“...Як пчала на гарачай кветцы”

Апублiкавана: 06 лютага 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: КРЭПАК Барыс

...І вось прыйшоў час, калі мы, яго сучаснікі, паплечнікі і калегі, былыя вучні, мільёны гледачоў — прыхільнікаў бліскучага таленту Майстра, праз два гады пасля адыходу непаўторнага жывапісца ў іншы свет адзначаем векавы юбілей ад яго нараджэння. На вялікі жаль, не дажыў мой дарагі сябра да гэтага дня — 5 лютага... 

Так здарылася, што мы, седзячы з ім апошнім разам у ягонай майстэрні за кілішкам, планавалі адкрыць персанальную выставу з асабістым удзелам Аўтара. Ужо і абазначалі чарнавы эскізны праект рэтра-экспазіцыі жывапісу і графікі ў Нацыянальным мастацкім музеі і імянной шчамялёўскай Мінскай гарадской мастацкай галерэі на вул. Рэвалюцыйная, 10. І нават адабралі з “загашнікаў” дзясятак ранніх твораў, якіх амаль ніхто ніколі не бачыў, і некалькі папак з малюнкамі, зробленымі алоўкам і вугалем у час доўгіх творчых паездак па краіне Саветаў. Творы канца 1950-х — пачатку 1960-х. Міншчына і Віцебшчына, Крайняя Поўнач, Каўказ і Закаўказзе, Сярэдняя Азія, Цэнтральная Расія, Прыбалтыка... Божа мой! Якія ж дзівосныя творы — “Людзі Поўначы”, “Марошка”, “Жанчыны Дагестана”, “Восень у вёсцы Пільніца”. “Таварышы”, “Ля прычала”, “Электрычка”, “Узбекістан”, “Мацярынства” (гэтая карціна потым мела вялікі поспех на беларускай выставе жывапісу ў англійскім горадзе Ноцінгеме і на ўсесаюзнай выставе “Мастацтва — дзецям” у Маскве)... 

Яшчэ Леанід прасіў паказаць у юбілейнай экспазіцыі тры жывапісныя партрэты яго пэндзля, на якіх у розныя гады нашага паўвекавога сяброўства маляваў мяне з натуры. Раней іх у экспазіцыях таксама не было... Ды і аўтапартрэты ён вельмі рэдка выстаўляў — іх у яго некалькі. А дарэмна. На гэтых палотнах — асоба, дзівосна светлая і чыстая, незаплямленая канонамі, штампамі і догмамі, часам неспакойная, імклівая, нястрыманая ў эмоцыях, часам спакойная, але на чымсьці засяроджаная. Асоба, для якой лацінскае выслоўе “Nulla dies sine linea” (Ні дня без штрыха) было крэда ўсяго яго жыцця. 

Так, у свет, створаны гэтым майстрам, уваходзіш радасна і лёгка. Гэты свет адкрыты і ўсхваляваны, мужны і празрыста чысты. Людзі ў ім вылучаюцца спакойнай прыгажосцю, дабрынёй, схільнасцю да разваг пра тое, хто мы, з якога роду-племені і куды ідзём. І наогул: калі мы нарадзіліся, дык у чым сэнс нашага жыцця? Значыць, камусьці звыш гэта было патрэбна? А калі так, дык які след мы пакінем пасля сябе? Вечныя пытанні... 

Дык вось, Шчамялёў за ўсю сваю доўгую творчую біяграфію асэнсоўваў і мінулае, і рэчаіснасць, і тое, што яму бачылася ў будучыні — там, далёка за гарызонтам быцця. І ўсяму гэтаму даваў другое жыццё, адлюстроўваючы на палотнах свае няпростыя перажыванні, горкія і салодкія ўспаміны, свой настрой, сваю бязмежную любоў да чалавека і прыроды. Мастацкая прастора Шчамялёва — гэта калейдаскоп, у якім знітоўваецца спектр самых розных колераў і адценняў. Кожнае палатно фіксуе ледзь улоўны паварот гэтага калейдаскопа: імгненне — і на экране ўжо новы свет, новыя вобразы, часам нават нязвыклыя для беларускага мастацтва. Яны нараджаліся на маіх вачах, спачатку ў майстэрні — мансардзе шасціпавярховага дома на Ленінскім праспекце, 18, потым у апошняй яго майстэрні — на трэцім паверсе дома на вуліцы Сурганава, 44. Менавіта там з’явіліся яго нечаканыя ўнікальныя карціны, прысвечаныя зімоваму адступленню Напалеона з яго Вялікай арміяй у 1812 годзе праз тэрыторыю Беларусі; дзве карціны (адна — па заказе Міністэрства культуры СССР) пра буйнога рэвалюцыянера-тэрарыста першай чвэрці ХХ стагоддзя Барыса Савінкава, арыштаванага чэкістамі ў Мінску на Нямізе 16 жніўня 1924 года. 

А побач героіка-рамантычная кампазіцыя-балада “Гуляй-поле”, мабыць, першая жывапісная рэч у савецкім жывапісе, прысвечаная правадыру сялянскага руху ва Украіне Нестару Махно, якога мастак успрымаў як вельмі значную гістарычную асобу перыяду Грамадзянскай вайны. А вось яшчэ даволі рэдкія тэмы для жывапісу: грамадзянскае пакаранне Мікалая Чарнышэўскага і разгубленыя Ленін і Дзяржынскі ў час лева-эсэраўскага мяцяжу 6 ліпеня 1918 года. Яшчэ цікавыя трыпціх “Пушкін. Імгненні вечнасці” і карціна “Ілья Рэпін у Здраўнёве”. Апошнія ўвайшлі ў вялікі цыкл палотнаў “Палітра майго часу”, за якія народны мастак Беларусі ў 2009 годзе атрымаў прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Ёсць шчамялёўскія творы і пра Івана Жахлівага, і пра першага князя ВКЛ Міндоўга, і пра паэтку Лесю Украінку, і пра Казіміра Малевіча, і пра генерал-маёра Льва Даватара, частка жыцця якіх звязана з Беларуссю... Гэта значыць ён усю інфармацыю з вонкавага свету, часам з закрытых ці паўзакрытых гістарычных крыніц, убіраў як губка і выплюхваў у сваіх карцінах. Вось у гэтым плане — у адносінах да гістарычнай праўды — сучасным мастакам ёсць чаму павучыцца ў Леаніда Дзмітрыевіча. А побач — землякі, цэлая кампазіцыйна-партрэтная галерэя: Мікалай Гусоўскі, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, сябры-аднадумцы Віталь Цвірка, Міхась Чэпік, Гаўрыла Вашчанка, Уладзімір Мулявін, Уладзімір Караткевіч, Аляксандр Кішчанка, Юрый Марухін, Пётр Драчоў, вялікая сям’я мастака — родныя і блізкія людзі... У той жа час усе гэтыя творы — частка цэласнага светаадчування жывапісца, яго позірк у гісторыю, яго надзеі на будучыню. Менавіта такая надзея была закладзена яшчэ ў сярэдзіне 1960-х у яго праслаўленым палатне “Маё нараджэнне”. 

Марошка. 1964 г.

Марошка. 1964 г.

Нягледзячы на нялёгкія жыццёвыя і творчыя перыпетыі, што выпалі на долю Леаніда Шчамялёва ў гады яго станаўлення як мастака, чаму я быў непасрэдным сведкам, лёс беражліва ахоўваў Вадаліва пад сваім надзейным крылом, не даваў яму аніводнага шанца збочыць з мастакоўскай каляіны, якую Шчамялёў абраў адразу ж пасля вайны. Відавочна, заслужыў ён гэтае права — права заўжды заставацца сабой: і са сваім віцебскім дзяцінствам; і з франтавым юнацтвам, абпаленым крывавым полымем Курскай дугі, і ў баях за Украіну і Беларусь, і потым — аж да Перамогі — у баявых паходах у складзе 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса. 

“Усё, што я ўвасабляю на палотнах, — казаў мастак, — маё жыццё. Гэта гісторыя маёй Радзімы. Гэта памяць як адно з самых запаветных паняццяў. Гэта людзі, якіх я вельмі люблю. І, канешне, — прырода, без якой не ўяўляю свайго існавання”. 

Інакш кажучы, Леанід Шчамялёў заўсёды адчуваў сябе лістом велізарнага дрэва, арганічна адчуваў яго карані, крону і ствол. Карані Бацькаўшчыны. Рэальна і іншасказальна, за межамі часу, быццам бы ў іншым вымярэнні жывуць у яго і чырвона-залацістыя снапы івянецкага льну, і вечар на сенажаці пад Ракавам, і млявыя дзяўчаты пры месяцовым святле на рацэ Ясельда, і вераснёвае золата чароўнага ліставея, і журботныя коні на пясчанай касе, і вячэрні луг у міражна-туманным малаку, і звонкая цішыня на Астрашыцкім возеры, і дрэвы, паўмываныя дажджом, і гучнае вяселле дзе-небудзь у Новым Полі ці ў мінскім дворыку, і брутальная мешаніна цёплых і халодных фарбаў, уласцівых толькі пэндзлю Шчамялёва і нікога іншага. 

Сапраўды, аглядаючы яго чароўныя пейзажныя карціны, нельга не любавацца “шчамялёўскім” бела-блакітным снегам ці шызым ранішнім туманам, і бірузовым, як акно ў космас, небам з белым сярпом месяца або цёплай ад маладога сонца вясновай зямлёй з першай зелянінай. Як гэта бліскуча намалявана! Якая разнастайная інтанацыя, як гэта лёгка і глыбока! А які чароўны водар ідзе ад яго палотнаў са свежымі ружамі, півонямі ці язмінам! Так, так— пах ад кветак, намаляваных фарбамі. Бывае ж такое, калі... уявіш. 

Сапраўды, творы Леаніда Шчамялёва дзіўна празрыстыя, і ты заўсёды бачыш: вось гэта нараджалася болем сэрца, а тое — радасцю душы. У яго няма твораў, прадыктаваных "разума холодным наблюдением", пазбаўленых хаця б часцінкі асабістай веры, пазіцыі, страсці, трывогі. На палотнах усё пераплялося: паэзія, гісторыя, гарадскія вуліцы, вясковыя рытмы, боль вайны, космас, твары, рукі, кветкі. І ўсё гэта — затоены роздум пра жыццё, пра творчасць. І глыбінны самааналіз. І спроба асэнсаваць быццё ў яго мінулым і сённяшнім. 

Але для мяне галоўная духоўная “палітра” Шчамялёва, якая шмат чаго мне растлумачыла, — не толькі пра чароўную паэзію фарбаў. Шырэй — і пра чалавека, і пра культуру наогул, і пра навакольны свет, і пра шматпакутную біяграфію краіны. Гэта якраз яго галоўны тэматычны падмурак, на якім павырастаў будынак пад умоўнай назвай “Я і Час”, пра напаўзабытае мінулае і супярэчлівае сучаснае. 

Вяселле. 1959 г.

Вяселле. 1959 г.

Яна, “палітра”, надзвычайным вобразам раскрывае яго інтэлектуальна-мастакоўскі лад. Дзякуючы ёй мастак, па сутнасці, мо сам таго не ведаючы, наогул стварыў новы жанр ускоснай жывапіснай сімфоніі-эпасу пра сябе. Вось чаму нават мала спакушаны глядач на любой выставе адразу пазнае “шчамялёўскую” рэч: яна так напісана, што скапіраваць яе вельмі цяжка, хаця некаторыя яго вучні і спрабавалі гэта зрабіць. Нават яго дочкі, прафесійныя мастакі Маргарыта і Людміла, пайшлі ў выяўленчым мастацтве зусім іншымі шляхамі, чым іхні тата. 

Пры ўсёй шматграннасці таленту, шырыні сюжэтных пошукаў, разнастайнасці жанраў, кампазіцыйных і пластычных рашэнняў Шчамялёў як жывапісец заўсёды, пачынаючы з першых палотнаў пачатку 1960-х, быў унутрана маналітным. Яшчэ ў самым першым сціплым каталогу яго выставы, прысвечанай 50-годдзю з дня нараджэння, я адзначыў гэту якасць як сэнс яго тагачаснага крэда: “Я змагаюся за непаўторна ёмісты, дынамічна-востры стыль, сугучны творчаму светаўспрыманню сучаснага чалавека”. З той пары прайшлі гады, а вось стылістычны, тэматычны і маральны стрыжань яго творчых інтарэсаў застаўся ранейшым. 

Галоўнае, ён мала мяняўся ў прынцыповых адносінах да мінулага і сучаснасці. У ім цяжка была вызначыць межы паміж жаданнем і магчымасцю ўвасаблення, паміж гарэннем і ўменнем, задумай і дасягненнем. Інакш кажучы, Шчамялёў — гэта натхнёны і парывісты пэндзаль, напоўнены страсцю і дзіўнай энергетыкай. Пэндзаль, які расплаўляў шэрую абалонку будзённасці і здабываў з бязгучных глыбінь паўсядзённасці асаблівы, хвалюючы сэнс. Менавіта такі рэдкі дар судакранання з таямнічым і запаведным насычаў творы напружаным гарэннем святла і колеру, жывымі рытмамі, музыкай пластыкі, асаблівай шчамялёўскай вобразнай структурай, непаўторнай лініяй малюнка. І не дзіўна, што ягоная палітра ў найлепшых творах поўная трапятання і пяшчоты, хвалявання і неспакою, чакання і здзіўлення. 

Вось чаму для Шчамялёва не было тэм важных і няважных, вось чаму адначасова з фігуратыўнымі кампазіцыямі ён пісаў “шматслойныя”, часам складаназлучаныя і скаладанаколеравыя карціны-пейзажы і, асабліва ў апошнія гады жыцця, шмат нацюрмортаў (алеем ці фламастарам). Бо нацюрморты, як лічыў мастак, — таксама роздум пра чалавечыя лёсы, пра тое, што аб’ядноўвае людзей на шляху да шчасця і радасці. 

Леанід Дзмітрыевіч быў чалавекам на дзіва цікаўным, дапытлівым да жыцця і да ўсіх яго праяў. Ён — надзвычайная пасіянарная асоба: моцная, глыбокая, эмацыянальная, якая ведала шмат таго, што мы і блізка не ведалі. Яго інтуіцыя здзіўляла. Як і яго любоў да застолляў з тымі, хто яго цаніў і паважаў. У сваёй майстэрні ён — раблезіянец, закаханы ў радасць жыцця, свабодны ад комплексаў, — любіў прымаць гасцей, незалежна ад іх статусу, сацыяльнага становішча, узросту, прафесіі. Каго тут толькі не бывала: мастацтвазнаўцы, журналісты, музейшчыкі, народныя і заслужаныя артысты і музыканты, літаратары, міністры, дыпламаты, канешне, мастакі розных кірункаў і поглядаў… 

Вячэрні Мінск. 2007 г.

Вячэрні Мінск. 2007 г.

Мне здаецца, Шчамялёў лепш за іншых адчуваў, наколькі хуткаплыннае жыццё. Менавіта таму ён так цаніў усё, што лёс здольны даць чалавеку, — ад высока інтэлектуальных да звычайных жыццёвых задавальненняў. Слухаць яго было асалодай. Аднак пры ўсім сваім амаль дэманстратыўным эпікурэйстве Леанід Дзмітрыевіч з’яўляўся асобай вельмі строгіх правіл: маральнай неахайнасці — ні на грам, цярпець не мог спазненняў, а ацэнкі яго былі дакладныя і, калі трэба, бязлітасныя. Радок Іосіфа Бродскага — "понимавшему жизнь, как пчела на горячем цветке" — гэта і пра яго, хаця напісаны пра іншага. 

Не было, здаецца, такой сферы жыцця, якая была б яму нецікавай. Усё, што адбывалася ў сучасным мастацтве, і тое, чаму мы былі сведкамі і ўдзельнікамі, яго глыбока хвалявала. Некалькі гадоў ён з’яўляўся членам рэдкалегіі газеты “Культура”. І не проста ганаровым членам “на паперы”, як гэта было прынята ў некаторых тагачасных выданнях, а па-сапраўднаму дапамагаў сваім аўтарытэтам павышэнню папулярнасці газеты сярод падпісчыкаў, шмат рысаваў для выдання, пісаў праблемныя нататкі, не кажучы пра тое, што заўсёды быў у курсе клопатаў журналістаў-культураўцаў. Усё, што ён рабіў, было тады вельмі інтэлектуальна і па-сапраўднаму прафесійна. У гэтым сэнсе Леанід Дзмітрыевіч быў абсалютна ўнікальным чалавекам, якіх сёння вакол нас сустрэць цяжка. 

Прымаючыся за гэтае эсэ, я падумаў пра тое, як адзначыць жанр майго сённяшняга артыкула-ўспаміна? Мне падказалі, што па-англійску “an appreciation” (удзячнасць) часам выкарыстоўваецца як азначэнне жанру, але ў нас не прывыклі пісаць артыкулы ў жанры ўдзячнасці. Тут — і ў выяўленчым мастацтве, і ў арт-крытыцы, і ў журналістыцы, і ў пісьменніцкай справе — галоўную ролю павінна граць, на мой погляд, аўтарская пазіцыя. 

Дык вось, высокая строгасць да якасці жывапісу з адказнасцю за свой аўтограф на палатне і была асабістай прафесійнай прасторай мастака. У вонкавай, скажу так, сферы ён кіраваўся выключна і адзіна правіламі цвярозага розуму. Не спрабуй палепшыць тое, што і без цябе някепска працуе. Не патрабуй ад мастака штодзённага подзвігу за мальбертам у майстэрні. Дурня не зробіш разумным, а гультаяватага — працавітым. Не можаш змяніць сітуацыю — змяні адносіны да яе. 

Важнай часткай душэўнага арганізма Леаніда Дзмітрыевіча было, мне здаецца, беспамылкова вызначыць меру ўсіх рэчаў і ўласныя каардынаты ў свеце. Таму ён умеў дакладна акрэсліць якасць сваёй і чужой творчай работы, лагодна прымаць кампліменты, дакладна адчуваў межы ўласнай папулярнасці, а таксама адносную каштоўнасць афіцыйных форм грамадскага прызнання гэтай папулярнасці. 

Сваё эсэ хачу закончыць цікавым, на мой погляд, фрагментам з маналогу Шчамялёва, які я запісаў у 2005 годзе: “Магчыма, і гэта здаецца наіўным, але я веру ў прадвызначанасць: кожны мае свой шлях у жыцці і мастацтве. Чалавек толькі рэалізуе тое, што закладзена ў ім прыродаю. Таму кожны па-свойму адчувае жыццё, мае свой жыццёвы рытм, сваю прастору, свой колер часу, свой маштаб, урэшце. У мастацтве нельга адкрыць новае, у мастацтве можна адкрыць сябе. Жывапіс — толькі адлюстраванне візуальнай зацікаўленасці светам, нават калі мастак сваім палатном гаворыць табе: паглядзі, які прыгожы заход сонца, які дзіўны твар, якія прыгожыя ружы, які асляпляльна белы снег... Добры жывапіс — гэта найперш адлюстраванне праблем духоўнага быцця чалавека, погляд мастака на сусвет, на мінулае і будучае праз прызму асабістага бачання. І не больш. Да гэтага я і імкнуся... Таму я аптыміст, люблю жыццё, і тую любоў імкнуўся перадаць у жывапісе. Упэўнены, што мастацтва павінна быць мастацтвам захаплення, хараства, надзеі. Мастацтва без любові — мёртвае. І, веру, час прыйдзе, калі мастацтва зноў будзе па-сапраўднаму патрэбна чалавеку…” 

Край Нарачанскі. 2008 г.

Край Нарачанскі. 2008 г.

Цікава, ці змянілася прынцыпова што-небудзь да лепшага за мінулае дзесяцігоддзе ў нашым выяўленчым каралеўстве крывых люстэрак? Пытанне для абмеркавання і дыскусіі... Але да творчасці Леаніда Шчамялёва, аднаго з бясспрэчных лідараў такіх змен, мы будзем звяртацца заўсёды: у любові, у радасці, у смутку — і знаходзіць калі не адкрытыя, прамыя адказы на пытанні жыцця, то, ва ўсялякім выпадку, нейкую асабістую маральную сугучнасць свайму сэрцу. Таму што яго жывапіс не толькі ўнікальны факт нацыянальнай культуры, але і фактар, які вызначае і фарміруе своеасаблівасць духоўнага свету беларусаў другой паловы ХХ — першай чвэрці XXI стагоддзяў. І для нас, і для нашых нашчадкаў — і гэта галоўнае — ён як Асоба-Дэміург застаецца назаўсёды вечна жывым і непаўторным, як і яго нятленныя палотны... 

Барыс КРЭПАК