напрыклад, у Швейцарыі вольныя трупы антрэпрызных тэатраў атрымліваюць датацыі 30—50 %. Акрамя таго, улады забяспечваюць пракат. Адразу пасля пастаноўкі трупа адпраўляецца на гастролі, адыгрывае 20—30 паказаў і разыходзіцца па новых праектах. І тая, і іншая формы маюць права на існаванне. Але нам гістарычна і традыцыйна бліжэйшая спадчына рэпертуарнага тэатра, якую дзяржава ў першую чаргу павінна захоўваць і падтрымліваць, лічыць Сяргей Кавальчык. 

НА ЗАПЫТ ПУБЛІКІ 

Наогул, гаворачы пра асаблівую ролю тэатра, нельга абысці ўвагай рэпертуар. Заўжды, а сёння асабліва, актуальныя тэмы патрыятызму, грамадзянскасці, вернасці ідэалам, абавязку. І дзе ім гучаць, як не ў драмтэатры? Мастацкі кіраўнік упэўнены, што ўсе спектаклі, якія Горкаўскі цяпер прапануе публіцы, у той ці іншай меры з’яўляюцца ўрокамі маральнасці. 

УЗНЯЦЦА НАД МІТУСНЁЙ 

Мастацкі кіраўнік прывёў у прыклад думку вядомага англійскага рэжысёра Пітэра Брука аб палітычным тэатры. Маўляў, у гэтым складаным жанры ўсе бакі канфлікту павінны асвятляцца аб’ектыўна, а гледачу належыць самому рабіць вывады і прымаць рашэнні. У нас жа сёй-той лічыць, што аўтар у спектаклі абавязкова мусіць пазначыць, хто добры, а хто дрэнны. І, само сабой, заняць бок вызначанага дабра. Калі ж станоўчыя персанажы невідавочныя — нешта не так. 

— Нашу публіку мала цікавіць палітычны тэатр, — кажа Сяргей Кавальчык. — Праз славянскую ментальнасць мы больш імкнёмся да душэўных перажыванняў, чым да палітычнага запалу. Тэатр імя Горкага задавальняе гэтую патрэбу і гуртуе людзей. Вялікая асалода глядзець, як пасля спектакля поўная зала ў адзіным парыве ўстае і апладзіруе акцёрам! Вельмі розныя людзі звязаны агульнай радасцю ўбачанага цуду, перажытага катарсісу. Няма нічога вышэйшага за гэта. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ