Вялікая бард-рыбалка, або Мультыкультурны праект

Нязменна фестываль збірае некалькі сотняў вядомых і маладых аўтараў-выканаўцаў бардаўскай песні з Беларусі і краін блізкага замежжа. Не абыходзіцца без аматараў рыбалкі, кулінараў, майстроў народнай творчасці, гатовых падзяліцца сваім майстэрствам і вопытам з усімі ахвотнымі.

Арганізатары фестывалю — Магілёўскі аблвыканкам, Быхаўскі райвыканкам, творчае аб’яднанне “Сваё кола”, ДУК “Палац культуры вобласці” — падрыхтавалі насычаную трохдзённую праграму: канцэрты і конкурсы, прэзентацыі творчых праектаў, тэматычныя выставы і майстар-класы.

Хэдлайнерамі сёлета выступілі вядомыя музыканты Вячаслаў Малежык і Вадзім Мішчук. У госці да беларускіх бардаў таксама завіталі калегі з Сібіры — удзельнікі праекта “Сібірская дзясятка” Вадзім Кускаў, Аляксандр Чарнышоў і Ігар Іванчанка. Вялікая дэлегацыя прыбыла з Вязьмы: аўтар-выканаўца Лідзія Чынарова, паэт Валерый Балакіраў і юныя выхаванцы клуба аўтарскай песні "Дыялог", самаму малодшаму з юных бардаў — 10 гадоў, самаму старэйшаму — 17.

У рамках фестывалю таксама прайшоў конкурс аўтарскай песні і паэзіі "Сваё кола", спаборніцтвы па рыбнай лоўлі і пляжным валейболе, майстар-класы па лазневым спорце і гатаванні страў беларускай кухні, кулінарны конкурс "Чыгірынская вушыца", конкурс прыгажосці "Каралева бард-рыбалкі".

Пасля двухгадовага перапынку “Бард-рыбалка” зайграла новымі фарбамі і эмоцыямі. Сёння шматгранны фестывальны рух, якім славіцца Магілёўшчына, стала сапраўдным сімвалам духоўнага і культурнага багацця нашай краіны. Асаблівай увагі ў фестывальнай палітры вобласці, безумоўна, заслугоўвае гэта падзея з уласцівай толькі ёй унікальнай атмасферай і духам. Словы падзякі ў правядзенні гэтага мерапрыемства арганізатары выказваюць адкрытаму акцыянернаму таварыству “Магілёўскі металургічны завод”, на базе адпачынку якога адбыўся фестываль, а таксама ААТ "Зеніт" і "Магатэкс" і ўсім датычным да гэтага свята.

Яўген БЕЛАВУСАЎ,

га­лоў­ны спе­цы­яліст упраў­лен­ня ку­ль­ту­ры Ма­гі­лёў­ска­га аб­лвы­кан­ка­ма

Фо­та арга­ні­за­та­раў ме­рап­ры­емства