Памяць аб хатынскім полымі

Апублiкавана: 25 сакавiка 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Выстава “Хатынь. Да 80-годдзя трагедыі” адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Яна ўключае больш за 30 твораў, прысвечаных трагедыі мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Часовая экспазіцыя разгарнулася ў пераходнай галерэі галоўнага корпуса. Куратар Святлана Ржэўцкая здолела нават у такой камернай прасторы арганізаваць надзвычайна моцны па гучанні праект, які ў поўнай меры адлюстроўвае пакуты і гераізм нашых продкаў. 

Каштоўным дакументам эпохі выступае графічная серыя “Па слядах вайны” Барыса Малкіна. З 1942 па 1947 год мастак ствараў лаканічныя і хуткія акварэлі, каб захаваць праўду суровых будняў для наступных пакаленняў. На аркушах можна ўбачыць выявы разбураных паселішчаў, вобразы бежанцаў, узараныя палі бітваў. 

Тэму нечалавечых выпрабаванняў працягвае славутая серыя каляровых літаграфій “Памяці спаленых вёсак” Васіля Шаранговіча. Героі цыкла — старыя, дзеці і жанчыны, якія перанеслі на сваіх плячах цяжар жыцця на акупаванай тэрыторыі. Агульны сімвал ва ўсіх аркушах — згубнае полымя. Гэта і агонь спаленых вёсак, і кроў нявінна забітых людзей. 

Рыгор Таболіч. "Вогненная вёска"Рыгор Таболіч. "Вогненная вёска"

Графічная серыя Анатоля Александровіча “Старая Рудзіца” прысвечаная трагедыі вёскі пад Дзяржынскам, што раздзяліла лёс Хатыні. Фашысты спалілі разам з аднавяскоўцамі дзядулю мастака. Такім чынам, у аснове прац ляжыць асабісты сямейны боль. 

Моцнае ўражанне ствараюць работы прадстаўнікоў пасляваенных пакаленняў. Жывапісец Рыгор Таболіч у дыптыху “Вогненная вёска” сутыкнуў утульнасць вясковай хаты ў мірныя часы і трагізм страчанага падчас вайны дому. 

Прадстаўлена таксама серыя Усевалада Швайбы “Хатынь”, пра якую “К” расказвала ў мінулым нумары. 

Дапаўняе выставу архітэктурная графіка аўтараў мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Леаніда Левіна, Юрыя Градава і Валянціна Занковіча. Планшэты з эскізам мемарыяльнага знака на месцы спаленых дамоў, планам з дахам хлява і Вянцом памяці. Гэтыя матэрыялы ўпершыню за 60 гадоў выстаўленыя па-за сценамі майстэрні. 

Наведаць экспазіцыю можна да 24 красавіка. 

Данііл ШЭЙКА