Жыццё ў рытме танца

Ісці да сваёй мэты, нягледзячы на перашкоды! Менавіта такім дэвізам кіруецца артыстка Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі Ірына Краўцова. У свае 25 гадоў дзяўчына мае вышэйшую катэгорыю артыста балета. Яна пабывала на гастролях у Расіі, Кітаі, Германіі ды іншых краінах свету. Пра тое, як спасцігаць далей вяршыні творчасці, развівацца ў мастацтве, удасканальвацца, не страчваючы запалу і цікавасці да любімай справы, як узрасціць у сабе сапраўднага прафесіянала, расказвае гераіня рубрыкі. 

МАРЫЛА СТАЦЬ… ДЫРЭКТАРАМ 

Як успамінаюць родныя артысткі, маленькая Іра была спакойнай дзяўчынкай і не праяўляла цікавасці да творчых гурткоў. Але ля дома быў дзіцячы садок, непасрэдна звязаны з гімназіяй-каледжам мастацтваў Бабруйска. Таму з танцам наша гераіня пазнаёмілася з ранніх гадоў. А на пытанне: “Кім ты хочаш стаць, калі падрасцеш?” — адказвала нестандартна і амбіцыйна. 

Але ж даведаемся пра ўзяцце танцавальнага Алімпу ад самой Ірыны. 

— Я марыла быць дырэктарам кандытарскай кампаніі “Чырвоны харчавік”, бо вельмі любіла прысма- кі. У асяроддзі маіх сваякоў ніхто ніколі не танцаваў і не быў звязаны з мастацтвам, таму можна лічыць мяне першапраходцам у гэтым плане. Пры паступленні ў гімназію-каледж мастацтваў я не вылучалася выдатнымі здольнасцямі, да сёмага класа мела астэнічны склад цела, рукі і ногі падчас рэпетыцый працавалі паасобку, а галава не цяміла. Але з пераходным узростам усё змянілася і пачаўся бесперапынны прагрэс, якога я дасягнула дзякуючы штодзённым рэпетыцыям. Адказнасць, працаздольнасць, жаданне выканаць усё на вышэйшым узроўні — якасці, якія былі прывітыя мне з юных гадоў. Дарэчы, менавіта ў гэты перыяд пачалася мая канцэртная дзейнасць. Дні горада, усім вядомы фестываль “Вянок дружбы”, самыя відовішчныя мерапрыемствы і паездкі за мяжу — усё гэта было неад’емнай часткай майго творчага станаўлення. Наш калектыў рэгулярна выступаў на галоўнай культурнай пляцоўцы Бабруйска — у Палацы мастацтваў. Калі казаць пра асабістыя ўзаемаадносіны, то самае моцнае сяброўства, першая закаханасць перажываліся таксама ў рамках танцавальнага працэсу. 

ПЕРШАЯ КАМАНДЗІРОЎКА  

Сярэднюю прыступку адукацыі наша гераіня скончыла з чырвоным дыпломам. Пакідаючы гімназію-каледж мастацтваў, у сваім багажы дзяўчына назапасіла не толькі агульнаадукацыйныя веды, але і асновы класічнага, сучаснага, бальнага і беларускага танцаў. Маючы на руках дакумент аб размеркаванні, Ірына сур’ёзна была настроеная атрымаць вышэйшую адукацыю завочна. Аднак і тут сустрэлася з пэўнымі цяжкасцямі. 

— Першапачаткова хацела паступіць у БДУФК на спецыяльнасць “спартыўна-турыстычная дзейнасць”. Але перашкодай стала адсутнасць у мяне пра- цоўнай кніжкі. За некалькі дзён да канца ўступнай кампаніі я была разгубленая, бо не ведала, на якім універсітэце спыніць выбар. Абапіраючыся на свой дыплом, вырашыла паспрабаваць сябе ў БДУКІМ — і не прагадала. Літаральна за тры дні я падрыхтавалася да творчых іспытаў і ў выніку паступіла на бюджэт. Паралельна з завочным навучаннем ва ўніверсітэце працавала па размеркаванні ў Беларускім дзяржаўным ансамблі народнай музыкі “Свята”. Але ж ансамбль гэты — вакальна-інструментальны, і ў нас было толькі дзве танцавальныя пары, таму падчас выступленняў даводзілася граць на бубне, танцаваць і спяваць. Памятаю выпадак, калі на справаздачным канцэрце я нават праспявала партыю прыпевак. За два гады мы з ансамблем “Свята” шмат гастралявалі і аб’ездзілі ўсю краіну — ад буйных рэгіёнаў да маленькіх гарадоў. Між тым ніколі не забуду сваю першую камандзіроўку ў Лаос у рамках Дзён культуры. Мне было 17 гадоў, і на той момант я ніколі не лятала на самалёце, а тут — адразу з трыма перасадкамі. Пасля гэтага пералёты мяне не палохаюць. Нас гасцінна сустрэлі і захоплена ўспрынялі нашу культуру і танец. 

МАЛАДЫ СПЕЦЫЯЛІСТ: ДУБЛЬ ДВА 

Ужо шэсць гадоў Ірына Краўцова танцуе у Дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца Беларусі і мае ганаровую вышэйшую катэгорыю артыста балета. У 16 гадоў дзяўчына ўпершыню праходзіла кастынг у ансамбль разам з аднакласніцамі, але ўсе атрымалі адмову. Пазней наша гераіня зразумела: гэта стала своеасаблівым трамплінам паспрабаваць свае сілы яшчэ раз. 

— Паралельна з працай у “Свяце” я брала ўрокі класічнага танца для падтрымання формы ў Дзяржаўным ансамблі. Абодва калектывы знаходзяцца ў адным будынку, і аднойчы я ў ліфце сустрэлася з Валянцінам Уладзіміравічам Дудкевічам, мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. Вынікам выпадковай сустрэчы стала тое, што я прыйшла на пробы ў другі раз і была прынятая ў калектыў. 

“Не бойцеся ў цяжкі момант апусціць рукі, бо абавязкова настане час, калі яны паднімуцца”.

Па адчуваннях, я атрымала статус маладога спецыяліста дубль два. Чаму? У ансамблі “Свята” набыла больш досведу па артыстызме, навучылася даносіць да гледача эмоцыю мімікай, жэстам, характарам. А вось танцавальную планку трэба было падцягваць. Гэта не стала вялікай праблемай: у працоўны працэс я ўлілася літаральна за паўгода і стала часткай асноўнага канцэртнага складу. Вядома, тут адыграў ролю набыты ў “Свяце” вопыт. Пасля пайшоў хуткі прафесійны рост — і мне ўжо даручалі сольныя партыі. Напрыклад, у сольным канцэрце, дзе мы працуем поўную праграму, я задзейнічана ў сямі-васьмі нумарах. 

ПУЦЁЎКА Ў ВЯЛІКІ СВЕТ 

Разам са сваім калектывам Ірына ўдзельнічае у самых значных культурных мерапрыемствах краіны. Аднак менавіта пасля прыходу ў Дзяржаўны ансамбль танца ў яе з’явілася магчымасць бываць у працяглых камандзіроўках. Кожная з іх адрознівалася не толькі кропкай на карце, але і досведам, які дзяўчына набывала ў паездках. 

— Першая самастойная камандзіроўка была ў 2018 годзе, калі я адправілася ў Германію, у горад Кёльн, каб выступаць у складзе цыркавога балета. На працягу месяца мы паказвалі па 2-3 шоу за дзень. Гэта адбывалася напярэдадні Калядаў, таму ўспаміны здаюцца казачнымі. 

Дзякуючы таму, што ў адным месцы можна знайсці прафесійных танцораў, да нас звярнуліся арганізатары тэатралізаванага цыркавога прадстаўлення ў Кітаі. Гэтыя два з паловай месяцы былі насычаныя эксперыментамі, бо ў нумарах даводзілася ўвасабляць матылька, дрэва і нават водарасць. Летась тры месяцы я працавала ў Сочы-парку ў складзе балета цырка Нікуліна. Таму мяне ў нейкай ступені можна лічыць і цыркавым артыстам. 

Але да гэтага часу маімі любімымі выступамі застаюцца нашы сольныя канцэрты ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якія праходзяць 3-4 разы на год. Мы доўга і старанна да іх рыхтуемся і ўспрымаем як свята для сябе. Бо ў зале збіраецца шмат нашых прыхільнікаў, а таксама родных і знаёмых, якія глядзяць на цябе іншымі вачамі, — праз гэта ствараецца неймаверная, чароўная атмасфера. Дарэчы, падчас выступу на сцэне я амаль не заўважаю гледача. Калі працуеш поўную праграму, дык пад канец амаль не застаецца ніякіх сіл. І тут гучаць апладысменты… Тады адчуваеш магутную хвалю энергіі і ўсведамляеш, дзеля каго ты так шмат выкладаешся. 

ДЗЕЦІ ЗАРАДЖАЮЦЬ АСАБЛІВАЙ ЭНЕРГІЯЙ 

Паўтара года таму Ірына вырашыла далучыцца яшчэ і да працы з дзецьмі. Яна вучыць сучаснаму танцу юных талентаў ва ўзросце ад трох да дзесяці гадоў. — Дзеці зараджаюць асаблівай энергіяй, якая, у сваю чаргу, натхняе працаваць з яшчэ большым імпэтам. Мы рэгулярна ўдзельнічаем у конкурсах. Як педагог я раблю ўпор на ўсебаковае развіццё, часам магу быць строгай, але вучні адчуваюць маю любоў і падтрымку, таму адказваюць тым жа. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні