“Ві­цеб­скія вір­ту­озы” ў Мас­кве

Апублiкавана: 25 сакавiка 2023 Арт-блог Музыка Віцебск і воблась

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Актэт балалаек “Віцебскія віртуозы” святкуе сёлета 50-годдзе. Урачыстасці адбудуцца ўвосень, а нядаўна гэты цалкам жаночы калектыў выступіў з сольным канцэртам у Маскве на XVI Міжнародным фестывалі “Сузор’е майстроў”.

Назва фестывалю як мага лепей адпавядае сутнасці нашага ансамбля, што існуе ў Віцебскай абласной філармоніі. Яго майстэрству дзівіліся слухачы і спецыялісты многіх краін бліжняга і далёкага замежжа: Германіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны. Дый на сам фестываль “Сузор’е майстроў” яго запрасілі не ўпершыню: “Віцебскія віртуозы” выступалі тут у 2011-м, займеўшы сапраўдны фурор. Прычым не сярод той публікі, што дзівілася на “незвычайныя” музычныя інструменты, а сярод знаўцаў і прафесіяналаў балалайкі. 

Цяперашні фестывальны сольнік адбыўся ў Канцэртнай зале Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных і меў інтэрнэт-трансляцыю па ўсім свеце. Водгукі і каментарыі — самыя захопленыя: “ансамбль нас зачараваў”, “самабытны калектыў”, “граюць з душой”, гэта было “далікатна пяшчотным шэптам хваляў з серабрыстымі воплескамі бягучых струменяў — брава!!!” і т.п. Гучалі сугучныя музыцы вершы, прывітанні. Вядучыя згадвалі багатую гісторыю калектыву пад кіраўніцтвам Тамары Шафранавай — яго арганізатара і нязменнага кіраўніка, аўтара шматлікіх аранжыровак, зробленых для незвычайнага калектыву. У складзе ансамбля — балалайкі ўсіх васьмі відаў, што ахопліваюць аркестравы дыяпазон ад флейтыпікала да кантрабаса, што дазваляе выкананне чаго заўгодна: сусветнай класікі, фальклорных апрацовак і сучасных твораў. Адметнай была і сама праграма, складзеная з музыкі кампазітараў розных краін, у тым ліку Ісландыі, Іспаніі, Мексікі, Японіі. Што ні нумар — россып перлін, смарагдаў, дыяментаў. У гэткай “ювелірнай скрыначцы” апынулася і пералажэнне арыгінальнай п’есы “Калібры” беларускага кампазітара Яўгена Магаліфа, які жыве ў ЗША. 

Разам з калектывам выступіла лаўрэат міжнародных конкурсаў, кандыдат мастацтвазнаўства, бліскучая канцэртуючая дамрыстка Ка- цярына Мачалова, якая адначасова выкладае ў згаданай Гнесінцы, а ў свой час, ураджэнка Беларусі, пасля навучання ў Віцебскім музычным каледжы імя І. Салярцінскага і далей у Маскве, пачынала сваю творчую кар’еру ў Віцебску. Наша школа! 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з сайта філармоніі