Сакавіцкі нумар часопіса “Мастацтва”

Апублiкавана: 23 сакавiка 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: Аўтары

Убачыў свет сакавіцкі нумар часопіса “Мастацтва”. Як заўсёды, прапануем увазе чытачоў актуальныя падзеі культурна-мастацкага жыцця і звяртаемся да гісторыі.

  • 27 лютага пайшоў з жыцця драматург і кінасцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксей Дудараў. Адзінаццаць гадоў Аляксей Ануфрыевіч быў галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва”. Данінай павагі выбітнаму майстру — артыкул Барыса Крэпака, дзе мастацтвазнаўца дзеліцца ўспамінамі пра Аляксея Дударава. 
  • Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага не перастае радаваць сваіх прыхільнікаў прэм’ерамі. Адна з апошніх — “Ідыёт” паводле аднайменнага рамана Ф. Дастаеўскага ў пастаноўцы сербскай актрысы, рэжысёра і грамадскага дзеяча Іваны Жыган. Рэцэнзію на пастаноўку прапануе Валянцін Пепяляеў. 
  • Як узначаліць тэатр і ці лёгка кіраваць творчым калектывам? Пра гэта Анастасія Васілевіч гутарыць з дырэктарам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святланай Карукінай. 
  • “Чытка — усяму «Галава»”, упэўненая Надзея Бунцэвіч. І адпаведныя аргументы прыводзіць у аднайменным артыкуле, наведаўшы ў Цэнтры беларускай драматургіі чытку п’есы Канстанціна Сцешыка “Галава”. 
  • У Маскве 22 красавіка будуць падведзены вынікі Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая маска”. Тры з намінаваных спектакляў пастаўленыя ў тэатрах лялек краіны-суседкі вядомымі беларускімі рэжысёрамі і мастакамі. Надзея Бунцэвіч рэцэнзуе гэтыя пастаноўкі, а мы трымаем кулачкі за нашых! 
  • У рубрыцы “Культурны пласт” Эмануіл Іофе звяртаецца да постаці народнага артыста Беларусі, галоўнага рэжысёра Дзяржаўнага тэатра лялек Анатоля Ляляўскага. 
  • 22 сакавіка — 80-годдзе Хатынскай трагедыі, адной з найбольш ліхіх старонак нашай гісторыі. Напярэдадні сумнай даты Пётра Васілеўскі пагутарыў з графікам Усеваладам Швайбам, пераможцам рэспубліканскага конкурсу культурных праектаў патрыятычнай тэматыкі за 2022 год у намінацыі “Найлепшы твор графікі” за серыю работ “Хатынь”. 
  • Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак працягвае свой аповед пра творчасць народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі. А мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн — агляд выстаў-спадарожнікаў V Рэспубліканскага трыенале дэкаратыўнага мастацтва “ДЭКАРТ-22”. Гэтым разам яна звярнулася да творчасці рупліўцаў дэкаратыўнага мастацтва, якія пакінулі гэты свет. Таксама да ўвагі чытачоў рэцэнзія Пятра Васілеўскага на выставу Леаніда Шчамялёва ў Нацыянальным мастацкім музеі і аповед Ларысы Фінкельштэйн пра выставу іранскага мастацтваў галерэі “Універсітэт культуры”. 
  • Прэм’ера канцэртнай версіі оперы Сяргея Бельцюкова “Ладдзя Роспачы” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі сталася выбітнай падзеяй у музычным свеце. Падрабязнасці — у артыкуле Надзеі Бунцэвіч. 
  • Глядзім кіно незалежнай Беларусі разам з кіназнаўцай Наталляй Сцяжко. Гэтым разам у нашым полі зроку — фільм “Зграя”, аўтар сцэнарыя і рэжысёр-пастаноўшчык Дзмітрый Зайцаў. 

Далучайцеся да клуба экспертаў — выпісвайце і чытайце часопіс “Мастацтва”. У Мінску набыць яго можна ў крамах “Белдруку”, а таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі, кнігарнях “Глобус” і “Акадэмкніга”.