Раскруціць “Піруэт”

Апублiкавана: 27 сакавiка 2023 Стужка Харэаграфія Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

II Рэспубліканскі фестываль-конкурс харэаграфічнага мастацтва “Піруэт” падвёў вынікі. Чым парадавала мерапрыемства ўдзельнікаў і якія высновы зрабілі арганізатары? 

У мiнулыя выхадныя на базе Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа сабраліся танцоры ва ўзросце ад пяці да васямнаццаці гадоў. Гэта калектывы з Мінска, Любані, Барысава, Бабруйска, Ганцавіч, Пінска, Зэльвы, Чашнікаў, а таксама Калінінграда. Юныя выканаўцы праяўлялі сябе ў такіх намінацыях, як народна-сцэнічны, класічны, сучасны танец. Летась “Піруэт” прэзентаваў яркія выступленні 30 удзельнікаў, а сёлета колькасць канкурсантаў павялічылася да 352. Па словах арганізатараў, заяўкі прымалі да апошняга моманту і адобрылі кандыдатуры ўсіх ахвочых.

— З упэўненасцю можна сказаць, што наш фестываль набірае абароты. — распавядае дырэктар Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Зорыя Дусенка. — У гэтым годзе ў спісе ўдзельнікаў былі заяўлены 53 дзіцячыя харэаграфічныя калектывы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, гімназій і сярэдніх школ, а таксама каледжаў мастацтваў. Альма матар беларускага балета — харэаграфічны каледж заўсёды спрыяў развіццю маладых талентаў. У перыяд навучальнага працэсу, асабліва напярэдадні ўступнай кампаніі, мы прадастаўляем максімум магчымасцей для праявы таленту кожнага ўдзельніка. Безумоўна, тыя танцоры, якія праходзяць праз падобныя творчыя выпрабаванні, маюць перспектыву прафесійнага росту. Я ўпэўнена, што фестываль выявіў яркіх выканаўцаў. А наш каледж і педагогі, якія валодаюць унікальным прафесійным вопытам, з задавальненнем прымуць на выхаванне здольных навучэнцаў.

Кожны нумар члены журы ацэньвалі па некалькіх крытэрыях: узровень тэхнічнага і выканальніцкага майстэрства, глыбіня і яркасць увасаблення мастацкага вобраза, эмацыйна-мастацкая выразнасць, сцэнічны імідж. 

Галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб, які з’яўляецца выпускніком харэаграфічнай гімназіі-каледжа, разважае пра значнасць падобных мерапрыемстваў: 

— Сёння фестывалі і конкурсы спрыяюць выяўленню здольнай моладзі, бо ў нас існуе мноства маленькіх гарадоў і пасёлкаў, дзе падрастаюць юныя таленты. Такія фестывалі, як “Піруэт”, матывуюць педагогаў у кароткі тэрмін падрыхтаваць дзіця і вывесці яго на сцэну. Безумоўна, гэта выдатны шанц для абмену досведам, наладжвання міжрэгіянальных сувязяў, зносін паміж педагогамі. 

На думку намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі-каледжа мастацтваў г. Бабруйска Алены Філіпчык, цяпер не заўсёды ёсць магчымасць паўдзельнічаць у конкурсах і фестывалях, таму навучэнцы Бабруйска з энтузіязмам прынялі ўдзел у фестывалі-конкурсе “Піруэт” і паказалі шэсць нумароў. 

У чараўніцтве балетных залаў мара пра танец ператвараецца ў прызванне, а выкананне дасягае высокай ступені дасканаласці і віртуознасці. Дзякуючы такім фестывалям, прафесійным членам журы і гледачам дэманструецца плённы творчы альянс навучэнцаў і педагогаў. І няхай хтосьці з маленькіх артыстаў выходзіў на сцэну ўпершыню, а больш дарослыя танцоры хацелі паказаць максімальны вынік — усе яны атрымалі бясцэнны вопыт і яркія эмоцыі! 

Настасся ЮРКЕВІЧ