Наша музыка – па ўсёй краіне

Апублiкавана: 21 сакавiка 2023 Арт-блог Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Да 90-годдзя Беларускага саюза кампазітараў, што адзначаецца сёлета, ладзіцца суцэльны шэраг канцэртаў па ўсёй краіне. Сярод іншага гучыць багата музыкі для дзяцей.

Такое спалучэнне немаленькага юбілею з музыкай для юных, маленькіх і зусім маленькіх, прычым часцей менавіта ў дзіцячым выкананні, уяўляецца сімптаматычным. Бо цяперашняя зацікаўленасць праз некалькі гадоў можа вырасці ў свядомую і трывалую падтрымку нацыянальнай музычнай культуры. Да таго ж канцэрты пераканалі, што нават самыя сур’ёзныя кампазітары, славутыя маштабнымі палотнамі сімфанічнага разгорту і філасофскага зместу, пішуць для дзятвы папраўдзе цудоўна. 

Дзіцячая музыка стала часткай канцэрта памяці народнага артыста Беларусі Эдуарда Зарыцкага. Вечарына адбылася ў дзень, калі кампазітару павінна было споўніцца 77. Зала таксама была абраная невыпадкова: Эдуард Барысавіч вельмі любіў Дом дружбы, часцяком завітваў сюды, музіцыраваў за тамтэйшым раялем, удзельнічаў у мерапрыемствах, нават напісаў гімн Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Ён і гэтым разам быццам быў з намі: прыветна ўсміхаўся з цудоўнага партрэта, зробленага фотамастаком Юрыем Івановым і падоранага Таварыству Беларускім саюзам кампазітараў. 

Успаміны калег, сяброў, іншых творчых асоб, з якімі плённа супрацоўнічаў Зарыцкі, перамяжаліся музыкай. І не толькі песнямі (іх кампазітар пакінуў больш як 600) у выкананні Аляксандра Валодчанкі, Марыны Гералюк, а таксама салістаў філармоніі Святланы Еўтух і Алены Лузан, якія ўпрыгожылі таго ж “Князя” на верш Я. Купалы гучаннем кастаньет. Сапраўдным адкрыццём сталі творы Зарыцкага для дзяцей: фальклорна-завадная, вобразна-яркая “Касавіца”, у арыгінале прызначаная для цымбалаў з фартэпіяна і выкананая на віяланчэлі; набліжаны да кінамузыкі “Танец сняжынак” для дзвюх флейт, замененых на цымбалы; цудоў- на стылізаваны фартэпіянны дуэт “Старое кіно”. Сярод выканаўцаў былі вучні і выкладчыкі 10-й сталічнай ДМШ імя Я. Глебава, тамтэйшы хор “Дэцыма”, якія шмат робяць для папулярызацыі айчыннай класікі. 

З 75-годдзем павіншавалі ў Магілёве Уладзіміра Браілоўскага. Кіраўніком творчага праекта “З юбілеем, Маэстра!” выступіла славутая оперная салістка, народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна, якая ў свой час вучылася вакалу ў жонкі кампазітара. 

А колькі выдатных канцэртаў было зладжана ў саміх музычных школах і каледжах! Прычым сіламі навучэнцаў. Дырэктар ДМШМ № 2 імя М. Аладава Аляксандр Церахаў — адзін з найбольш актыўных папулярызатараў айчыннай спадчыны. Дзякуючы яго энтузіязму і намаганням у свой час тут праходзілі творчыя сустрэчы з беларускімі кампазітарамі, нават суцэльныя фестывалі беларускай музыкі — памяці М. Аладава, “Папараць-кветка”. Гэтым разам праграму ўпрыгожылі не толькі камерныя творы, але і сімфанічныя — у выкананні Канцэртнага аркестра настаўнікаў пад кіраўніцтвам Яўгена Доўжыка. 

Арганізацыйны бок часта бралі на сябе самі кампазітары, у тым ліку маладыя, якія сумяшчаюць творчасць з педагагічнай дзейнасцю. Здаралася, адначасова праходзілі адразу па некалькі праграм на розных пляцоўках. Канцэрты ў ДМШМ № 19 — на рахунку Ірыны Пяткевіч. Апроч усяго, у праграму ўвайшлі не так часта выконваемыя творы Ларысы Мурашкі, Кацярыны Леўчанка, Дзмітрыя Лойкі. 

Шмат адметных вечарын зладзіла нястомная Аліна Безенсон, далучыўшы да іх і аўтарскі канцэрт “Званы Беларусі”, вырашаны ў форме прэзентацыі аркестравых зборнікаў. Выканаўцамі выступілі творчыя калектывы, навучэнцы і выкладчыкі каледжа імя М. Глінкі. Сярод твораў былі і прэм’ерныя: Канцэрт для цымбалаў з сімфанічным аркестрам “Кліч званоў”, “Званы Сафіі” для аркестра беларускіх народных інструментаў, Канцэрт для домры з рускім народным аркестрам і інш. 

Канцэрт-прысвячэнне 90-годдзю творчага саюза арганізавала і правяла (у тым ліку ў якасці вядучай) у мінскай ДМШМ № 16 кампазітар Эла Андрэенка. Прагучалі творы не толькі нашых сучаснікаў, але і папярэднікаў, прычым не адно ХХ стагоддзя (да прыкладу, Дзмітрыя Лукаса, Марка Шнейдэрма- на, які быў не толькі кампазітарам, але і знаным дырыжорам, працаваў у нашым оперным тэатры, кіраваў сімфанічным аркестрам філармоніі, выкладаў у кансерваторыі), але і мяжы ХVIII—ХІХ стагоддзяў (у прыватнасці, знакамітага Восіпа Казлоўскага, які, паехаўшы ў Санкт-Пецярбург, стаў аўтарам тагачаснага расійскага гімна, заснавальнікам жанру расійскай песні). 

Аўтарскую вечарыну, пашыраную іншымі беларускімі творамі (Валерыя Іванова, Алега Хадоскі, апрацоўкамі народных песень), зладзіла ў роднай ДМШМ № 3 імя Ф. Шапэна кампазітар Алена Храброва. Удзельнічалі нават самыя маленькія, прычым ахоплены былі розныя інструменты. Гэта далёка не першы канцэрт яе шматлікіх опусаў, пераважна камерных, разлічаных у тым ліку на хатняе музіцыраванне, што апошнім часам атрымлівае ўсё большае распаўсюджанне. Ранейшыя прэзентацыі ладзіліся ў бібліятэках, іншых навучальных установах, у Палацы дзяцей і моладзі. З друку выйшлі некалькі аўтарскіх фартэпіянных зборнікаў, што прыцягнулі ўвагу не толькі выканаўцаў, але і даследчыкаў. 

З беларускімі творамі юныя музыканты выступалі і ў сталічнай філармоніі. Салісты і інструментальныя ансамблі ДМШМ № 1 імя Л. Александроўскай удзельнічалі ў канцэрце “Музычная спадчына Генрыха Вагнера”, прысвечанага стагоддзю з дня народзінаў твор- цы. Цалкам беларускай музыцы быў аддадзены трэці канцэрт філарманічнага цыкла “Дзіцячыя гады любімых кампазітараў”. Выканаўцамі сталі навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі — ад пачаткоўцаў да хуткіх выпускнікоў: сольна, ансамблева, хорам. А вядучая — маладая выкладчыца, знаная піяністка Юлія Архангельская. Нумароў назбіралася так шмат, што яны не змяшчаліся ў два аддзяленні, давялося рабіць строгі адбор. Але ж у выніку атрымаўся сапраўдны феерверк бліскучых інтэрпрэтацый сапраўды цікавых твораў — ад класіка-рамантычнай стылістыкі Станіслава Манюшкі, Мікалая Чуркіна, Уладзіміра Солтана да экспрэсіўна-фальклорнай Андрэя Мдывані, Людмілы Шлег, фальклорна-мінімалісцкай — Аляксандра Літвіноўскага, імпрэсіянісцкай — Віктара Войціка, Галіны Гарэлавай, вострасучаснай — Эдзі Тырманд, Вячаслава Кузняцова, Юліі Раманцовай, эстрадна-кінематаграфічнай — Яўгена Глебава, Дзмітрыя Яўтуховіча. Былі і нечаканыя адкрыцці: вакальная сатыра Мікалая Аладава “Стыляга і дзед”, тэатралізавана-харавая “Котачка” Вячаслава Пяцько, што прэтэндуе на ролю сапраўднага хіта. 

Шэсць харавых калектываў — ад школьных да капэлы “Санорус” — выступяць сёння ўвечары ў зале “Верхні горад”: выканаюць творы-пераможцы ІІІ Адкрытага конкурсу імя У.Тэраўскага, што праводзіцца Беларускім саюзам кампазітараў і выяўляе новыя творчыя імёны. 

Выбітны канцэрт “Зямля маіх бацькоў” адбудзецца 24 сакавіка ў Баранавіцкім дзяржаўным музычным каледжы. 

— Ініцыятыву, — распавёў ураджэнец Баранавічаў, кампазітар, член праўлення БСК Уладзімір Грушэўскі, які сам доўгі час выкладаў у каледжы, — выказалі самі калектывы навучальнай установы: тры аркестры (камерны, рускіх, беларускіх народных інструментаў), жаночы хор “Элегія”. Выступяць і маладыя мінскія салісты. Прагучыць музыка прадстаўнікоў усіх кампазітарскіх пакаленняў: ад мэтраў, звязаных з нашым рэгіёнам, да маладых творцаў Ганны Рудой, Лады Жытко і іншых. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ