Авангард тэатральнай моды

Апублiкавана: 30 сакавiка 2023 Стужка Тэатры Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская ў вызначэнні творчага амплуа скача ад печкі, то-бок ад назвы. "Маладзёжны" — значыцца, ствараць яго павінны маладыя для маладых. Аб гэтым яна заявіла яшчэ чатыры гады таму, толькі стаўшы мастацкім кіраўніком. З тых часоў шмат чаго памянялася. Пра тэатр загаварылі. Тут багата новых пастановак. І ўсе — арыгінальныя, аўтарскія, розных жанраў.

А творчы калектыў імкнецца здзіўляць. Нават канцэртамі, якія традыцыйна чакаюць ад тэатра эстрады. І яшчэ тут актыўна эксперыментуюць, укараняюць розныя новаўвядзенні. 

— Наш тэатр з’яўляецца базай для пошуку новых талентаў, — дадае Уладзіслава Арцюкоўская.— Кожны год мы робім кастынгі. Часам і па некалькі разоў. У нас працуюць зусім маладыя людзі, учарашнія выпускнікі, артысты, якія шукаюць сябе. Далучаем іх да новых спектакляў, канцэртаў. Сёлета будзе пастаноўка, дзе задзейнічаны толькі нашы маладыя таленты. 

Тэатр актыўна гастралюе — як на вялікіх сталічных сцэнах, так і ў глыбінцы. Тут нават ёсць спецыяльныя праекты для сельскіх клубаў. Гэта міні-пастаноўкі з песнямі ды інтэрактывам. Штогод калектыў таксама рыхтуе адмысловыя праграмы для выпускнікоў школ. Гледачы прыходзяць на іх з задавальненнем, каб паслухаць артыстаў беларускай эстрады. На вясну запланаваны старт новага праекта — хору “Квадрат у квадраце”. 

Па словах Уладзіславы Арцюкоўскай, яшчэ адной важнай місіяй пасля пошуку маладых артыстаў з’яўляецца падрыхтоўка рэжысёраў. Цяпер у тэатры працуюць чатыры рэжысёры-выпускнікі. Іх прыцягваюць да ўдзелу ў рэалізацыі шырокамаштабных дзяржаўных праектаў. Маладыя спецыялісты маюць магчымасць назапашваць досвед побач са старэйшымі таварышамі і рабіць уласныя напрацоўкі. 

Чатыры гады таму новапрызначаны мастацкі кіраўнік заўважыла, што рэпертуар тэатра і, адпаведна, яго публіка не зусім дапасоўваюцца да назвы “Маладзёжны”. Сёння ад ранейшага рэпертуару не засталося амаль нічога — тут ідуць зусім новыя пастаноўкі. Гэта вельмі розныя праекты, і публіка завітвае розная. А зала заўсёды поўная, білеты добра прадаюцца. 

Маладзёжнаму тэатру эстрады ў некаторым сэнсе пашанцавала, лічыць Уладзіслава Арцюкоўская. Бо гэты шырокі жанр дазваляе любыя эксперыменты. 

— Цяпер эксперыментуюць многія, — кажа яна. — У тым ліку гледзячы на нас. Мы паставілі рок-оперу — і астатнія ўслед за намі. Мы пацягнуліся да джаза і імерсіўнасці — іншыя перанялі. Прыемна, што мы сталі заканадаўцамі тэатральнай моды. Але наколькі наша разнастайнасць дарэчная на іншых сцэнах — пытанне. Хацелася б, каб кожная трупа захоўвала сваю жанравую асаблівасць і ўнікальнасць. 

Патрапіць “у яблычак”, арыентуючыся на густы моладзі, складана. Напрыклад, па прызнанні Уладзіславы Ігараўны, музыку сучасных падлеткаў можна ахарактарызаваць як “вельмі дзіўная папса”. Але ж Маладзёжнаму тэатру ўдаецца дагадзіць юнай публіцы! Як? За кошт уцягвання гледачоў у творчы працэс. 

— Мы ізноў жа прытрымліваемся прынцыпу “музыку для маладых робяць маладыя”, — падзялілася ноў-хаў мастацкі кіраўнік. — У нас ёсць Martwin, які каціруецца ў юнацтва, — трэкі ў сацсетках збіраюць па 100 тысяч праглядаў. Мы выкарыстоўваем яго нумары ў сваіх пастаноўках. Ён і маладая выканаўца Zina Bless, якая таксама паспела заваяваць вядомасць, летась выступілі з нашым фестывалем “Вытокі” ў шасці буйных гарадах Беларусі. А нядаўна мы ўзялі зусім юную Насцю Дранікаву. Будзем з ёю працаваць. Мы даём маладым талентам магчымасць паказваць сябе публіцы і набіраць аўдыторыю. Гэта наш шлях. 

Уладзіслава Арцюкоўская кажа, што на кастынгах заўсёды звяртае ўвагу на моладзь, якая прыходзіць са сваім, аўтарскім рэпертуарам. Бо яны ўжо прыклалі намаганні, маюць сур’ёзны намер дабіцца чагосьці большага. Такім мастацкі кіраўнік найперш дае шанц рэалізавацца. І ў тэатры маладыя артысты эстрады атрымліваюць больш магчымасцей, чым нават на тэлешоу, бо там іх пакажуць пару разоў, а тут яны працуюць на публіцы амаль кожны дзень — выступаюць на канцэртах, гастралююць. 

Сёння тэатры жывуць ва ўмовах, калі трэба рабіць камерцыйныя праекты, трэба зарабляць грошы. А рэалізаваць ідэю, якая адначасова была б актуальнай і прываблівала гледача, складана. Але ў Маладзёжным гэта атрымліваецца: сёлета тут плануюць паставіць спектакль, у якім узнімуць патрыятычную тэматыку. Новая пастано ўка будзе заснавана на рэальных падзеях, што адбыліся з ваенным контрразведчыкам, які служыў на Віцебшчыне ў час Вялікай Айчыннай вайны. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва гераіні