Адчуць трагедыю

Да 80-годдзя трагедыі ў Хатыні расчыніў свае дзверы новы музей. 

У аднапавярховым будынку размясціліся шэсць залаў, прысвечаных трагедыі мірнага насельніцтва Беларусі падчас нацысцкай акупацыі, — усе яны не перанасычаныя экспанатамі, але маюць сваю атмасферу, якая ўздзейнічае на эмоцыі наведвальнікаў. Акрамя таго, экспазіцыя багатая на аўдыявізуальныя эфекты — відэа, праекцыі, гуказапісы, галаграмы, а таксама на інтэрактыўныя элементы — тач-скрыны, з дапамогай якіх можна азнаёміцца з інфармацыяй па канкрэтных тэмах. 

Зала “Дрэва гісторыі” распавядае аб ваенных паходах і войнах на беларускай зямлі ў перыяд з X па XX стагоддзе, якія заўжды прыносілі мірным жыхарам нашай краіны безліч бед і спусташэнняў. Наступная зона, “Пачатак вайны”, раскрывае трагедыю першых дзён Вялікай Айчыннай. Яна ўяўляе сабой рэканструкцыю інтэр’ера гарадской кватэры, ужо закранутай надыходам новай бяды. 

Зала “Акупацыя” прысвечаная тэме нацысцкага акупацыйнага парадку, масавага знішчэння вязняў канцлагераў, ахвяр Халакосту, а таксама гісторыі антанацысцкага супраціву. Усе памяшканні экспазіцыі звязаныя між сабой сімвалічным “ручаём крыві”, які пралягае па падлозе, — можна заўважыць, што наведвальнікі інтуітыўна пераступаюць праз шкло, якім ён накрыты. У рэчышчы “ручая” — прадметы побыту ваенных часоў, што нагадваюць аб нявінных ахвярах ваеннага ліхалецця. 

Зала “Спаленыя вёскі” прысвечаная трагедыі больш чым дзесяці тысяч паселішчаў Беларусі, якія былі знішчаныя разам з іх насельніцтвам. Яе інтэр’ер з дапамогай відэаэкранаў і светлавых панэляў стварае ў гледача ўражанне, што ён знаходзіцца ўсярэдзіне падпаленага гумна. На адной са сцен тут змешчаныя здымкі ацалелых ахвяр, а другая, што нагадвае драўляную браму, “прабітая” палаючымі адтулінамі, якія складваюцца ў карту знішчаных вёсак. 

Наступная прастора, “Вечнасць”, аформленая ў мінімалістычным стылі, выразна кантрастуе сваім настроем з папярэдняй залай і заклікае да ўшанавання ахвяр, прымушаючы задумацца аб недапушчальнасці паўтарэння жахаў вайны. Тут на сценах змешчаныя назвы ўсіх населеных пунктаў: як спаленых дарэшты, так і адроджаных пасля вызвалення. 

А зала “Памяць”, якая замыкае экспазіцыю, прысвечаная гісторыі ўшанавання памяці спаленых вёсак. Тут можна пабачыць экспанаты, што распавядаюць аб раскрыцці гэтай тэмы ў беларускай літаратуры і кінематографе, а таксама аб гісторыі самога мемарыяла ў Хатыні ды традыцыях ушанавання іншых месцаў памяці ў нашай краіне. Тут жа размешчаныя і асабістыя рэчы ахвяр нацызму, знойдзеныя на тэрыторыі Лагойскага раёна падчас археалагічных даследаванняў у 2021 годзе. Экспазіцыя пакідае надзвычайнае ўражанне, нездарма для яе наведвання ўсталяванае нават узроставае абмежаванне: гэта відовішча не для малодшых школьнікаў. Новы музей можна па праве лічыць удалым дапаўненнем і своеасаблівым пралогам да ўсяго знакамітага мемарыяла. 

Антон РУДАК