“И этот мир изменится со мной…”, або Яго звалі Арлекіна

Апублiкавана: 24 сакавiка 2023 Стужка Кіно Мінск Галёрка

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

У наступным годзе беларускі кінематограф адзначыць сваё 100-годдзе. За векавую гісторыю айчынныя творцы знялі сотні гісторый, якія знашлі свайго гледача. Насуперак новаму часу з яго хутказменнымі трэндамі, мастацтва старога кіно працягвае гутарыць з намі на мове, здольнай закрануць глыбокія пачуцці. А сюжэты, што ўзнаўляюцца на экране, - пранізваць сваёй жыццёвасцю. Распачынаючы рубрыку “Рэтраспектыўны прагляд” мы спадзяемся адкрыць для вас сапраўднае “золата “Беларусьфільма” і дазволіць вам, пазбавіўшыся стэрэатыпаў, убачыць усю яго надзённасць і аўтэнтычнасць. Каб хтосьці з вас, пасля знаёмства са згаданым на старонках “К” фільмам, захацеў яго пабачыць.

Металісты, панкі, хіпі… Субкультуры, што прынёс вецер перамен сярэдзіны 1980-х, сігналізавалі пра пачатак новага перыяду. Подых свабоднага самавыражэння не абмінуў і кінематограф: было шмат фільмаў пра пераходны час у савецкім грамадстве, але не ўсе прэтэндавалі на званне люстэрка эпохі. Адзін з нямногіх, у якім удалося якасна запісаць культурны код няпростай пары, - “Мяне завуць Арлекіна” рэжысёра Валерыя Рыбарава. Стужка выйшла на экраны 35 гадоў таму, але тэмы, да якіх яна звярталася, актуальныя і сёння. 

Ключавы канфлікт - каханне супраць грошай. Заможнасць і сувязі, што становяцца новай нормай у грамадстве, вынішчаюць маральныя арыенціры і патапляюць чалавека ў цемры. Суддзёй для ўсіх, хто не прымае правілы гульні, робіцца гвалт. І хаця людзі яшчэ могуць суіснаваць мірна, ніткі, якімі быў звязаны соцыум, пачынаюць разыходзіцца. У гэты момант прадчування небяспекі глядач і сустракае Арлекіна. 

“ГРОШЫ НЕ РОБЯЦЬ НАС!”

Унутранае супрацьстаянне галоўнага героя выяўляецца на некалькіх узроўнях. Адзін з іх - канфлікт з грамадствам. Андрэй рос без бацькі, хлопца выхоўвала вуліца, і правілы быцця персанаж вывучаў “на кулаках”. Тым не менш няпросты час унёс карэкціроўкі, і Арлекіна пачало “штарміць”. Герой сустракаецца з экзістэнцыйным парадоксам: юнак не задаволены сваім існаваннем, але не ўмее жыць інакш. Застацца аднаму для Андрэя тое ж самае, што выступіць супраць усіх. І хаця ён усведамляе слабасць уласных арыенціраў, прызнавацца ў гэтым маладое гарачае сэрца не жадае. 

Крызіс адлюстроўваецца ў маналогах, аднак найлепш перададзены ў гутарцы з падлеткам-хіпі, з якога Арлекіна і яго сябры з “вагонкі” досыць паздзекаваліся. Тое не толькі метафарычная размова героя з альтар эга ў пошуках адказу на пытанне “я супраць грамадства ці яно супраць мяне?”. Гэта таксама адна з найярчэйшых сцэн фільма, у якой раскрываецца тэма культурнай экспансіі - вострай, актуальнай і сёння праблемы.

Рэжысёр смела дэманструе культурныя кантрасты, каштаваць якія можна, зрабіўшы крок у бок ад сюжэта. У фільме шмат сцэн, што прадстаўнікі таго пакалення могуць палічыць настальгічнымі: дыскатэкі ў цэнтрах культуры, прагляд замежных фільмаў, “тусоўкі” пад магнітафон прыхільнікаў розных субкультур… Тым не меньш, за ўсёй “нявіннасцю” заходніх ідалаў хавалася немаленькая пагроза для айчыннай культуры, якую ў хуткім часе накрыла замежная хваля, амаль патапіўшы грамадства. І хаця відавочна, што субкультуры ўзнікаюць як рэакцыя на пустэчу, на адсутнасць адэкватнага адказу на запыты соцыуму, -- моладзь гоніцца за модай, не задумваючыся, якія ідэі тая нясе. Паказальная сцэна ў кафэ, дзе людзі танчаць пад англійскую песню, не ведаючы, што кампазіцыя прапагандуе. Шалёная адданасць усяму замежнаму дыктавалася жаданнем вылучыцца з натоўпу, стаць не такім, як усе. Тым не менш, каб ісці супраць плыні, галоўны герой не выспеў: прынцып “усе вакол супраць цябе, значыць, ты не маеш рацыі” надта моцна трымаў Андрэя, не дазваляў адважыцца на рызыку. 

Гэтае непарушнае крэда - моцны праціўнік, але і ў яго знаходзіцца пралом. Падбітая душэўнымі пакутамі і пошукам месца ў грамадстве браня канчаткова разбіваецца, калі хлопца апаноўвае каханне і ён паступова губляе сувязь са светам. Страціўшы ў віры пачуццяў апошнія арыенціры, персанаж безразважна ахвяруе бяспекай дзеля мімалётнага шчасця з дзяўчынай, якая потым пагубіць юнака.

Каханне на фоне нестабільнасці і сацыяльных беспарадкаў - кантраст, які надае канфлікту глыбіню. Перыяд да перабудовы нават можна назваць асобным героем: культура, лад жыцця, мода - кожны элемент яскрава і натуральна дапаўняе сюжэт, гарманічна існуе побач з іншымі пазламі карціны. 

ВЫТОКІ ВОБРАЗАЎ

Арлекіна - традыцыйны персанаж італьянскай камедыі. Разам з Каламбінай і П’еро складае любоўны трыкутнік. Іх гісторыя інтэрпрэтуецца ў мастацтве незлічонае мноства разоў, аднак упершыню завяршаецца настолькі жорстка. Рэжысёр захоўвае першапачатковыя характарыстыкі вобразаў, разам з тым перакройвае класічных персанажаў з улікам жанру і асаблівасцей часу. Так, Лена становіцца Каламбінай - дзяўчынай, якая ўдзельнічае ў развіцці інтрыгі і кідаецца то да Арлекіна, то да П’еро. Інтэр - той самы П’еро, які спаборнічае з Арлекіна за сэрца капрызнай каханай. Паказальна, што Лена асацыюецца з небяспекай: гераіня спрытна маніпулюе пачуццямі хлопцаў у сваіх інтарэсах, спакушае іх, таму завяршэнне гісторыі для яе робіцца своеасаблівай кармічнай адплатай. 

Архетыпы дапаўняе мова візуальных сімвалаў, галоўны з якіх - люстэрка. Першым туды глядзіць Арлекіна. Шкло трэснутае, што азначае раскол асобы, якая, з аднаго боку, хоча жыць па правілах, а з іншага - па сэрцы. Перад люстэркам красуецца і Лена. Яна выводзіць сабе слязу П’еро. Гэта прароцтва: чорныя кроплі страху “намалюе” на вачах дзяўчыны Інтэр, які згвалтуе яе.

ЦІ ВАРТА БЫЦЬ "СМЕШНЫМ ДЛЯ ЎСІХ"?

Арлекіна – не герой новай эпохі, а хутчэй яе ахвяра. Яго асоба не стала сімвалам часу (прэтэндэнтаў тады было шмат), але аказалася даволі яскравай нават у стракатым грамадстве. Тым не менш боль і душэўныя катаванні - адзіныя фарбы, прызначаныя Арлекіна, каб ён дадаў свой штрых у агульную карціну складанай пары. Гісторыя персанажа - трагедыя, народжаная не на тэатральных падмостках, а на сцэне жыцця. Таму гэты Арлекіна не блазан, і яго нельга пацешыць смехам - толькі абразіць. 

Яўгенія ГАБЕЦ