Кам­па­зі­тар­скае свя­та — для ўсіх

Апублiкавана: 18 сакавiка 2023 Арт-блог Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

ХVIII з’езд Беларускага саюза кампазітараў, што адбыўся 2 сакавіка, традыцыйна суправаджаўся багатай канцэртнай праграмай. Ледзь не ўпершыню за апошнія гады яна аказалася цалкам бяспройгрышнай і не менш цікавай, чым галоўнае пытанне падобных сходаў: каго абралі старшынёй і членамі праўлення.

АФІЦЫЙНА 

Старшынёй БСК засталася Алена Атрашкевіч, яе “правай рукой” — Віктар Кісцень, якія за мінулы чатырохгадовы тэрмін значна актывізавалі дзейнасць творчага аб’яднання, зрабілі яго больш бачным у культурнай прасторы краіны. Аднавіўся склад праўлення, яго папоўніла энергічная, крэатыўная кампазітарская моладзь з новымі цікавымі ідэямі — у прыватнасці, 20-гадовыя Ігар Комар, Ірына Кулагіна, Лізавета Лобан. Пра тое ж, колькі новых твораў выпусцілі кампазітары і навуковых даследаванняў ды публікацый — музыказнаўцы, сведчыла падрыхтаванае да з’езда даведачнае выданне, аб’ём якога гэтым разам дасягнуў амаль 300 старонак. 

У тым, што колькасць гарманіруе з якасцю, можна было пераканацца, слухаючы шматлікія віншаванні, размеркаваныя паміж пасяджэннем і канцэртамі. А галоўнае — слухаючы творы двух з’ездаўскіх канцэртаў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі 2 і 3 сакавіка: у адным гучала сімфанічная музыка, у другім — харавая. Іншыя жанры засталіся за дужкамі, але ж 90-годдзе Беларускага саюза кампазітараў, што адзначаецца сёлета, значна пашырыла публічнае выкананне айчынных твораў і ў асобных вечарынах, прысвечаных юбілею, і ў чарговых канцэртах філарманічных калектываў, салістаў, навучэнцаў профільных устаноў — ад школ мастацтваў да каледжаў і ВНУ. Асаблівасцю ж канцэртаў з’езда стала тое, што іх праграма была скіравана не на 90-гадовую гісторыю, а на прэм’еры апошніх гадоў, у тым ліку абсалютныя (ці, як прынята цяпер гаварыць, сусветныя). 

СІМФАНІЧНА 

Назву канцэрта Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра “Музыка Беларусі” так і хацелася ўдакладніць, маўляў, гэта музыка сучаснай Беларусі. Прычым рознастылёвая — ад класіка-рамантычных традыцый у сучасным прачытанні (часткі Сімфоніі № 1 Уладзіміра Браілоўскага) да фальклорных павеваў (“Паазер’е” Ніны Сіняковай) ці кінамузыкі (No time to explain! — “Няма часу тлумачыць!” Андрэя Цалко). Разнажанравая — ад балетных сюіт (“Знак Белабога” Вячаслава Кузняцова, выкананне прысвячалася памяці Аляксея Дударава, які ствараў лібрэта; “Клеапатра” Сяргея Бельцюкова) і Канцэрта-сімфоніі для трубы Віктара Войціка да некалькіх аркестравых мініяцюр, часам з удзелам салістаў, дзе быў нават рамантычна пранікнёны, імпрэсіянісцкі вытанчаны Вальс Аляксандра Іванова. Скіраваная на розную тэматыку — ад духоўнай (“Благавест” Людмілы Шлег, Канцэрта для кларнета “К тебе взываю” Аліны Безенсон) і філасофскай (Канцэрт-паэма для фартэпіяна “Сэрца і час” Ігара Комара) да побытавай, гумарыстычнай, ажно да адлюстравання... фэйку (“Небыліца” Віктара Кісценя, жанрава так і азначаная — “варыяцыі на тэму фэйку”). Але ва ўсіх выпадках музыка выключна высокапрафесійная. 

Пры ўсёй размаітасці кампазіцый адчувалася, што ў беларускае мастацтва прыйшло маладое пакаленне творцаў. Гэтую думку выказаў у кулуарах і вядомы рэжысёр Уладзімір Арлоў, які сябруе з многімі музыкантамі і ўважліва адсочвае развіццё нацыянальнай культуры: “Я думаў, што з сыходам Яўгена Глебава, Дзмітрыя Смольскага сімфаністаў такога ўзроўню ў нас не засталося. Ажно не — колькі цікавых твораў! І новых імёнаў, бо прыйшла таленавітая моладзь”. 

Яшчэ адной асаблівасцю канцэртных праграм стаў “парад” дырыжораў. Акрамя народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава, які ўзначальвае галоўны сімфанічны калектыў краіны, сваё майстэрства ў прачытанні найноўшых аркестравых партытур прадэманстравалі маладыя Юрый Караваеў і Валерыя Рыбінская, якая яшчэ навучаецца опернасімфанічнаму дырыжыраванню ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Увогуле, выкананне было папраўдзе бліскучым, кожная нотка зіхацела любоўю, а салісты пераўзыходзілі ўсе межы віртуознасці. Гэта былі трубач Максім Паліенка, піяніст Іван Андрухоў, кларнетыст Міхаіл Стэльмах, удзельнікі філарманічнага фольк-гурта “Купалінка”, ансамбль цымбалістак на чале з Веранікай Прадзед. 

ВАКАЛЬНА 

Двух розных хормайстраў і два розныя калектывы можна было ўбачыць у гала-канцэрце беларускай харавой музыкі. Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі пад кіраўніцтвам Андрэя Саўрыцкага выдатна інтэрпрэтаваў усе прадстаўленыя ў праграме кірункі. А гэта былі і народная апрацоўка (“Ой, рана на Йвана” ў фантазійна-выкшталцонай версіі самога хормайстра), і працяг царкоўных (“Отче наш” Алега Молчана, трыпціх “З намі Бог” Людмілы Шлег), харальных, кантавых традыцый (“Калядныя мініяцюры” Галіны Гарэлавай, “Псалом Давіда 14” Аліны Безенсон), і аўтарскае бачанне народных слоў (хоры Леаніда Захлеўнага), фальклорных інтанацый (“На Купалле” Сяргея Бугасава, “Ой, ружанька” Алены Атрашкевіч) у новым кантэксце. Нарэшце, разважальна-філасофская лірыка з адценнем далікатнага эстэцтва, інтэлігентна-крохкай вытанчанасці (хоры Вячаслава Пяцько на вершы Максіма Багдановіча). 

Гэты канцэрт невыпадкова атрымаў назву “Харавая сімфонія”: другое аддзяленне склала сусветная прэм’ера сімфоніі Missa Алега Хадоскі для змяшанага хору а капэла, што значыць без інструментальнага суправаджэння у выкананні Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы пад кіраўніцтвам Вольгі Янум. Дык гэта ўсё ж сімфонія (без аркестра!) ці меса, як сведчыць назва твора? Змешчаная ў праграмцы музыказнаўчая прадмова тлумачыла жанравыя тонкасці, акцэнтавала скарыстаную ў творы аўтарскую тэхніку пісьма (так-так, падобныя пошукі ўласцівыя не толькі жывапісцам), заснаваную на спалучэнні старадаўніх поліфанічных прыёмаў харавога 16-галосся з сучасным музычным мінімалізмам. Публіка насалоджвалася прыгажосцю — не толькі гукавай, але і візуальнай, гарманічным суладдзем розных відаў мастацтваў, якія не паўтаралі, не каментавалі адзін аднаго, а ўступалі ў зацікаўлены дыялог, абуджалі думкі слухача-гледача. Аўтарам эксклюзіўнага відэакантэнту выступіў мастак Ілья Падкапаеў, які ў свой час супрацоўнічаў з кампазітарам, працуючы над сцэнічным афармленнем яго балетаў і іншых спектакляў. Адчуўшы ў музыцы ідэі сапраўднага сімфанізму, ён перанёс прынцып бясконцага развіцця аднойчы заяўленага матэрыялу на экран. Там узніклі візуальныя лейтматывы космасу, званоў, што асацыююцца з вечнасцю. Гадзінніка, пяску, што сыплецца з далоні і ўцякае праз пальцы, — сімвалаў хуткаплыннасці часу. Калосся, што здаўна ўспрымаецца ўвасабленнем дабрабыту. Прыродных ландшафтаў, што выклікаюць супакаенне. А яшчэ абрысы архітэктурных збудаванняў, спасылкі да жывапісу Рэнесансу (даследчыкі раней праводзілі паралелі між 5-й сімфоніяй А. Хадоскі “Сем смяротных грахоў” і творчасцю І. Босха) і шмат чаго іншага. У той час як у музыцы апошняя частка становіцца люстэркавым адбіткам першай, відэа не падпарадкавалася рэпрызнасці, а прапанавала ўласную коду — з выявамі белых крылаў і чыстых, бэзава-блакітных нябёсаў.

Пры ўсім звароце да агульначалавечых каштоўнасцей, твор аказаўся надзвычай нацыянальным, беларускім — і па драматургічным разгорце, дзе адчуваўся падмурак Дзмітрыя Смольскага (пагатоў Алег Хадоска вучыўся ў класе Анатоля Багатырова), і па асобных рысачках-інтанацыях, і па засяроджана-ўзнёслым, крыху элегічным светаўспрыманні. 

Дзве фінальныя кампазіцыі канцэрта (“Ой, мае вы чайкі” Дзмітрыя Далгалёва і “Мой родны кут” Ігара Лучанка, паўтораны на біс) ператварыліся ў своеасаблівае трэцяе аддзяленне. Яны сабралі ўсіх удзельнікаў у гэткі зводны хор, да якога далучыліся і прысутныя кампазітары, і публіка, што падпявала знаёмыя радкі прызнання ў любові да радзімы. 

Хор яднае! І заклікае далучыцца да яшчэ многіх і многіх далейшых прэзентацый беларускай музычнай класікі і найноўшых твораў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ