“Мы любім нашу краіну і ўслаўляем яе”

Апублiкавана: 06 красавiка 2023 Стужка Музыка Мінск Год міру і стварэння

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Валянціна Іванаўна Кандрацьева — чалавек, вядомы многім сваёй сумленнай, прынцыповай пазіцыяй. Яна стварыла і прывяла да вяршынь майстэрства заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль песні і танца “Медуніца” Магілёўскай абласной філармоніі. У чым сакрэт поспеху і як папулярызаваць народную культуру, мастацкі кіраўнік расказвае ў рубрыцы “Ствараем разам”. 

— У нашым калектыве працуюць 22 артысты. Усіх аб’ядноўвае любоў да народнай песні і народнага танца. Мінулы год быў для ансамбля досыць плённым. Мы рэгулярна выступалі на гарадскіх святах і выязджалі ў аграгарадкі вобласці. Паралельна вялі падрыхтоўку да справаздачнага канцэрта. Ён атрымаў назву “Шчодры вечар” і аб’яднаў як традыцыйныя, так і новыя народныя песні Прыдняпроўскага краю. 

Асабліва хочацца адзначыць выступленні “Медуніцы” на сусветнай выставе навукова-тэхнічных і тэхналагічных дасягненняў “Экспа-2022” у Дубаі. Мы далі больш за 50 канцэртаў у беларускім нацыянальным павільёне. Пры тэмпературы паветра больш за +40 градусаў выступаць было цяжка. Але мы стараліся, бо прадстаўлялі краіну. Дарэчы, да той паездкі ансамбль падрыхтаваў адмысловы нумар на арабскай мове, і ён карыстаўся вялікай папулярнасцю ў гледачоў. 

Распавядаючы пра нашы дасягненні, трэба згадаць і леташні вялікі канцэрт у беларускай амбасадзе ў Маскве. Там у праграме “Мы разам ішлі да Перамогі” былі прадстаўленыя песні ваенных гадоў. Напрыканцы выступлення гледачы спявалі разам з намі, уставалі, у многіх на вачах былі слёзы. 

А з сольным канцэртам “Купалле — водар медунічны” мы выступілі на Рэспубліканскім свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). Падрыхтавалі яго спецыяльна для гэтага фестывалю. Нашы артысты паказалі фальклорныя песні, танцы, карагоды, інструментальныя творы — усё, што ярка прадстаўляе беларускі фальклорны каларыт. 

Увогуле ніводнае буйное мерапрыемства, якое ладзіцца на Магілёўшчыне, не абыходзіцца без выступленняў нашага калектыву. Усе нашы дасягненні сталі магчымымі дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры і ўпраўлення культуры аблвыканкама. Мы, са свайго боку, імкнёмся творча падходзіць да справы і быць на вышыні. Мы любім нашу Беларусь і ўслаўляем яе сваім мастацтвам. 

— У вас філарманічны калектыў народнай песні і танца. Адкуль бераце кадры? 

— Ансамбль уключае вакальную, харэаграфічную і інструментальную групы. Да нас прыходзяць маладыя людзі па размеркаванні. Як правіла, гэта іх першае месца працы. У нашым калектыве ёсць выпускнікі і Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 

— Калісці народныя песні і танцы былі абавязковай часткай сямейных урачыстасцей. А сёння на вяселлі, напрыклад, ужо ніхто польку станцаваць не можа. У чым прычына? 

— Я з’яўляюся стваральнікам нашага калектыву і шмат гадоў працую з народнымі песнямі і танцамі. У 2003-м мы першымі ў Магілёўскай вобласці атрымалі званне “Заслужаны аматарскі калектыў”. У 2020-м сталі заслужаным прафесійным. А цяпер сутыкнулася з праблемай: многія людзі, асабліва моладзь, не ведаюць ні народных танцаў, ні песень. 

Раней нам гледачы падпявалі, падчас масавых свят на адкрытых пляцоўках танцавалі. А цяпер, проста дзіўна, на канцэрце іншы раз у цэлай зале няма нікога, хто ведаў бы словы самых, здавалася б, папулярных беларускіх песень. Людзі не ведаюць нават самых простых рухаў нашай лявоніхі. 

Ансамбль песні і танца "Медуніца" падчас выступу

Ансамбль песні і танца "Медуніца" падчас выступу

Магчыма, прычына ў тым, што на тэлебачанні, радыё мала гучыць беларуская народная музыка. Эфір запоўнены расійскай эстрадай. Мы ўсе ў Беларусі паважаем рускую культуру і мову, яны — неад’емная частка нашага жыцця. Але нам трэба захоўваць ды ўмацоўваць стрыжань беларускай нацыянальнай культуры. Бо аўтэнтычны пачатак, які аб’ядноўвае народ і быў яшчэ вельмі моцным у нашых дзядуль-бабуль, сёння, на жаль, ужо амаль не праглядаецца ў людзях. 

— А што вы думаеце пра тое, каб увесці ў школьную праграму ў якасці абавязковага прадмета вывучэнне беларускіх народных танцаў і песень, каб вучні атрымлівалі адзнакі за засваенне нашай культуры і нашых традыцый? 

— Думаю, было б добра, каб на ўроках музыкі ў пачатковай школе фармавалася грамадзянская культура. Народныя песні і танцы — яе неад’емная частка. Пакуль жа азнаямленне школьнікаў малодшых класаў з народнымі традыцыямі мае рэкамендацыйны характар. Часцяком гэта выконваецца фармальна і не дае выніку. 

Мы хуткімі тэмпамі губляем пласты народнай харэаграфіі і народных спеваў. І нават традыцыі акадэмічных спеваў губляем! Раней у Магілёве акадэмічныя хоры былі практычна ў кожнай установе культуры. Нават у заводскіх клубах! Цяпер засталіся, па сутнасці, толькі прафесійныя акадэмічныя хоры… У выніку падчас уступнай кампаніі няма конкурсу на адпаведных аддзяленнях у каледжах мастацтваў і ва ўніверсітэце культуры. 

— У адсутнасці попыту на гэтыя спецыяльнасці, напэўна, ёсць і іншыя прычыны? 

— Так. Калі я прыходжу на размеркаванне ў каледж, у выпускнікоў першае пытанне: “Які заробак?” 

Чым прывабліваем моладзь? Адзінае, што мы можам і робім, — гэта вырашэнне жыллёвага пытання і стварэнне ўмоў для творчасці. Але жыллё, якое мы даём, — службовае. Нашы заробкі не дазваляюць узяць крэдыт на будаўніцтва ўласнага. 

Пры гэтым моладзь сёння актыўная і сур’ёзная. Многія дзяўчаты ўжо падчас вучобы ў каледжы мастацтваў атрымліваюць на курсах спецыяльнасці цырульніка, майстра макіяжу або манікюру, што прыносіць хуткія грошы. І ідуць працаваць у сферу паслуг. Мы гэтую моладзь губляем. 

На жаль, мноства таленавітых юнакоў і дзяўчат, творча адораных ад прыроды, вучыцца сёння ў тэхнічных і эканамічных ВНУ па спецыяльнасцях, якія даюць магчымасць добра зарабляць. Я, як сябра журы шматлікіх конкурсаў студэнцкай самадзейнасці, ведаю гэта добра. 

— Паняцце культуры вельмі шырокае. Але менавіта беларуская народная культура ляжыць у падмурку ідэалогіі нашай дзяржавы. Адпаведна, яе захаванне і развіццё — пытанне ідэалагічнае? 

— Так, і мы працягваем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб прапагандаваць беларускую народную культуру. 

Віктар ГАЎРЫШ 

Фота з архіва філармоніі